Андрэй Юркоў звярнуўся ў Дрыбінскі райвыканкам з лістом, у якім патрабуе прыбраць савецкую зорку з елкі, усталяванай у мястэчку да Новага года.
"Надыходзіць светлае свята Нараджэння Хрыстова, але на галоўнай елцы Дрыбіна ўсталяваная не Калядная зорка, а чырвоная савецкая. Пад гэтай зоркай былі закатаваныя тысячы святароў і разбураныя тысячы храмаў за савецкім часам", – адзначыў у сваім лісце Юркоў і запатрабаваў ад мясцовых уладаў прыняць адпаведныя меры.
Копію звароту грамадскі актывіст размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбук. Дарэчы, галоўная елка краіны на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ўпрыгожана менавіта каляднай зоркай.
Андрэй Юркоў быў кандыдатам у дэпутаты ад Горацкай акругі (у яе ўваходзяць Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны) падчас парламенцкай кампаніі гэтага года.