Да канца гэтага года ў праваслаўнай царкве Ушэсця (па-руску: Вознесения) у вёсцы Мазалава пакрыюць вялікі купал нітрыд тытанам, які імітуе колер золата, а таксама даробяць дах. Плануецца, што яшчэ паспеюць завяршыць вонкавыя работы. Грошы на ўсё гэта збіраюць праз мясцовы дабрачынны Фонд аднаўлення архітэктуры.
Сёлета ля храма з'явілася стаянка для аўто. Справа ў тым, што многія паломнікі прыязджаюць сюды з розных гарадоў і нават краін па ваду, якая б'е з крыніц побач. Над адной з іх узведзена драўляная купель.
Вёска Мазалава знаходзіцца ў Мсціслаўскім раёне прыблізна пасярэдзіне паміж райцэнтрам і Ходасамі. Даехаць туды можна на машыне па трасе Р-73 (10 км на паўднёвы-захад ад Мсціслава). У другой палове XIV ст. тут быў заснаваны Мазалаўскі манастыр. Яго знішчылі камуністы пасля рэвалюцыі. Усё, што засталося ад былой святыні, гэта летняя царква.