пан, 9.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Каталікі адзначылі 10-годдзе адраджэння парафіі ў Горках

19.09.2016 – 11:14 | 1629

"Карыстаючыся аналогіяй з сельскагаспадарчай акадэміяй, неабходна, каб ваш горад стаўся таксама духоўнай акадэміяй, якая будзе выхоўваць людзей на вечна жывых і нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях". Гэта словы з прамовы, з якой звярнуўся да горацкай каталіцкай супольнасці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які наведаў наш горад з нагоды юбілею мясцовай парафіі.

У суботу 17 верасня на завулку Валадарскага было шматлюдна – парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках споўнілася 10 гадоў. Падчас адзначэння была ўрачыстая святая Імша, супольны пачастунак, выступ хрысціянскага гурту Laudans, віктарына “Што? Дзе? Калі?" на тэму гісторыі Горацкай парафіі, а таксама Касцёла на Магілёўшчыне.

Прагучала песня да Маці Божай Бялыніцкай 1761 года, якую ксёндз Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі ў Горках, адшукаў у дакументах да каранацыі гэтага абраза. Словы песні былі перакладзены з польскай мовы на беларускую Марыяй Новікава, арганісткай мінскага касцёла святых Сымона і Алены.

Да вернікаў звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: "Дзякуючы святарам, якія пасля адраджэння парафіі працавалі тут, рэлігійнае жыццё ў горадзе Горкі пачало адраджацца. Асабліва хачу падзякаваць кс. Андрэю Кеўлічу, які не толькі энергічна займаецца арганізацыяй душпастырства, але і шмат клапоціцца пра належныя ўмовы яго ажыццяўлення. Дзякуючы яго старанням у парафіі з’явілася капліца, дзе вернікі могуць сустракацца з Богам".

Поўны тэкст прамовы мітрапаліта на свяце ў Горках можна прачытаць на сайце catholic.by.

Як адраджалі парафію ў Горках?

Дакладная дата заснавання каталіцкага парафіі ў Горках невядомая. З упэўненасцю можам сказаць, што ў 1676 годзе тут існавала супольнасць мясцовых каталікоў. У 1697 годзе ў горадзе дакладна працаваў касцёл, а з XVII ст. – грэка-каталіцкая прыхадская школа пры падтрымцы Льва Сапегі. 15 лістапада 1865 года царскія чыноўнікі ліквідавалі ў Магілёўскай губерні 19 касцёлаў, у тым ліку і Горацкі.

14 лістапада 2006 года біскуп Антоні Дзям’янка, у той час Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падпісаў дэкрэт аб утварэнні ў Горках парафіі Маці Божай Бялыніцкай. Аднак зарэгістраваць парафію ўдалося толькі ў маі 2007 года. Першым месцам малітвы быў прыватны дом у Горках. Потым доўгі час супольнасць збіралася на набажэнствы ў парафіяльным доме. І толькі праз восем гадоў пасля рэгістрацыі парафіі ў Горках з’явілася капліца (быў набыты зямельны надзел з будынкам, які і перабудавалі пад капліцу). У верасні 2015 г. яе асвяціў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Тут выпускаецца парафіяльны бюлетэнь "Эмаус", у парафіі ёсць свой сайт.

Антон Валадзько, фота: Аляксандр Храмко

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email