"Летапісец зямлі Горацкай" – так называецца кніжная выстава ў Магілёўскай абласной бібліятэцы, прысвечаная юбілею вядомага краязнаўца і навукоўца Уладзіміра Ліўшыца, стваральніка краязнаўчага музея ў нашым горадзе, аўтара шматлікіх выданняў пра гісторыю Горак, Горацкага раёна і БДСГА.
На выставе ў аддзеле беларускай і краязнаўчай літаратуры можна пабачыць не толькі выданні юбіляра, але і матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць.
На сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі размешчаны размешчаны электронныя копіі кніг Уладзіміра Ліўшыца:
- "Горкі: старонкі гісторыі" (Мінск, 2007),
- "Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія: гісторыя і сучаснасць. Ч. 1" (Горкі, 2010),
- Горацкая студыя "Аршанскага маладняка" (1926—1928 гг.). Кароткі нарыс аб гісторыі стварэння і дзейнасці" (Горкі, 2013),
- "Гордость и слава Горецкой земли. В 3-х книгах. Книга 1. Знаменитые земляки — ученые" (Горки, 2013),
- "Гордость и слава Горецкой земли. В 3-х книгах. Книга 2. Земляки — Герои Советского Союза, генералы Вооруженных сил и Министерства внутренних дел СССР " (Горки, 2014),
- "С Горками и академией связаны судьбой (события, люди и дела). Заметки краеведа" (Горки, 2013).
Смотрите по теме: Владимиру Лившицу – 70 лет. "Он сделал музей центром культурной жизни Горок"
Даведка
Уладзімір Маісеевіч нарадзіўся ў г. Красны Кут Саратаўскай вобласці Расіі. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (1969). З 1972 г. працаваў у БСГА асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры філасофіі і паліталогіі, прафесарам кафедры гісторыі дзяржавы і права. Заснавальнік і першы дырэктар Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея (1998—2005). З 2005 г. — рэдактар часопіса "Вестник БГСХА". Па яго ініцыятыве ў Горках у 1992 г. прайшлі першыя Гарэцкія навуковыя чытанні; удзельнічаў у стварэнні музея-сядзібы М. Гарэцкага ў в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. Адзін з аўтараў калектыўнай манаграфіі аб БДСГА, якая выйшла да 150-годдзя з дня заснавання ВНУ. Арганізатар і старшыня Горацкага раённага краязнаўчага таварыства "Бацькаўшчына", Горацкага раённага культурна-асветніцкага яўрэйскага таварыства імя Б. Іофэ.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1996), Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (2006), медалём "60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945" (2005), Ганаровымі граматамі Міністэрстваў культуры, сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі Рэспублікі Беларусь (1996—2006). З 2007 г. жыве ў Ізраілі ў горадзе Нацрат Іліт, займаецца літаратурнай і навуковай працай.
Аўтар больш як 50 кніг і брашур, 650 артыкулаў па філасофіі, паліталогіі, сацыялогіі, гісторыі Горак, гісторыі аграрнай адукацыі і навукі Беларусі, гісторыі БДСГА, этнаграфіі і літаратуразнаўству і інш.