пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Жыццё па Грынвічы, або Як працуюць метэаролагі ў глыбінцы

25.10.2015 – 11:03 | 899

Пра надвор’е дакладна ведаю адно: калі перадалі пра ападкі, а ты забыўся парасон, дождж абавязкова пойдзе. Заўсёды спрацоўвае. Да прагнозаў надвор’я беларусы ўвогуле ставяцца з недаверам: навінам варта адзін раз не спраўдзіцца — і метэаралогію ўжо лічаць такой жа несур’ёзнай справай, як варажбу на кававай гушчы. І дарма. Прырода, вядома, рэч непрадказальная, але метэаспецыялісты праводзяць шмат даследаванняў, каб мы ведалі, што нас чакае заўтра. Прагнозы рыхтуюць абласныя і рэспубліканскія сіноптыкі, а інфармацыю для «прадказанняў» атрымліваюць з мясцовых станцый (іх у нашай краіне больш за паўсотні). Каб паглядзець, як збіраюць факты для навін пра будучыню, карэспандэнты «Звязды» выправіліся ў раён — на Горацкую аграметэаралагічную станцыю.

 

Самы лепшы прыбор — спрактыкаванае вока

На станцыю мы прыехалі шэрым дажджлівым днём. Для нас — дрэннае надвор’е, а для метэаролагаў — дадатковая праца. На вуліцы, на агароджанай метэапляцоўцы, стаяць прыборы, якія збіраюць інфармацыю пра наваколле. Кожныя тры гадзіны спецыялісты здымаюць цэлы шэраг паказчыкаў: тэмпература і адносная вільготнасць паветра, хуткасць і напрамак ветру, ціск на станцыі і на ўзроўні мора, працягласць сонечнага ззяння, выпарэнні з воднай паверхні.

Пачаўся дождж, змянілася яго інтэнсіўнасць ці ўвогуле высыпаў град — трэба адзначыць. Тэмпературу глебы (карысная для камунальнікаў інфармацыя) вымяраюць з дапамогай глыбінных тэрмометраў. Самы вялікі з іх знаходзіцца на глыбіні больш за тры метры. На наша (ды і метэаролагаў) шчасце, на пляцоўцы ёсць аўтаматычная станцыя, якая ўсе паказчыкі выводзіць на экран камп’ютара, і не трэба здымаць іх самастойна з кожнага прыбора, таму мы хутчэй ідзём у будынак хавацца ад дажджу. Хоць кожны дзяжурны ўмее збіраць інфармацыю «ўручную» — станцыя павінна працаваць нават у экстрэмальных умовах. Тым больш некаторыя даныя можа вылічыць толькі спрактыкаванае вока спецыяліста.

— Воблачнасць адсочваем самі. Нават вышыню аблокаў можам візуальна вызначыць, — кажа начальнік Горацкай аграметэастанцыі Тамара ШУЛЯКОВА, якая працуе тут ужо 20 гадоў.

Атрыманую інфармацыю спецыялісты па надвор’і шыфруюць і дасылаюць тэлеграмай у Гідрамет сіноптыкам. У адказ на наша пытанне, якім будзе лета, жартуюць: пра гэта ведаюць толькі ў нябеснай канцылярыі. Нават самы дасведчаны сіноптык не бярэцца «прадказваць» дакладнае надвор’е больш чым на месяц. На тыдзень ці тры дні — калі ласка. А вось што будзе заўтра, ведаюць з дакладнасцю ў 98 працэнтаў

 

Палявы дазор

На мясцовай станцыі (яна была адкрыта больш за 170 гадоў таму), акрамя метэаспецыялістаў, працуюць і аграметэаролагі. Ездзяць на суседнія палі і назіраюць за тым, як надвор’е ўплывае на рост раслін, ад пасеву да ўборкі. У полі зроку — гародніна (бульба, капуста, морква), яравыя і азімыя культуры. Сабраную статыстыку перадаюць упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і самім гаспадаркам. Усе назіранні за раслінамі горацкія спецыялісты занатоўваюць у кніжкі, па якіх потым у сталіцы рыхтуюцца даведнікі для аграномаў і дачнікаў.

Бывае, аналіз надвор’я дапамагае сялянам даказаць, што прычына неўраджаю — прырода, а не іх халатнасць. Тамара Валянцінаўна ўспамінае, як летась у адным з суседніх раёнаў загінуў рапс:

— Думалі, быццам ад вымярзання. Аднак рапс — холадаўстойлівая культура, а маразы ў тым годзе былі не настолькі моцныя. Значыць, падзейнічаў іншы фактар. Потым высветлілі, што паўплывала восеньская засуха: у нашым і Дрыбінскім раёнах, дзе пасевы ўзышлі, у гэты час былі ападкі, а ў Шклове (там амаль усё загінула) — не.

Станцыя супрацоўнічае і з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Напрыклад, разам з навукоўцамі-селекцыянерамі метэаролагі вывучаюць, як фактары надвор’я ўплываюць на розныя гатункі насення. Па словах Тамары Валянцінаўны, менавіта такія даследаванні дапамаглі павысіць ураджайнасць. Калі раней у сярэднім збіралі 16 цэнтнераў збожжа з гектара, а за 40 цэнтнераў аграномам давалі званне Героя Сацыялістычнай Працы, то цяпер гэта невялікія лічбы. У асобных гаспадарках ураджайнасць збожжа сёння дасягае 60-70 цэнтнераў з гектара.

Для кафедры кормавытворчасці і захоўвання прадукцыі раслінаводства метэаролагі назіралі ўзімку за канюшынай. Культура карысная, але вельмі «пераборлівая»: год-два на полі квітнее, а потым знікае. Таму трэба было праверыць, як яна пераносіць маразы. На станцыі праводзілі доследы: адзін участак з канюшынай хавалі пад снегам, на іншым пакідалі толькі маленькі слой ападкаў, а трэці цалкам расчышчалі. Там, дзе белага покрыва не было, канюшына магла амаль цалкам загінуць ужо ў першую зіму.

Сумесна з горацкімі навукоўцамі спецыялісты па надвор’і спрабуюць нават вырошчваць цвёрдыя гатункі пшаніцы. Праўда, такая расліна камфортна адчувае сябе ў больш цёплых умовах, напрыклад у Казахстане, таму прыстасаваць яе да беларускага клімату складана.

 

«Інфалінія» для рыбакоў і нявопытных дзяжурных

Для дачнікаў, вясковых гаспадароў мясцовая метэастанцыя як бюро даведак. Пастаянна тэлефануюць: увесну — каб спытаць пра чарговыя замаразкі або вецер і вырашыць, ці трэба раскрываць цяпліцу, летам — каб адказалі, ці хутка скончыцца дождж, бо за сена хвалююцца. Метэазалежныя людзі і рыбакі пытаюць пра атмасферны ціск. Грошай за кансультацыю з іх, вядома, не бяруць. А вось для прыватных арганізацый падрабязная інфармацыя аб надвор’і платная. Даведка каштуе нядорага — 0,7 базавай велічыні (126 тысяч рублёў). Штогод на платнай аснове горацкая станцыя абслугоўвае каля 70 арганізацый.

— Ваш гадзіннік на сцяне зламаўся, — выпадкова заўважаю я, — ажно на тры гадзіны адстае.

— А мы па грынвіцкім часе працуем, як і астатнія станцыі свету. Каб інфармацыя пра надвор’е з любога рэгіёна паступала адначасова, — тлумачыць інжынер-метэаролаг 1-й катэгорыі Людміла САМАРЫНА.

Працы на станцыі хапае. Асабліва перад штармавой сітуацыяй: нельга і гарбаты адлучыцца папіць, каб не прапусціць узмацнення ветру. Складаныя начныя змены. Для новых супрацоўнікаў ёсць «званок сябру»: нават у тры гадзіны ночы нявопытны дзяжурны, каб не наблытаць лічбаў у тэлеграме, можа патэлефанаваць любому работніку станцыі.

— А калі спаць хочацца?

— Найлепшы сродак ад сну — дрэннае надвор’е! — жартуе Людміла Міхайлаўна.

— А маё дзяжурства заўсёды на добрае надвор’е прыпадае, напэўна, заслужыла за столькі гадоў, — усміхаецца начальнік станцыі. — Бывае, складаюць графік, і на мой дзень выпадае цыклон. Ужо ніяк не абміне. Не, у апошні момант хто-небудзь абавязкова прапануе памяняцца.

Цікаўлюся: ці супадаюць народныя прыкметы з навуковымі прагнозамі? Тамара Валянцінаўна кажа, што народны каляндар састарэў:

— Гляджу «Тэлебарометр» — спецыяльна сабе пазначаю, што ў які дзень гэты каляндар абяцае, каб потым праверыць. Не супадае. Мабыць, прырода змянілася. Маразоў на Вадохрышча ў апошнія гады ўвогуле не бывае. А на Піліпаўку раней, памятаю, снегу надзімала пад дах. Маленькіх цялят у хату бралі, а сабаку ўночы спецыяльна адвязвалі, каб не змерз — такія халады былі.

На вуліцы тым часам распагодзілася. Паглядзеўшы прагноз надвор’я на пару дзён (магу запэўніць, што ён цалкам спраўдзіўся), збіраемся на электрычку. А дзяжурны — зноў на пляцоўку: сачыць за прыродай, каб потым своечасова нагадаць нам пра парасон.

Наталля Лубнеўска, zviazda.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email