Сёлета ў нашай вобласці запланавана зрабіць 99 гульнявых дзіцячых пляцовак. З іх ужо адкрыты 75. Больш за дзясятак – у Магілёве і ў Бабруйску, а болей за паўсотні – у іншых гарадах і аграгарадках Магілёўскай вобласці. Днямі новая дзіцячая пляцоўка прыняла дзяўчынак і хлопчыкаў у аграгарадку Пудаўня Дрыбінскага раёна. Пра тое, як гэта было, расказалі журналісты тэлеканала "Беларусь 4. Магілёў".
Гэтая дванаццатая пляцоўка ў Дрыбінскім раёне. Большасць з іх знаходзіцца ў аграгарадках, дзе шмат дзяцей.
На пляцоўцы – сучасныя арэлі (качэлі), горка, альтанка (бяседка), карусель ды шмат іншага.
Новай пляцоўкай задаволены не толькі малыя, але і старэйшыя дзеці. Для іх тут таксама прадугледжана месца, дзе можна пасядзець і паразмаўляць.
Пляцоўку ўладкавалі за кошт бюджэту пры актыўным удзеле мясцовых жыхароў – яны вельмі дапамаглі падрыхтаваць тэрыторыю.