чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Чалавек з музейнага фота. Што вядома пра Івана Аўчыннікава, які нарадзіўся на Смаленшчыне, вучыўся ў Горках і пісаў па-беларуску?

22.02.2024 – 12:57 | 1763

У музеі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ёсць цікавы фотаздымак. На ім – навучэнцы Горацкага земляробча-каморніцкага вучылішча, якія ўваходзілі ў гурток беларускай літаратуры. Гэта Васіль Белахвосцікаў, Андрэй Сухі, Гаўрыла Гарэцкі, а таксама Іван Аўчыннікаў, пра жыццё і лёс якога стала вядома адносна нядаўна. Падрабязнасцямі падзяліўся краязнаўца Уладзімір Ліўшыц.

Стаяць злева направа: Васіль Белахвосцікаў, Андрэй Сухі і Гаўрыла Гарэцкі. Сядзіць – Іван Аўчыннікаў.

"Чытаць кніжкі таксама патрэбна, як есці, піці, спаць"

Матэрыял пра Івана Аўчыннікава знайшоў і апублікаваў Сяргей Астанковіч – гісторык, які жыве і працуе ў Крычаве. Паводле гэтай інфармацыі Іван Аўчыннікаў нарадзіўся 28 жніўня (9 верасня) 1893 года ў вёсцы Малая Добрая Дабранскай воласці Краснінскага павета Смаленскай губерні. Бацька яго быў адстаўным унтэр-афіцэрам царскай арміі і рана памёр. Але хлопец здолеў скончыць царкоўнапрыходскую, а потым земскую Краснінскую двухкласную школу і нават некаторы час працаваў настаўнікам у школе граматы ў мястэчку Любавічы.

У 1911 г. Аўчыннікаў паступіў у Горацкае земляробча-каморніцкае вучылішча. За гады вучобы не толькі атрымаў спецыяльнасць, але і далучыўся да літаратуры, пісаў пад псеўданімам Іван Дабранец.

У 1913 годзе ў друку выйшаў ягоны твор "Жэртва". Сюжэт яго вельмі просты: у сям'і беларускага селяніна нарадзіўся хлопчык Саўка, які спачатку вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, а потым бацька аддаў яго вучыцца ў двухкласную школу, якая рыхтавала настаўнікаў.

Дарэчы, такі шлях праходзіў і Максім Гарэцкі. Як і ў ранніх творах Гарэцкага, у цэнтры сюжэта – прадстаўнік сельскай інтэлігенцыі і ягоныя ўзаемаадносіны з сялянствам.

Галоўны герой твора некалькі гадоў працуе настаўнікам у розных вясковых школах, атрымліваючы мізэрны заробак. Працуе добра, дзеці яго любяць, але іх бацькі часта яго не разумеюць, бо ён адмаўляецца піць разам з імі гарэлку. Праз пастаяннае недаяданне і дрэнныя ўмовы жыцця Саўка захварэў на сухоты і памёр.

Ужо на першых старонках аповеда Аўчыннікаў піша (тут і далей у цытатах мы захаваем правапіс таго часу): "О, Саўка, сыне Беларусі, расці, шукай сілы, бо ў будучыне яна панадабіцца табе на змаганне! Ведай, Саўка, што беларусу трэба быць моцным, каб перанесці ўсе напады, якія валяцца на галаву яго".

Галоўны герой вельмі шмат чытае, але маці кажа яму, каб ён больш адпачываў, бо можа пашкодзіць вочы. На што Саўка адказвае: "...чытаць кніжкі таксама патрэбна, як есці, піці, спаць".

Чытанне кніг "…перарабіла Саўку ў іншага чалавека. Выгляд ён меў той самы, але душой ён перарадзіўся. Вялікі груд новых мыслей як бы адразу паявіўся ў яго галаве… Саўка ясна ўпрытоміў сабе, што бацька, дзядзькі жылі зусім не так, як трэба…"

Аўтар адказвае на пытанне, што трэба рабіць дзеля таго, каб перамяніць "…погляд на сябе і жыццё" і жыць як трэба. …Трэба, каб беларусы мелі ў школах родную мову, – лічыць ён, – мелі настаўнікаў, каторыя б паказалі ім, што бела і што чорна і, паказваючы, не баяліся, што запэцкаюцца аб беларускі жупан… ідучы да народа, а не адварот, верылі б, што яны робяць найкарыснейшае дзела з дзел".

Удзельнічаў у дзвюх войнах

Пачалася Першая сусветная вайна. Многія пайшлі на фронт добраахвотнікамі. Нягледзячы на тое што Іван Аўчыннікаў меў адтэрміноўку ад прызыву, ён таксама пайшоў у войска, але быў моцна паранены ў баі пад Бродамі на Галічыне.

Пасля гэтага некаторы час жыў у роднай вёсцы на Смаленшчыне, а летам 1918 года працягнуў навучанне ў Горках. У той час у сельскагаспадарчых установах працавала вучнёўская арганізацыя "Беларуская секцыя культпрасвета саюза вучняў Горацкіх с/г устаноў", якой кіраваў Гаўрыла Гарэцкі. Вядома, што Аўчыннікаў прымаў у працы саюза актыўны ўдзел.

Скончыўшы вучобу ў 1919 годзе ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, ён вырашыў вучыцца далей. Якраз у гэты час на базе сярэдніх навучальных устаноў быў створаны Горацкі сельскагаспадарчы інстытут.

Аднак атрымаць вышэйшую адукацыю не давялося, бо разам з Гаўрылам Гарэцкім быў накіраваны на працу ва Уфімскі павятовы зямельны аддзел. А там яго мабілізавалі ў Чырвоную Армію, і ён ваяваў супраць палякаў падчас савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. Знаходзіўся ў кавалерыйскім корпусе Г. Гая і ў час баёў трапіў у палон да палякаў, быў інтэрнаваны.

У міжваенны час працаваў на Смаленшчыне, а ў 1930-я гады – на Урале. Пасля вайны жыў некаторы час у вёсцы Малая Добрая, а потым перабраўся ў пасёлак Гусіна, дзе працаваў у Краснінскім лясгасе лесатэхнікам да выхаду на пенсію ў 1953 годзе.

Неўзабаве інфармацыя пра аўтара з'явілася на старонках літаратурных даследаванняў

Пра яго ўспомнілі ў Беларусі толькі пасля таго, як у 1965 годзе ў Мінску была выдадзена кніга "Беларуская дакастрычніцкая проза". Там сярод твораў Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага была і аповесць "Жэртва" горацкага выхаванца.

Пра ўсіх аўтараў у гэтай кнізе былі пададзены біяграфічныя звесткі, а вось пра Аўчыннікава – не. На гэта звярнуў увагу ягоны сябар Гаўрыла Гарэцкі, які падтрымліваў з Аўчыннікавым сувязь. Неўзабаве інфармацыя пра аўтара з'явілася на старонках літаратурных даследаванняў.

Калі Івану Аўчыннікаву споўнілася 80 гадоў, з юбілеем яго павіншаваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, пра ягонае жыццё напісалі ў друку.

Да апошніх гадоў Аўчыннікаў цікавіўся лёсам сваіх старых сяброў, вёў з імі перапіску.

Сяргей Астанковіч знайшоў, што ў БДА-М ЛіМ і ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца каля 40 ягоных лістоў, датаваных 1967-1974 гг.

Памёр Іван Аўчыннікаў 2 мая 1974 г. і пахаваны ў пасёлку Гусіна.

Вось такі лёс выхаванца акадэміі, аўтара апавядання, якое добра перадае дух таго часу.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email