сер, 27.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У школах з'явяцца новыя вельмі цікавыя факультатывы. Вось пра што можна будзе даведацца на занятках

19.07.2023 – 13:43 | 354

Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў "Святыні роднага краю" і "Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. – 1569 г.)". Звесткі пра гэта змясціла pravo.by.

Вучэбная праграма "Святыні роднага краю" разлічана на два гады і арыентавана на вучняў IX-X класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

Праграма накіравана на набыццё вучнямі паглыбленых ведаў пра свой край, рэгіён, краіну і выступае ў якасці своеасаблівага "навігатара" па атрыманні ведаў, перапрацоўцы інфармацыі і набыцці практыка-арыентаваных уменняў.

Падчас засваення праграмы будуць разглядацца тэмы:

  • спадчына роднага краю;
  • помнікі матэрыяльнай культуры;
  • духоўная культура;
  • славутыя землякі;
  • рэлігійна-асветніцкія дзеячы Беларусі;
  • страчаная спадчына;
  • помнікі археалогіі;
  • беларускія святыні.

Праграма "Духоўная спадчына Беларусі (IX стагоддзе – 1569 год)" прызначана для VI класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

Сярод задач праграмы вызначаны такія:

  • фарміраванне ў вучняў каштоўнасных адносін да сваёй Радзімы, выхаванне іх на традыцыях духоўнай спадчыны;
  • выхаванне ў вучняў павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, культуры беларускага народа;
  • стварэнне ўмоў для развіцця творчай асобы, самаадукацыі.

У выніку засваення праграмы вучні змогуць, напрыклад:

  • усвядоміць сваю ідэнтычнасць як грамадзяніна Беларусі на аснове ведаў па гісторыі і асноў культурнай спадчыны беларускага народа;
  • сфарміраваць павагу да светапогляду, гісторыі, культуры, рэлігіі, традыцый і каштоўнасцей свайго народу на аснове вывучэння яго духоўнай спадчыны;
  • авалодаць цэласнымі ўяўленнямі пра гістарычны шлях беларускага народа на працягу IX ст. – 1569 г.

На занятках будуць разгледжаны тэмы, сярод якіх:

  • гістарычныя крыніцы аб духоўным жыцці насельніцтва Беларусі ў IX – сярэдзіне XIII ст.;
  • чалавек і прырода ў духоўнай культуры насельніцтва беларускіх зямель;
  • правілы жыцця ў побыце беларусаў як адлюстраванне іх духоўных традыцый;
  • духоўны подзвіг першых хрысціянскіх асветнікаў на беларускіх землях;
  • старабеларуская мова – дзяржаўная мова ВКЛ і носьбіт духоўнай спадчыны беларусаў;
  • геральдыка беларускіх гарадоў;
  • беларускае народнае дойлідства як адлюстраванне духоўнага свету беларусаў;
  • захаванне гістарычнай памяці аб асобах і падзеях беларускай мінуўшчыны.

Прававы акт распрацаваны ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email