Да юбілею Максіма Гарэцкага ў Горках падрыхтавалі віртуальную выставу ягоных твораў, паведамляе сайт БДСГА.
18 лютага споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага – класіка беларускай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, крытыка, літаратуразнаўца, лексікографа, пісьменніка арыгінальнага, самабытнага таленту, вядомага прадстаўніка беларускай думкі, грамадскага дзеяча беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння і нашага земляка.
Нарадзіўся ён у суседнім Мсціслаўскім раёне ў вёсцы Малая Багацькаўка. З 1909 па 1913 год вучыўся ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, а ў 1926-1928 гадах працаваў у Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі (так у той час называлася БДСГА) спачатку дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.
18 ліпеня 1930 года яго арыштавалі па хлуслівым абвінавачанні, нібыта за ўдзел у "Саюзе вызвалення Беларусі". Вінаватым ён сябе не прызнаў, тым не менш быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку.
Аднак на гэтым пераслед не скончыўся. У 1937 годзе Максіма Гарэцкага другі раз арыштавалі па ілжывым даносе. 6 лютага 1938 года прыгаварылі да расстрэлу, які быў прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў горадзе Вязьма.
21 студзеня 1959 года прэзідыўм Калужскага абласнога суда поўнасцю рэабілітаваў Максіма Гарэцкага. Гэта значыць, прызнаў незаконным і неабгрунтаваным арышт і забойства нашага земляка.
У Горках і акадэміі ўшанавана памяць аб Максіме Гарэцкім. 18 лютага 1993 года, у час святкавання 100-годдзя з дня яго нараджэння, на чацвёртым корпусе нашага ВНУ была адкрыта мемарыяльная дошка, у гэтым жа корпусе з 1992 года працуе музей-кабінет пісьменніка. Яго імя прысвоена раённай бібліятэцы і адной з вуліц нашага горада.
Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага супрацоўнікі бібліятэкі імя Дзям'яна Раманавіча Новікава і Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага падрыхтавалі віртуальную выставу выданняў твораў пісьменніка "Скарбы Максіма Гарэцкага".
Яе можна пабачыць вось тут.