аўт, 8.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пісала вершы і казкі, была рэдактарам "Советского студента", а ў канцы жыцця сышла ў манастыр

01.02.2023 – 10:56 | 2567

"Дарагіх не стаўце мне помнікаў" – так напісала ў адным са сваіх апошніх вершаў паэтка Анэля Іванаўна Лісоўская (Тулупава). Яна больш за 10 гадоў жыла ў Горках і працавала у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Яшчэ і цяпер многія жыхары нашага горада памятаюць гэтую сімпатычную, вясёлую жанчыну. Гэты артыкул да 85-годдзя літаратаркі падрыхтаваў даследчык мясцовай гісторыі Уладзімір Ліўшыц.

"Анэля з Капані"

Анэля Іванаўна Тулупава нарадзілася 1 лютага 1938 года ў вёсцы Капань Рэчыцкага раёна. Любоў і захапленне прыродай гэтай вёскі будучая паэтка пранесла праз усё жыццё і нават жартаўліва называла сябе "Анэля з Капані". 

Вялікі ўплыў на станаўленне Нэлі як творчага чалавека аказаў яе бацька, асветнік і паэт Іван (Янка) Тулупаў. Ён працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, быў актыўным сельскім карэспандэнтам раённай газеты "Дняпровец" і абласной "Гомельскай праўды". Як згадвала сама Анэля Іванаўна, яе родная хата вельмі часта ператваралася ў бібліятэку ці клуб, дзе збіраліся не толькі мясцовыя аматары роднага слова, але і прафесійныя літаратары з Гомеля і Мінска. Усё гэта, вядома ж, паўплывала на будучую паэтку, якая з самага дзяцінства гадавалася ў атмасферы літаратурнага жыцця:

Я слоўца наша песціла змала,

З улоння маці 

На яго я маю права. 

У час Вялікай Айчыннай вайны сям'я не паспела эвакуявацца, і бацьку за сувязь з партызанамі катавалі ў гестапа. Абпаленае вайной дзяцінства таксама было не з лёгкіх, а сталае жыццё пачыналася з навучання самай гуманнай на зямлі прафесіі – медыка. Так вырашыў бацька, хаця сама яна хацела атрымаць гуманітарную адукацыю.

У 1955 годзе яна заканчвае Гомельскае медвучылішча. Спачатку працавала на Віцебшчыне па прафесіі, а з 1960 года – дыктаркай Віцебскага абласнога тэлебачання, праз два гады прыехала ў Горкі.

У акадэміі да яе цягнуліся ўсе

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі творчасць Тулупавай успрымаецца з асаблівай цеплынёй і шчырасцю.

Аўтар гэтага артыкула пазнаёміўся з Анэляй Іванаўнай у 1969 годзе. Тады я быў студэнтам апошняга курса Магілёўскага педінстытута, напісаў артыкул пра падзеі першай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі 1905-1907 гг., у якіх актыўна ўдзельнічалі навучэнцы горацкіх сельскагаспадарчых устаноў, і занёс яго ў рэдакцыю газеты "Советский студент". Яна тады размяшчалася на трэцім паверсе адміністратыўнага корпуса акадэміі. Мой артыкул надрукавалі, і Анэля Іванаўна папрасіла прыносіць яшчэ матэрыялы па гісторыі нашага ВНУ.

Прайшло некалькі гадоў. Я пачаў працаваць у БСГА, быў абраны кіраўніком карэспандэнцкага пункта эканамічнага факультэта, таму нашы сустрэчы сталі амаль штотыднёвымі. Што запомнілася? Па-першае, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты акадэміі цягнуліся да Анэлі Іванаўны. Па-другое, яна не адкідала дрэнна напісаныя матэрыялы, а вельмі тактоўна прапаноўвала аўтарам іх перарабіць. Відаць, лічыла, што трэба цаніць тых, хто на грамадскіх пачатках працуе на карысць выдання.

Яна і сама паказвала прыклад творчай і адначасова грунтоўнай працы. Аднойчы я заўважыў, што на яе стале ўжо некалькі месяца знаходзіцца фотакартка аднаго дырэктара саўгаса, пра якога Тулупава пісала нарыс. Спытаўся пра гэта і атрымаў такі адказ: "Не магу, каб нарыс быў дрэнны, бо дужа добры гаспадар і кіраўнік гэты чалавек".

Нашы сустрэчы працягваліся і калі Анэля Іванаўна працавала ўжо ў Мінску ў выдавецтве і ў рэдакцыі часопіса "Вожык". Паэтка заўсёды цікавілася горацкімі навінамі і перадавала прывітанні агульным знаёмым. Відаць, гады, праведзеныя ў нашым горадзе, назаўсёды запалі ёй у душу.

Былы першы прарэктар акадэміі Мікалай Мікалаевіч Дабралюбаў пра яе працу ў якасці рэдактара ўспамінаў: "Анэля Іванаўна была абаяльнай жанчынай, вельмі камунікабельнай, чым прыцягвала да сябе. Была "маторным журналістам" і мела якасці далучыць да ўдзелу ў газеце шырокі актыў, абрастаць памочнікамі. Па-майстэрску "выцягвала" матэрыялы, абагульняла ў праблемы. Збірала круглыя сталы са студэнтамі і пры гэтым паспявала пісаць вершы".

Адначасова Тулупава вучылася на факультэце журналістыкі БДУ, які скончыла ў 1969 годзе. Але пастаянным у яе было адно – прага пісаць, дзяліцца з людзьмі сваім светаадчуваннем, несці да чалавека непаўторнасць жыцця, казачнасць кахання.

На Горацкай зямлі закрасаваў яе літаратурны талент

Літаратурны дэбют Анэлі Тулупавай адбыўся ў 1956 годзе, калі ў аршанскай газеце "Ленінскі прызыў" была надрукавана яе байка "Певень кудлахаты".

Пісала яна вершы і ў час жыцця ў Віцебску, але менавіта на Горацкай зямлі закрасаваў яе літаратурны талент. Тут былі з'явіліся цікавыя вершы пра нашы мясцінах, пра рэчку Проню.

Проня – рэчанька глыбокая,

У брод яе не перайду.

Трубіць жораў над аблокамі.

Сабірае чараду...

Тут пішуцца вершы, паэмы, казкі, і ў многіх паэтычных радках узгадваецца студэнцкае жыццё і акадэмі.

Студэнцкая вуліца,

Студэнцкая вуліца.

Нырнеш пад шаты зялёныя,

І сэрца заб'ецца,

I захвалюецца.

Дзявочая ў ім улюбёнасць!..

Зноў бэзавы вэлюм

захутвае Горкі,

Абдымеш бярозку,

Шапнеш сабе:

– Горка!

У Горках склаўся і першы паэтычны зборнік Тулупавай "Станцыя надзей". Ён пабачыў свет у Мінску ў 1967 годзе. Бачна, што Горкі сталі для маладой паэткі станцыяй надзей на яшчэ нязведаныя дарогі і пачуцці. Як расказала Анэля Іванаўна аўтару гэтага артыкула, у выданні зборніка дапамог парадамі і рэдагаваннем паэт Аляксей Пысін, які ў той час працаваў у Магілёве.

I "нязведаныя дарогі" не прымусілі сябе доўга чакаць: цягнула да сябе сталіца, якая пашырала творчы прастор для поўнага раскрыцця таленту. Анэля Іванаўна пераехала ў Мінск. У 1974-1978 гадах загадвала рэпертуарным аддзелам Белдзяржфілармоніі, а Горкі засталіся шчымлівым успаміна пра маладосць.

З 1979 года Тулупава працавала старшым рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Адказная пасада патрабавала шмат увагі, цярпення і такту. Часта прыходзілася браць на сябе адказнасць за лёс рукапісу: убачыць ён свет ці не. Разам з гэтым у яе нараджаліся новыя вершы, паэмы, гумарэскі, байкі, казкі.

У гэтыя часы выйшлі кнігі "Дабрадзея" (1977), "Дожджык Мікіта" (1978), "Босая цішыня. Вершы і паэмы" (1980), "Гарывада" (1984), "Сонца ў хату. Вершы і паэмы" (1986) і "Я чакаю цябе…" (1993).

У кожным яе зборніку – гімн чалавеку, такому, які ён ёсць: са сваім болем і радасцю, пачуццямі і ўчынкамі. Кожная кніга літаратаркі – гэта эмацыянальная размова з усім светам пра надзённыя праблемы, але размова праз паэтычны вобраз, праз трапную рыфму, незвычайнае параўнанне. Гэта яшчэ і песня Радзіме, Беларусі, у прамым і ўскосным сэнсе: некалькі яе вершаў пакладзена на музыку, а многія самі спяваюцца: такія блізкія яны да народнай мелодыкі.

Як адзначае В.У.Ярац, "паэзія А.Тулупавай адметная грамадзянскасцю, патрыятычнасцю, эмацыянальнасцю, песеннасцю. Яе герой – чалавек, які ён ёсць, і адначасова чалавек-творца свайго лёсу, з адвечнай прагай свабоды" (Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 6. – Мінск, 1995. С. 108).

Без цябе, маё поле,

Я не колас жытнёвы,

Без цябе не знайсці мне

Запаветнае слова.

Без цябе, маё неба,

Мне не лётаць высока.

Як адчайнасць без рызыкі,

Без цябе я не сокал.

………………………………..

Калі жыта не ўсходзіць,

Калі поле не родзіць,

Калі хтосьці без хлеба,

Мне нічога не трэба.

...Ты мяне нарадзіла –

Без цябе мне не жыць,

Без цябе мне, Радзіма,

Толькі крылы злажыць.

Анэля Тулупава – дзіця вайны. Таму ў яе шмат вершаў пра суровыя гады Вялікай Айчыннай. Перажыты асабісты боль дазваліў паэтцы паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, уславіць мужнасць, адвагу, самаахвярнасць людзей і веру ў хуткую перамогу над фашызмам.

Не шукайце мяне

Так далёка ад дому.

І не знойдуць мяне

Твае, мама, лісты.

Я паблізу ля вас,

Я – салдат невядомы,

Кожны дзень ля мяне

Прыпыняешся ты.

 ……………………………

Крокаў пяць не дайшоў

Я да роднае хаты,

І за гэта ты мне,

Дарагая, даруй,

Я на варце стаю

Невядомым салдатам,

Каб расціла ў спакоі

Сыноў Беларусь.

I ўсё ж галоўная тэма – лірыка, а яе вызначальны стрыжань – каханне. Шчыра і ўзвышана гучаць яе вершы пра гэта пачуццё, трывогай поўняцца творы пра лёс чалавека, пра Беларусь, якую напаткала страшная чарнобыльская трагедыя.

У зборніку паэткі "Я чакаю цябе... Лірыка", як і ў іншых, зварот да ўсіх нас: "Скажыце ўсім, што я люблю вас, людзі".

Скажыце ўсім,

Што я люблю вас.

Люблю пяшчотна,

I маўкліва,

I нецярпліва,

I раўніва.

…………….

Скажыце ўсім,

Што я люблю вас,

Людзі!

Пераклала на беларускую мову вершы кітайскай паэткі Лі Цінчжао

Аднак Анэля Тулупава не толькі лірык. Як не ўспомніць яе шматлікія байкі, гумарэскі, батлейкі, што часта можна было сустрэць на старонках рэспубліканскіх газет і часопіса "Вожык", у якім яна працавала з 1990 года. Яе сатырычныя творы не раз выклікалі і вясёлую, і горкую ўсмешку чытача.

Анэля Іванаўна – аўтар гумарыстычных зборнікаў "Як павезлі мяне сватаць. Гумарэскі, батлейкі, казанні, кепікі" (1987), "Скажыце ўсім. Лірыка і гумар" (1988) і інш.

Яе вершы паклалі на музыку кампазітары І.Лучанок, Ю.Семяняка, Э.Ханок, Н.Мікуліч і Б.Фёдараў, І.Кузняцоў, Э.Зарыцкі, А.Канстанцінава, В.Сярых, Ул.Буднік, Ул.Прохараў, Ул.Кур'ян, В.Макеева, Л.Шурман, Г.Гарэлава, В.Кузняцоў і інш.

Пісала яна і для дзяцей: "Дожджык Мікіта" (Вершы, небыліцы, казкі) (1978), "Бізоны-рабінзоны" (1983), кніга аповесцей "Пра што думае кіт" (1986).

Я зляпіла кракадзіла,

Падарыць хацела Дзіне.

Дзіна адмаўляецца:

– Кракадзіл кусаецца!

– Смешная ты, Дзіна,

Ён жа з пластыліну!

А яшчэ Тулупава займалася мастацкім перакладам. На беларускую мову перакладала творы рускіх і ўкраінскіх паэтаў, а для выдавецтва "Мастацкая літаратура" склала кнігу абранай паэзіі кітайскай паэткі Лі Цінчжао. З перакладам дапамагалі Валянціна Коўтун, Яўгенія Янішчыц, Ніна Загорская і Вольга Іпатава. Праўда, пры жыцці Анэлі Іванаўны кніга выйсці не паспела, пабачылася свет толькі ў 2016 годзе.

У канцы жыцця сышла ў манастыр

Доўгі час у літаратаркі жыццё ішло добра: каханы муж Валерый, які, паводле слоў нашай гераіні, першым паверыў у яе, а яшчэ любімыя дачка і ўнучка... І раптам паласа няшчасцяў: Валерый захварэў і памёр у 1998 годзе, цяжка захварэла дачка, а адзіная ўнучка Лера пачала пакутаваць на астму. Дачка Алеся пісала: "Калі я ўспамінаю маму, часцей за ўсё бачу яе з дзіцем на руках. Я засынала ад стомы, а мама часам усю ноч трымала Леру, таму што лежачы дзяўчынка задыхалася".

Не збылася мара Анэлі забраць да сябе бацькоў з Гомельшчыны. А калі да яе даляцела трагічная вестка аб іх забойстве, яна надламілася душэўна...

"Гасподзь Сам паставіў мяне перад Сабою на калені", – казала пазней Анэля Іванаўна. І толькі ў царкве знайшла суцяшэнне. Паступова з'явілася патрэба ў малітве, вера стала ўсвядомленай, глыбокай. Анэля Іванаўна чытала шмат духоўнай літаратуры, часта ездзіла па святых месцах. Адчуваючы сувязь з блізкімі людзьмі, як з жывымі, так і памерлымі, яна разумела неабходнасць маліцца за іх.

Сама невылечна хворая сышла ад марнага свецкага жыцця ў манастыр. Пострыг прыняла 5 студзеня 2001 года ў Карме, узяла імя Неаніла. 30 ліпеня таго ж года памерла. А родным пакінула такія радкі:

Як памру,

Дарагіх не стаўце мне помнікаў,

Толькі крыж, святы, ратавальны.

Засумуеце раптам – успомніце,

Мы заўсёды з Богам і з вамі.

Анэлю Тулупаву не забылі ў Беларусі. І пасля смерці выходзяць яе кнігі, артысты спяваюць яе песні. Памятаюць яе i ў Горках, у акадэміі былі наладжаны вечарыны да 65, 70, 75 і 80-годдзя паэтэсы. А ў 2013 годзе ў выдавецтве БДСГА выйшла яе кніга "Вочы ў вочы: вершы і паэма: выбранае: да 75-годдзя з дня нараджэння аўтара".

Як мы бачым, збываюцца словы паэткі:

Пра нас напішуць

цэлыя тамы.

Уроўні станем з светам,

Беларусы.

Мы ўратаваны.

Уратаваны мы.

Сваім крыжом,

Пакутамі.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email