чцв, 21.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Дзякуючы яму ў Горках адбылося студэнцкае свята гумару

20.10.2022 – 17:19 | 2044

Сёлета споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Алеся Пісьмянкова. Пра яго ўспамінае краязнаўца Уладзімір Ліўшыц: "Не хочацца ўспамінаць і пісаць пра Алеся Пісьмянкова ў мінулым часе. Не верыцца, што няма гэтага светлага чалавека побач з намі..."

Пераходзіў тры інфаркты на нагах, а чацвёрты не перажыў

Аляксандр Уладзіміравіч Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Ягоны бацька Уладзімір Сямёнавіч працаваў шафёрам, а маці Марыя Сямёнаўна – медсястрой. На выхаванне і сталенне Алеся ды яго малодшага брата Міколы ў значнай ступені паўплывалі дзед Сямён Варфаламеевіч і бабуля Анісся Васільеўна – добрыя апавядальнікі і надзвычай гасцінныя людзі.

Алеся ўсё жыццё вылучалі на розныя пасады. Ніякага "блату" ў гэтым не было, ды і сам ён у кіраўніцтва не рваўся. Казаў мне не аднойчы, што кіраваць яму абрыдла, марыў жыць на вёсцы і складаць вершы. Магчыма, прызначалі Пісьмянкова на такія пасады, бо быў ён уважлівы да людзей, мог іх выслухаць і людзі цягнуліся да яго. Усе, хто быў знаёмы з Алесем Пісьмянковым, грэліся ў светлых промнях цяпла і добразычлівасці, што сыходзілі ад гэтага цудоўнага чалавека. Так пра яго казаў лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко і Літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, перакладчык Валер Стралко.

Апoшняя кнiга Алеся мела назву "Я не памру, пакуль люблю…" i ў ёй былі вepшы-paзвaжaннi пpa жыццё i cмepць. Мабыць, паэт такім чынам нaпpapoчыў cвaё paнняe paзвiтaннe з гэтым cвeтaм. Да таго ж, у апоші час адзін за адным памерлі ягоныя бацькі і родныя. У Алеся часта балела сэрца, і я бачыў падчас сустрэч, як ён глытае нітрагліцэрын.

Я раіў яму схадзіць да дактароў, на што ён заўсёды адказваў: "Няма часу". Памёр Алесь Пісьмянкоў 23 красавіка 2004 года на працоўным месцы – у кабінеце галоўнага рэдактара часопіса "Вожык". Ад інфаркта. Тры перахадзіў на нагах, а чацвёртага не перажыў. Відаць, хвopae cэpцa пaэтa нe вытpымaлa эмaцыйнaгa нaпpyжaння.

Быў непрымірымы да чэрствасці, абыякавасці, душэўнай глухаты

Алесь Пісьмянкоў дэбютаваў вершам у 1972 годзе ў касцю-ковіцкай раённай газеце. Першая кніга паэзіі "Белы камень" выйшла ў 1983 годзе. Потым з'явіліся кнігі "Чытаю зоры" (1988), "Планіда" (1994), "Журавель над студняй" (1998), "Я не памру, пакуль люблю…" (2000, выбранае). Зборнік "Думаць вершы" (2005) выйшаў пасмяротна. У 2012 годзе ў рэдакцыі газеты "Звязда" свет пабачыў зборнік выбраных твораў "Не знікай", ягонай укладальніцай стала жонка паэта Алена Пісьмянкова.

Галоўны герой Алеся Пісьмянкова – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, і адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна, ганарыцца прыналежнасцю да роднай зямлі, якая нарадзіла Скарыну, Каліноўскага, Багушэвіча, Багдановіча.

Разам з тым, Алесь быў поўны непрымірымасці да чэрствасці, абыякавасці, душэўнай глухаты. Для яго характэрна была дабрыня і добразычлівае стаўленне да людзей.

Пісаў ён творы і для дзяцей: "Заўзятары" (1993); "Ласуны – веселуны" (1997) і "Мы з братам" (2003).

Калі працаваў у "Вожыку", спрабаваў сябе ў сатыры. Быў аўтарам нарысаў, эсэ, займаўся перакладамі.

Асобныя вершы паэта пакладзены на музыку.

Апублікаваў кнігу вершаў у Горках

Памятаю, пазнаёміўся з Алесем Пісьмянковым у 1982 годзе ў рэдакцыі штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". Яго мне прадставіў былы выкладчык кафедры філасофіі нашай акадэміі Анатоль Сідарэвіч (ён быў літсупрацоўнікам у "ЛіМе"), калі я прынёс у рэдакцыю свой чарговы матэрыял. Ён сказаў: "Знаёмся, твой зямляк з Касцюкоўшчыны, толькі што скончыў БДУ, піша добрыя вершы".

Мы разгаварыліся, і Алесь, даведаўшыся што я з Горак, сказаў мне, што ў Горках не быў, але часта праязджаў праз станцыю Пагодзіна, калі ехаў дадому. І яшчэ спытаўся, ці памятаюць у акадэміі, што там вучыўся і працаваў Максім Гарэцкі? Я адказаў, што ведаюць, але нямногія, зусім нешматлікія, і пакуль імя гэтага пісьменніка не ўвекавечана ў гісторыі ВНУ.

У наступныя некалькі гадоў мы не сустракаліся. Хоць я ведаў, што ў Алеся выйшла першая кніга вершаў "Белы камень" і што ён працуе ўжо ў часопісе "Полымя".

Наступная сустрэча адбылася ў 1992 годзе напярэдадні святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Алесь у гэты час быў абраны сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, і я прыйшоў да яго даведацца, ці трэба мець дазвол на ўстаноўку ў акадэміі мемарыяльнай дошкі Гарэцкаму. Пры мне ён па гэтым пытанні патэлефанаваў намесніку міністра культуры Беларусі Уладзіміру Аляксандравічу Гілепу. Той адказаў, каб прыязджалі да яго ў міністэрства, бо ён якраз складаў план святкавання 100-годдзя Гарэцкага, і ёсць задума правесці галоўнае мерапрыемства ў Горках.

Як помніцца, Алесь браў актыўны ўдзел у гэтым, і на сустрэчы са студэнтамі я ўпершыню пачуў яго верш, прысвечаны Гарэцкаму, дзе былі такія радкі:

Спеліў шчымлівае слова,

Каб праўдаю высвеціць сказ,

Каб слова дыхнула жытнёва

I нам растлумачыла нас.

У 1992 годзе ў Горках прайшлі Гарэцкія навуковыя чытанні, прысвечаныя вывучэнню жыцця і творчасці пісьменніка. Яны сталі штогадовымі, і я прысутнічаў на ўсіх чытаннях да 2006 года. У іх і Пісьмянкоў таксама прымаў актыўны ўдзел. І сёння, успамінаючы пра нашы сустрэчы, хачу заўважыць: нас пазнаёміў Максім Гарэцкі, і дзякуючы яму мы пасябравалі.

Пра сустрэчу на Гарэцкіх чытаннях захавалася адна фатаграфія, дзе яе ўдзельнікі сустракаюцца з вучнямі і педагогамі Копцеўскай сярэдняй школы.

У адну з нашых сустрэч я спытаўся Алеся, калі ў бліжэйшы час выйдзе яго чарговая кніга, на што ён адказаў, што ў дзяржаўных выдавецтвах на гэта патрэбна некалькі гадоў. Тады я расказаў, што Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей атрымаў ліцэнзію на выданне кніг, у тым ліку мастацкіх, і прапанаваў выдаць кнігу вершаў у нашым горадзе. Праз некалькі месяцаў атрымаў паэтаў рукапіс "Журавель над студняй". У 1998 годзе кніга выйшла ў свет пры фінансавай падтрымцы аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама і дапамозе супрацоўнікаў Горацкага гісторыка-этна-графічнага музея.

Ён лічыў, што ў Горак – светлая і чыстая аўра

Ад таго часу Пісьмянкоў прыязджаў у Горкі штогод. Алесь прызнаваўся: "Горкі – адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць там, дзякуючы прысутнасці знакамітай акадэміі (дарэчы, самай старэйшай навучальнай установы на Беларусі), нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая. Можа, таму, што ў гэтым горадзе шмат прыгожых, інтэлігентных людзей з адухоўленымі тварамі і яснымі вачыма, можа, таму, што ягонымі вуліцамі хадзілі і думалі волаты беларускага духу браты Гарэцкія, а магчыма, проста сваю высакародную справу робіць старая гаспадарыня Гісторыя… Ва ўсякім разе, яго гісторыю і аўру я люблю даўно і, відаць, таму бываю там часта. І, вядома ж, мне прыемна, што горад мне плаціць узаемнасцю".

Жылі ў Горках і працавалі ў акадэміі на кафедры рускай і беларускай моў яго аднакурснікі Ганна і Пётр Малько, да якіх Пісьмянкоў некалькі разоў заходзіў у госці.

Алесь заўсёды прыязджаў не адзін. Часта са сваімі сябрамі Анатолем Зэкавым, Уладзімірам Саламахам, Навумам Гальпяровічам, Леанідам Левановічам і іншымі.

Сустрэчы з паэтам і яго сябрамі праводзіліся ў школах горада, у студэнцкіх аўдыторыях. Іх арганізоўвалі супрацоўнікі кафедры беларускай і рускай моў, Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, кіраўнікі народнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова" і "Парнас".

Аляксандр Віктаравіч Клачкоў, доктор тэхнічных навук, прафесар, сябра Міжнароднага саюза пісьменнікаў "Новый современник", аўтар многіх паэтычных кніг, пра адну з сустрэч, ад якой застаўся фотаздымак, успамінаў: "У асабiстым плане Алесь Пiсьмянкоў быў вельмi шчырым i ўважлiвым чалавекам, якi ва ўсiх акружаючых яго людзях iмкнуўся пабачыць лепшыя рысы i пры магчымасцi падтрымаць у жыццi i творчасцi. Цiкавiлi Алеся i пытаннi развiцця сельскай гаспадаркi, жыццё студэнцкай моладзi. Ён быў уважлiвым слухачом i яскравым суразмоўцам. Запамінальна чытаў вершы".

Асабліва Алесь з сябрамі любіў наведваць пасёлак Леніна і сустракацца з навучэнцамі педагагічнага вучылішча. Назаўжды ў маёй памяці засталося ўражанне пра тое, як ён па-майстэрску чытаў там свае творы.

Дзякуючы яму ў Горках адбылося студэнцкае свята гумару

У адзін з прыездаў у Горкі, наведваючы тэрыторыю акадэміі, мы прыйшлі на ўзгорак Парнас. І там у нас узнікла ідэя арганізаваць студэнцкае свята гумару "Тарас на Парнасе". Алесь здолеў дамовіцца з Міністэрствам інфармацыі аб правядзенні такога свята, і яно адбылося ў сельскагаспадарчай акадэміі восенню 2003 года. Але, на жаль, традыцыйным не стала.

Праз Алеся Пісьмянкова я пазнаёміўся з Уладзімірам Саламахам. Ён у ліпені 2000 года, яшчэ не ведаючы мяне асабіста, напісаў у газеце "Советская Белоруссия" артыкул "Подвижники из глубинки", у якім прааналізаваў маю працу як краязнаўца, публіцыста і літаратуразнаўца і выказаў думку пра тое, што мяне можна прыняць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Алесь гэтую ідэю падтрымаў і садзейнічаў у гэтай справе.

Сустракаўся з Алесем я часта і ў Мінску. Аднойчы, калі я прывёз свой літаратуразнаўчы матэрыял у "ЛіМ", ён спытаўся, ці шмат у мяне такіх нарысаў, я адказаў, што больш за 35, і тады ён прапанаваў сабраць іх і выдаць асобнай кнігай. І тут жа прапанаваў назву – "Раскопкі вакол Горацкага "Парнаса". Праз некалькі месяцаў я прывёз яму рукапіс і ён узяўся напісаць прадмову. За што я яму вельмі ўдзячны.

Кніга выйшла ў пачатку 2001 года. І было радасна чытаць у "ЛіМе" (2001, 2 лістапада) рэцэнзію пісьменніка Алеся Марцінкевіча, які назваў маю кнігу энцыклапедыяй горацкай зямлі.

Летам 2019 года ў бібліятэцы акадэміі была адкрыта выстава, прысвечаная 125-годдзю Максіма Гарэцкага, якую арганізаваў Дзяржаўны музей беларускай літаратуры. Разам з музейнымі супрацоўнікамі прыехаў і вядомы беларускі паэт Віктар Шніп, які працаваў разам з Пісьмянковым у рэдакцыі "ЛіМа" і з якім давялося сустракацца і мне. Мы разгаварыліся, паўспаміналі сустрэчы, а 16 верасня ён прыслаў мне ліст, дзе напісаў вельмі радасныя для майго сэрца радкі:

"Добры дзень, Уладзімір Маісеевіч! Вельмі рад быў сустрэцца з Вамі ў Горках. Сустрэўся, нібыта вярнуўся на 20 гадоў назад, калі нас пазнаёміў Алесь Пісьмянкоў у "ЛіМе". Ён Вас любіў як старэйшага брата. І ўсё распавядаў, як яму добра з Вамі…

Віктар Шніп".

Вельмі сумна ад таго, што цудоўны чалавек, таленавіты паэт Алесь Пісьмянкоў так мала пажыў, не паспеў яшчэ шмат чаго напісаць і зрабіць… Але радасна тое, што яго не забылі. Імем Алеся Пісьмянкова названа Кастюковіцкая дзіцячая бібліятэка. А ў Касцюковіцкім раёне праводзяць абласное свята паэзіі і аўтарскай песні "Пісьмянкоў луг". Памятаюць і шануюць паэта і ў нашых Горках.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email