пан, 30.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Студэнтка БДСГА перайшла ў паўсядзённым жыцці на беларускую мову. Вось ейная гісторыя

26.08.2022 – 15:06 | 2424

Наша сённяшняя гераіня вучыцца ў БДСГА на агранамічным факультэце. Дзяўчына пачала карыстацца дзвюма мовамі з красавіка мінулага году. Так працягвалася некалькі месяцаў, пакуль ёй аднойчы не сказалі сябры: "Чаму ты гаворыш то так, то гэтак? Вызначайся ўжо!" 1 жніўня 2021-га Ганна Марыя Качаноўская прачнулася і вырашыла, што выбірае беларускую. Але і рускую не забывае.

Ганна Марыя Качаноўская.

Гэта дзякуючы настаўніцы

Любоў да роднага слова ў Ганны Марыі – са школы, дзякуючы настаўніцы Але Вітальеўне, якую і зараз успамінае з захапленнем.

Дзяўчына кажа, што прыйшла да яе ў пятым класе такая маленькая, нічога не разумела. Ала Вітальеўна ніколі са сваімі вучнямі не размаўляла па-руску, патрабавала, каб заўсёды дамашняя работа была выканана, але ніколі не прымушала вучыць – гэта школьнікі рабілі самі.

Дзякуючы настаўніцы, Ганна Марыя захапілася айчыннай літаратурай, летам чытала толькі яе, хоць раней амаль ніколі не дакраналася да беларускіх аўтараў. А ў класе 9-10 вырашыла, што і ЦТ будзе здаваць па беларускай мове.

Што такое цынамона?

Самай першай памылкай усіх, хто баіцца перайсці на беларускую, Ганна Марыя называе страх вымаўляць няправільна або ўжываць рускія словы замест беларускіх. У мінулым красавіку сама мела такія пачуцці, а цяпер ведае дзяўчыну з такой жа праблемай.

Затое цяпер свой узровень валодання беларускай мовай сціпла і самакрытычна называе "трасянкай на высокім узроўні".

"Але лепш, каб чалавек пачаў размаўляць з памылкамі, няхай будзе шмат рускіх слоў, але гэта ўжо прыемна, таму што чуеш родную мову і разумееш, што ў гэтым свеце не ўсё страчана", – упэўнена яна.

У Ганны Марыі ўсё асяроддзе рускамоўнае, таму бывае цяжка. Аднойчы прыйшла ў банк, каб змяніць картку, а там не зразумелі фразу: "У маёй карткі скончыўся тэрмін дзеяння". Прыйшлося тлумачыць. Ці ў кавярні не ведалі, што такое цынамона (карыца). Бывала і такое, што на яе "дзякуй" адказвалі непаразуменнем, але пасля маглі ўсё ж дадаць: "Калі ласка!"

"Прыемна, калі табе хоць адну фразу скажуць па-беларуску, цёпленька адразу зробіцца", – усміхаецца Ганна Марыя.

Як рэагуюць людзі?

Для яе родных такі пераход быў нечаканы, але бацька і дзядуля могуць падтрымаць гутарку на беларускай, хоць у паўсядзённым жыцці выкарыстоўваюць рускую.

Адзін з сяброў Ганны Марыі – з Расіі, нашу мову не ведае, але часам нядрэнна ўсё разумее.

Канешне, не абышлося без негатыву. Напрыклад, аднойчы яе пагардліва паправілі, бо заместа "зачыніць" сказала "закрыць", хоць такое слова ў беларускай мове таксама ўжываецца. Было крыху хейту і ў інтэрнэце, але там прасцей адказаць: "Не падабаецца – не чытай".

Увогуле наша гераіня на такое стараецца не крыўдаваць, бо ў адрозненні ад некаторых крытыкаў яна на беларускай мове размаўляе.

Тэлефон і спіс у краму

Калі ўсё ж такі чалавек вырашыў перайсці на беларускую мову, то што рабіць? Спачатку – разабрацца з тэлефонам, бо ён у гэтай справе можа быць добрым памочнікам. Перавесці там інтэрфейс на беларускую, паставіць клавіятуру з "і", "ў" ды апострафам, спампаваць перакладчык, каб у любы момант знайсці слова, якое забыў, а яшчэ – пісаць паведамленні па-беларуску, бо гэта прасцей, чым размаўляць.

Хто карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, таму Ганна Марыя раіць знайсці беларускамоўны кантэнт. Гэта бывае складана: яна сама доўга наладжвала свой ТыкТок, каб стужка была адпаведнай. Шукаць у інтэрнэце і чытаць цікавыя ды карысныя артыкулы па-беларуску.

Можна падпісацца на беларускамоўных блогераў ці іншых людзей, каб слухаць жывую мову або камунікаваць на ёй з іншымі.

Але гэта ўсё парады больш для тых, што карыстаецца смартфонам. А што для астатніх?

У адным з артыкулаў Ганна Марыя сустрэла такую параду: пару гадзін у дзень размаўляць па-беларуску, перад гэтым папярэдзіць сваіх родных і сяброў. Камусьці гэта дапаможа.

Таксама мову можна развіваць, складаючы спіс пакупак для крамы або ведучы прыватны дзённік. Безумоўна, гэтай справе дапамагае чытанне беларускіх кніг. Ганна Марыя аддае перавагу папяровым, бо там можна падкрэсліць новае слова, а потым знайсці яго ў тлумачальніку або перакласці на рускую. Выбіраць можна і сучасную літаратуру, і класіку, але штосьці канкрэтнае яна раіць не стала, бо літаратура – гэта асабістае.

Але найлепшым спосабам, каб падтрымліваць сваю беларускую мову, Ганна Марыя называе размовы на ёй – нават у думках.

Карані і зайздрасць

Ганна Марыя кажа, што апошнім часам усё болей людзей пераходзіць на беларускую мову. Чаму так, дзяўчына дакладна не ведае, але мяркуе, што людзі так імкнуцца захаваць айчынную культуру і свае карані.

"Я ведаю шмат моладзі, якой цікава даведацца, хто былі іх продкі, я таксама цікаўлюся гэтым у дзеда. На некаторых, як на мяне, паўплывала настаўніца. У кагосьці сябры з Польшчы ці Украіны, а нашы мовы падобныя, таму прасцей падтрымліваць стасункі. Хтосьці пачынае карыстацца беларускай мовай, бо пазайздросціць: "Чаму ён (або яна) размаўляе па-беларуску, а я не?" У кожнага свае прычыны, але вынік адзін – мы пачынаем размаўляць на беларускай", – лічыць наша гераіня.

Мяккая і багатая

Але чаму Ганна Марыя так любіць беларускую мову?

Па-першае, за яе слоўнікавае багацце. Напрыклад, калі ты не ведаеш, чаму табе сумна, то кажаш, што "сумна". А калі ведаеш – то табе "журботна".

Яшчэ дзяўчыне падабаецца мяккасць мовы. Так, ёсць зацвярдзелыя зычныя, але ў асноўным усё гучыць вельмі мілагучна, "нібыта крынічка цячэ".

Мову можна любіць і за гук "ў". Ганна Марыя так і не змагла ў інтэрнэце растлумачыць чалавеку не з Беларусі, як яго правільна вымаўляць, а для жыхара нашай краіны гэта знаёма.

"Наша мова – яна як спеў, як пярынка мяккая. Нібы да бабулі прыязджаеш, у яе пуховая коўдра і падушка, сонейка прыпякло праз акно і ты думаеш, як табе добра зараз. Вось такая ў мяне асацыяцыя з беларускай мовай", – прызнаецца дзяўчына.

Сны па-беларуску – мэта

Любімых слоў у Ганны Марыі няма, але ёй падабаюцца мяккія. Напрыклад, "спеў" (правільна вымаўляць трэба якраз вельмі мякка "сьпеў").

Яшчэ слова "халера". Калі ў рускай мове – гэта хвароба, то беларус можа ўжыць яго, калі што-небудзь ідзе не так.

"Птушка" – вельмі ласкавае слова, ці "нядзеля" – добрая назва для дня, калі можна і трэба адпачываць.

Ганне Марыі таксама падабаюцца назвы месяцаў, бо яны вельмі гаваркія: студзень, сакавік, ліпень, жнівень, снежань…

"Руская мова з нашага жыцця ніколі не знікне. Гэта факт. Але гэта не значыць, што мы павінны адмаўляцца ад беларускай мовы. Чым болей моў ведае чалавек, тым ён багацейшы. Я яшчэ пераходжу і буду пераходзіць на нашу мову гадоў дзесяць, а то і больш.  Буду лічыць, што працэс завяршыўся, калі пачну бачыць сны па-беларуску", – кажа Ганна Марыя.

Валерыя Прыгарына

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email