Падчас раскопак на мінскім гарадзішчы знайшлі донца гаршка з выявай герба князя Ізяслава. Ён нарадзіўся каля 980 года, памёр у 1001, быў сынам полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны і кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча. Археолагі называюць знаходку ўнікальнай, аналагаў ёй на тэрыторыі Беларусі няма.
На думку археолага Андрэя Вайцяховіча, кіраўніка раскопак ад Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдата гістарычных навук, гэтая знаходка сведчыць, што ўжо за часамі Ізяслава (канец Х стагоддзя) Мінск увайшоў у склад Полацкага княства. Гэта яшчэ больш узвышае статус старажытнага Мінска і гаворыць пра значнасць гэтага горада. Таксама гэта можа ўскосна сведчыць, што Ізяслава і Рагнеду спачатку маглі саслаць сюды, а не ў Заслаўе. Пагатоў, такіх статусных знаходак у Заслаўі няма.
Акрамя таго, раз пачатак беларускай дзяржаўнасці – гэта Полацкае княства, а ў старажытныя часы герб князя быў адначасова і сімвалам дзяржавы, то, магчыма, перад намі – першы вядомы беларускі герб (улічваючы, што знак Рагвалода невядомы).
Даследаванні будуць працягвацца, як і раскопкі. Дарэчы, вы можаце да іх далучыцца. Археолагі запрашаюць усіх ахвотных. Для гэтага можна звяртацца па тэлефоне: 80295782375.
З Ізяславам Уладзіміравічам звязана ўзнаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і самастойнасці Полацкага княства. Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку было створана адно з першых усходнеславянскіх епіскапстваў (991-992), уведзена пісьменства.
Асабістым знакам Ізяслава Уладзіміравіча быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца. Лічыцца, што ён стаў родавым знакам Ізяславічаў Полацкіх. У сучаснай геральдыцы трызуб Ізяслава ўвасоблены ў гербе горада Заслаўя.