3 жніўня па народным календары імяніны ў Ганны, Юрыя, Яўгена, Івана, Пятра, Сымона, Хведара. У старыя часы гэта быў дзень, калі паступова пачыналі развітвацца з летам. Сяляне сеялі азімыя, збіралі яблыкі ў садах. Таксама прыбіралі свірны, якія былі адведзены пад захоўванне збожжа. Правяралі, ці не праржавелі цвікі, ці не пагнілі дошкі, усё высушвалі, адчынялі – гэта дапамагала хлебу не псавацца.
Былі такія прыкметы: калі шмат расы, то ўраджай ільну будзе кепскі; шмат светлячкоў – да ранняй восені; туман сцелецца над зямлёй – будзе адліга.