сер, 10.08.2022
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook Новости horki.info по почте

Наш зямляк, які праславіўся на берагах Волгі

26.07.2022 – 15:40 | 684

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка Канстанціна Караткова. Параходства, якім ён кіраваў, стала найбуйнейшым у Еўропе, а па ягоныя кансультацыі для сваіх фільмаў звярталіся рэжысёры Разанаў і Міхалкоў.

З Горак – у Гомель і Ленінград, а потым – на фронт

Канстанцін Караткоў нарадзіўся 8 красавіка 1922 года ў Горках у сям'і Канстанціна Мікалаевіча Караткова (1890-1954), выхаванца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які потым стаў вядомым вучоным-хімікам, акадэмікам АН БССР, заслужаным дзеячам навукі БССР.

У 1931 годзе Канстанцін разам з бацькамі пераехаў у Гомель, бо нашу акадэмію расфармавалі на некалькі інстытутаў, і Інстытут лесу, дзе працаваў бацька нашага знакамітага земляка, быў пераведзены ў Гомель. Там у 1939 годзе Канстанцін скончыў сярэднюю школу і паступіў вучыцца ў Ленінградскі аўтадарожны інстытут. Аднак вучыўся нядоўга, бо ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію.

У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў, як сведчаць дакументы сайта "Память народа", у 30-ым аўтамабільным палку, потым у 16-ым вучэбным танкавым палку на Заходнім і Паўднёва-Заходнім франтах, скончыў вайну ў 10-ым асобным аўтатранспартным палку. Прайшоў шлях ад радавога да капітана. Быў двойчы цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём "За баявыя заслугі".

Параходства пры ім стала найбуйнейшым у Еўропе

У 1946 наш зямляк паступіў, а ў 1951 з адзнакай скончыў эксплуатацыйны факультэт Горкаўскага інстытута інжынераў воднага транспарту. У 1952-1955 гг. працаваў намеснікам галоўнага дыспетчара і галоўным дыспетчарам Волжскага грузавога рачнога параходства ў Куйбышаве.

Хутка таленавітага інжынера прызначылі начальнікам Стаўрапольскага порта (цяпер гэта порт Тальяці). Затым – намеснікам начальніка Куйбышаўскага лінейнага параходства, а ў 1958 – намеснікам начальніка Волжскага аб'яднанага рачнога параходства. А ўжо праз два гады Канстанцін Караткоў узначаліў гэта параходства і кіраваў ім чвэрць стагоддзя – з 1960 па 1984 год.

Параходства пры ім стала найбуйнейшым рачным прадпрыемствам не толькі нашай краіны, але і Еўропы. Яно мела 60 буйнатанажных цеплаходаў тыпу "Волга-Дон" грузападымальнасцю 5 тыс. тон, 25 буксіраў і больш за 20 суднаў змешанага тыпу (рака-мора), 20 суднаў тыпу "Волжскі" грузападымальнасцю 10 тыс. тон, больш за 100 пасажырскіх цеплаходаў, каля 200 хуткасных суднаў на падводных крылах. Усяго флот параходства тады налічваў без малога 450 плавальных сродкаў рознага прызначэння. Пры нашым земляку флот папаўняўся караблямі, пабудаванымі на заводах СССР, Чэхаславакіі, ГДР і Венгрыі.

Грузы вазілі не толькі па рэках Савецкага Саюза. Па ініцыятыве Караткова ў параходстве пачалі асвойваць новы напрамак – перавозкі ў замежжа. У 1974 г. было створана Упраўленне міжнародных грузавых перавозак. Судны "рака-мора" асвоілі маршруты праз Каспійскае, Чорнае, Азоўскае, Міжземнае, Балтыйскае, Паўночнае мора і дастаўлялі грузы ў парты 38 краін Еўропы, Афрыкі, Азіі.

Канстанцін Караткоў разумеў ролю навукі і вынаходніцтва. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам у параходстве выкарыстоўваліся многія прагрэсіўныя метады эксплуатацыі суднаў і перавалкі грузаў у партах. Параходства ў тыя гады становіцца свайго роду палігонам для практычнага прымянення вынаходак і тэхніка-тэхналагічных выпрабаванняў. Навуковая праца вялася ў цесным кантакце з канструктарскімі бюро краіны.

Быў кансультантам фільмаў Эльдара Разанава і Мікіты Міхалкова

Тыя, хто працаваў разам з Канстанцінам Каратковым, успаміналі, што гэта быў таленавіты арганізатар вытворчасці, дасведчаны кіраўнік, кампетэнтны ва ўсіх пытаннях функцыянавання шматгаліновай гаспадаркі параходства. Ён звяртаў увагу не толькі на караблі, але і на парты, рамонтна-эксплуатацыйныя базы, суднабудаўнічыя заводы і навучальныя камбінаты, падраздзяленні рачной сувязі і прамысловыя прадпрыемствы.

І галоўнае, як кіраўнік Волжскага параходства, ён надаваў вялікую ўвагу вырашэнню сацыяльна-бытавых праблем работнікаў. У тыя гады актыўна будавалі жыллё, бальніцы, дзіцячыя садкі і школы. У параходства былі інтэрнаты для супрацоўнікаў, свае сталовыя і пякарні, атэлье, клубы і спартыўныя збудаванні.

Заслужаны будаўнік Расіі Андрэй Барысавіч Галубкоў працяглы час працаваў разам з Каратковым і ўспамінаў: "Канстанцін Канстанцінавіч Караткоў, як кіраўнік, давяраў сваім падначаленым і заўсёды падтрымліваў ініцыятыўных работнікаў, а калі трэба, і абараняў іх. Гэта адчувалі ўсе супрацоўнікі і таму працавалі без аглядкі і боязі за прынятыя рашэнні. Дзякуючы такому стылю кіраўніцтва, ініцыятыва работнікаў літаральна "бурліла". Яго дэвіз, якога ён цвёрда трымаўся быў: "Ніколі не мітусіся і не бойся. Прыняў рашэнне – рабі. Нашкодзіў – скажы шчыра, не віхляй!"

Гэта пацвярджае і Дзмітрый Альпідоўскі, ганаровы работнік транспарту Расіі, які з Канстанцінам Канстанцінавічам працаваў 14 гадоў. Ён успамінаў, што адметнай асаблівасцю стылю кіраўніцтва Караткова было заахвочванне новых ідэй, падтрымка ініцыятыўнасці работнікаў. І яшчэ ён адзначаў, што "Караткова паважалі не толькі як дасведчанага прафесіянала і разумнага кіраўніка, але і як чалавека з эрудыцыяй, высокаадукаванага, з ім было цікава мець зносіны на самыя розныя тэмы. Канстанцін Канстанцінавіч шмат чытаў, сачыў за ўсімі навінкамі літаратуры, не прапускаў ніводнай тэатральнай прэм'еры, быў кансультантам фільмаў Эльдара Разанава і Мікіты Міхалкова".

Канстанцін Канстанцінавіч Караткоў кіраваў параходствам да 1984 года і памёр 16 чэрвеня 1993 года.

Пашана па заслугах

За час працы да баявых узнагарод наша земляка дадаліся ордэны Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі, ведамасныя знакі адрознення.

Яму былі прысвоены ганаровыя званні "Заслужаны работнік транспарту РСФСР" і "Ганаровы работнік рачнога флоту". Канстанцін Караткоў абіраўся дэлегатам з'ездаў КПСС і многія гады быў дэпутатам Горкаўскага абласнога савета.

Імем нашага земляка назвалі чатырохпалубны цеплаход. А 22 ліпеня 2010 года на Верхне-Волжскай набярэжнай Ніжняга Ноўгарада адкрылі мемарыяльную дошку на доме №8А, дзе Канстанцін Канстанцінавіч жыў з 1960 па 1993 год.

Не забыліся на яго і там, дзе ён працаваў і вучыўся. 8 красавіка 2022 года ў дзень юбілейнай даты ў сценах Волжскага параходства прайшла памятная сустрэча, на якой прысутнічалі ветэраны рачнога флоту, сваякі Канстанціна Караткова, супрацоўнікі і студэнты Волжскага дзяржаўнага ўніверсітэта воднага транспарту, курсанты Ніжагародскага рачнога вучылішча.

І нам, яго землякам, трэба ганарыцца тым, што на нашай зямлі нарадзіўся такі славуты чалавек.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца