пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Памёр прафесар БДСГА, паэт Аляксандр Клачкоў

02.04.2022 – 12:50 | 3081

"У Вас не загінуў сапраўдны беларус", – так сказаў народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч пра доктара тэхнічных навук, прафесара БДСГА Аляксандра Віктаравіча Клачкова, які акрамя навуковай дзейнасці пісаў вершы. Ён быў паэтам з вялікай літары! 31 сакавіка Аляксандр Віктаравіч адышоў у лепшы свет. Пра яго ўспамінае даследчык мясцовай гісторыі Уладзімір Ліўшыц.

"Хочаш быць чалавекам – чытай кнігi"

Аляксандр Клачкоў нарадзіўся 30 чэрвеня 1952 года ў вёсцы Ваўкавічы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў Людмiлы Фёдараўны i Вiктара Сямёнавiча. Бацька ў складзе Чырвонай Армii ўдзельнiчаў у баях пры вызваленнi Польшчы i Германii, меў медалi i падзякi камандавання.

Спачатку вучыўся ў мясцовай школе, а потым у Хацкавiцкай сярэдняй – туды-назад на заняткі прыйшлося хадзіць па 20 кіламетраў у дзень. Вучыўся добра. Асаблiва яго, як наогул многiх вясковых хлопчыкаў, цiкавiла тэхнiка, якую ён бачыў на палях мясцовага калгаса.

Пашанцала яму на настаўнiка лiтаратуры. Рыгор Рыгоравiч Ханiн вельмi любiў паэзiю, i як успамiнаў Аляксандр Вiктаравiч, чытаў iм вершы рускiх i беларускiх паэтаў.

На ўсё жыццё запомніў яго словы: "Хочаш быць чалавекам – чытай кнігi". I Алякандр Віктаравіч шмат чытаў. Добрая бiблiятэка была ў бацькоў, перачытаў амаль усе кнiгi і ў мясцовай бiблiятэцы.

Аляксандр пiсаў вершы для школьнай насценнай газеты. Нават была думка паступаць на факультэт журналiстыкi. Але перамагла цяга да тэхнікі i павага да адвечнай працы хлебароба!

Таму ў 1969 годзе, калi з залатым медалём cкончыў школу, паступіў на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Хутка праляцелi студэнцкiя гaды. Тут, у Горках, ён зрабiў першыя крокi ў навуцы – пачаў займацца даследаваннямі па філасофіі і сельскагаспадарчых машынах.

Першая публікацыя з'явіліся ў 1974 годзе на філасофскай канферэнцыі ў Таліне па тэме стварэння мадэляў, звязаных з кафедрай сельскагаспадарчых машын.

У Горках Аляксандр Клачкоў сустрэў сваё каханне – Вольгу, студэнтку агранамiчнага факультэта, з якой разам яны пражылі шмат гадоў, выхавалi сына i дачку, а потым дапамагалі гадаваць унукаў.

Усё жыццё быў звязаны з навукай

У 1974 годзе Аляксандр Віктаравіч з адзнакай скончыў акадэмiю. Працаваў два гады інжынерам па ўкараненні дасягненняў навукі і перадавога вопыту наша ВНУ. Гэта быў цікавы перыяд дзейнасці супрацоўнікаў акадэміі па ўкараненні метадаў праграмавання ураджаяў і іх практычнай рэалізацыі ў гаспадарках Магілёўскай вобласці.

Цяга да навукi прывяла ў аспiрантуру пры кафедры сельскагаспадарчых машын. З 1976 па 1979 гады займаўся навуковымi даследаваннямі пад кiраўнiцтвам прафесара Фёдара Рыгоравiча Гусiнцава i ў 1981 годзе абаранiў кандыдацкую дысертацыю.

Здольнага маладога вучонага пакiнулi працаваць у акадэмii. З 1976 года ён асiстэнт, з 1984 – старшы выкладчык, з 1991 – дацэнт кафедры сельскагаспадарчых машын. Потым працаваў прафесарам кафедры сельскагаспадарчых машын, дэканам па рабоце з замежнымі студэнтамі, прарэктарам па навуковай рабоце акaдэмii, загадчыкам кафедры сельскагаспадарчых машын, стаў прафесарам гэтай кафедры.

З 1988 па 1990 г. навучаўся ў дактарантуры пры БДСГА, ягоным навуковым кансультантам быў акадэмiк С.I.Назараў. У 1991 годзе абаранiў доктарскую дысертацыю ў Ленiнградскiм дзяржаўным аграрным універсітэце.

Быў аўтарам шэрагу падручнiкаў i многiх кнiг па механiзацыi сельскай гаспадаркi. За плячыма вучонага болей за 570 навуковых i метадычных прац, ён быў аўтарам шматлікіх вынаходнiцтваў. Яго працы па сельскагаспадарчых машынах ведаюць у Швецыi, Францыi, Польшчы. Стажыраваўся ў ЗША, Нiдэрландах, Данii.

Клачкоў укаранiў шэраг навуковых распрацовак у сельскагаспадарчую вытворчасць Рэспублiкi Беларусь. Асноўнымi сярод ix былі ўдасканальванне глебаапрацоўчых прылад i апрысквальнiкаў. Выконваў значную працу па павышэннi прафесiйнай адукаванасцi спецыялiстаў сельскагаспадарчай вытворчасцi, а таксама практычнай адпрацоўцы новых тэхналогiй ва ўмовах вытворчасцi. Падтрымлiваў працоўныя стасункi з шэрагам прадпрыемстваў па вытворчасцi сельскагаспадарчай тэхнiкi. Kipаваў навуковымi даследаваннямi па распрацоўцы новых тэхналогiй i машын. Быў вопытным выкладчыкам i вядомым навукоўцам, валодаў беларускай, рускай і англiйскай мовамi, вывучаў нямецкую.

Прафесар з Германii, ганаровы прафесар БДСГА Норберт Макоўскi лiчыў, што далёка за межамi Беларусi вядома пра навуковую школу Аляксандра Вiктаравiча. Шэсць яго вучняў ужо сталi кандыдатамi тэхнiчных навук.

Клачкоў доўгі час быў старшынёй, сябрам Савета па абароне дысертацый па спецыяльнасцi "Тэхналогii i сродкi механiзацыi сельскай гаспадаркi" ў БДСГА. Быў абраны член-карэспандэнтам Беларускай iнжынерна-тэхналагiчнай акадэмii.

Гады плённай працы прынеслі Аляксандру Віктаравічу прызнанне грамадства. Узнагароджаны трыма медалямi ВДНГ СССР, знакамi "За актыўную работу ў навукова-тэхнічным таварыстве" i "За дасягненні ў галіне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў АПК". У 2009 годзе Горацкi раённы выканаўчы камiтэт прысвоiў яму Ганаровае званне "Чалавек года" ў намiнацыi "Грамадска-палiтычная дзейнасць".

Не цураўся матчынай мовы

Займаючыся навукова-педагагічнай працай, Аляксандр Клачкоў, як сапраўдны інтэлігентны чалавек, не цураўся матчынай мовы.

Пісаць вершы, як мы ўжо адзначалi, пачаў са школьных гадоў. Пісаў на рускай і беларускай мовах, прычым не проста на беларускай, а на народна-гутарковай, усходне-магілёўскай гаворцы. На ёй выйшла ягоная кніга "Мікітавы прыгоды", якая была надрукавана ў Горках у 2000 годзе. Як адзначае аўтар прадмовы, лаўрэат літаратурнай прэміі імя А.Куляшова паэт Алесь Пісьмянкоў, аўтару "ўдалося стварыць шэраг праўдзівых і запамінальных сцэн з жыцця вёскі, прасякнутых не толькі гумарам, але і болем за яе ўчорашні і сённяшні дзень".

Цікава, што яшчэ да выдання гэтай кнігі яе прачытаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, з якім Клачкоў сустрэўся асабіста. Пра гэта Аляксандр Віктаравіч успамінаў: "Сустрэча і працяглая гутарка атрымалася ў чэрвені 2000 года ў рэдакцыі штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва" дзякуючы дапамозе галоўнага рэдактара гэтага выдання Алеся Пісьмянкова. Ён раней перадаў Нілу Сымонавічу для азнаямлення надрукаваны на пішучай машынцы рукапіс маёй паэмы, ці, лепш, вершаваных апавяданняў, "Мікітавы прыгоды".

З хваляваннем ішоў на гэту сустрэчу з букетам кветак, пабачыўшы якія, Ніл Сымонавіч сумеўся і сказаў, што гэта было б лепш пры спатканні з жанчынай. Прыйшлося тлумачыць, што не прынесці кветкі не мог, таму што выказваю шчыраю павагу да Паэта. Пачалася гутарка з нечаканага пытання: "Чаму такі даволі вядомы паважаны навукоўца напісаў на беларускай мове такі нечаканы жартоўны твор?"

Крыху разгубіўшыся, шчыра адказаў, што сам не ведаю, як гэта атрымалася, але, можа, Ніл Сымонавіч растлумачыць. І паэт сказаў: "Ведаю, таму што ў Вас не загінуў сапраўдны беларус". Далей ён даў прыязную адзнаку тэксту, падтрымаўшы захаванне "магілёўскага" дыялекту, жыццёвасці і канкрэтнасці апісаных сітуацый. Былі і вельмі далікатныя пажаданні, якія потым пастараўся ўлічыць пры падрыхтоўцы паэмы да друку. "Дзякую за "Тэатр жыцця". З трох раздзелаў кнігі мне найбольш удалым здаецца апошні – "Дзеі мінулага". Уражвае ўласцівая Вам цяга да афарыстычнасці, да ёмістага вобразнага абагульнення, накшталт:

Там каліны смак зусім не горкі…"

Альбо:

У той час, як сонца на заходзе, можна быць, бадай, самім сабою.

Усё гэта – паэзія", – адзначыў Гілевіч.

А пра кнiгу "Тайна часу" народны паэт Ніл Гілевіч пiсаў: "У "Тайне часу" ёсць нямала вершаў, якія мне прыйшліся да душы, асабліва ў раздзелах "Час між людзей" і "Чысты час" – медытатыўныя, роздумныя, хоць яны і больш абстрактныя (гэта – натуральна)".

Прайшло некалькі год, і Клачкоў стаў аўтарам ужо некалькіх паэтычных кнiг "Камін" (2001), "Тайна часу" (2002), "Вечныя пытанні" (2003), "Тэатр жыцця" (2005), "Паланэз" (2007), "Наша зямля" (2008), "Колер i гук" (2009), "Думкі" (2011),"Сталкер" (2011), "Формуля жыцця" (2017). А кніга "Pictures of Haiku" выйшла ў 2018 годзе ў ЗША.

Многiя ягоныя вершы былi надрукаваны ў калектыўных зборнiках, што выходзiлi ў Горках, а таксама ў штотыднёвiку "Лiтаратура i мастацтва".

Асновай творчасцi паэта была родная зямля i яе фiласофска-лiрычнае разуменне.

Аляксандр Клачкоў глядзеў на свет вачыма філосафа, спрабаваў асэнсаваць і перадаць словамі вельмі складаныя пытанні дыялектыкі нашага жыцця. Яго паэтычныя разважанні тонкія, разумныя і праніклівыя, а кожнае слова праверанае i выверанае.

Гэта заўважыў і сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Анатоль Зэкаў, якi лiчыў, што "паэт шукае. Слова за словам, радок за радком. Ён зусім не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, а імкнецца разважаць над кожнай праявай жыцця па-свойму, а заадно падключае да разваг і чытача. Галоўнае для аўтара – каб яго чытач не быў абыякавы да ўсяго, што адбываецца вакол нас, у свеце".

На наш погляд, Аляксандр Клачкоў быў паэтам цішыні і адзіноты, калі ў чалавека з'яўляецца магчымасць падняцца над мітуснёй побыту, задумацца пра сэнс жыцця чалавека.

Ягоныя вершы разлічаны на сваё асяроддзе чытачоў, людзей высокаінтэлектуальных і культурных, неабыякавых да мінулага і сённяшняга дня. Кожны вершаваны радок цягне за сабой асабістыя ўспаміны, кранае ў душы таямнічыя ноткі.

Аляксандр Вiктаравiч з болем у сэрца чуў, як часта скажаецца "прыродная" беларуская мова. Ён заклікаў суграмадзян да асцярожных і трапяткiх адносін да моўнай спадчыны продкаў – мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У сваіх вершах ён праслаўляў родную мову, бачачы ў ёй аснову дзяржаўнасці і вытокі нацыянальнай духоўнасці:

Мілагучная Родная Мова

З каранямі лясоў і палёў.

Так, жыццё пачалося са Слова,

Каб адбыцца і спраўдзіцца зноў.

Яшчэ варта адзначыць, што Аляксандр Клачкоў – быў спеваком беларускай прыроды, някідкай прыгажосці роднай зямлі. Створаныя ім у вершах слоўныя пейзажы багатыя не фарбамі, а вобразамі і гукамі, цікавыя не самі па сабе, а тымi пачуццямi, якiя яны абуджаюць у душы чалавека.

У вершах Аляксандра Віктаравіча ўражваюць гумар, сатыра аўтара, які не мірыцца са злом, выкрываe бюракратаў, падхалімаў, лайдакоў i ашуканцаў.

Жыццё і творчасць Аляксандра Вiктаравiча, вучонага i паэта, была арганічным адзінствам навукі, культуры, тэхнікі і лірыкі. Паэты не паміраюць. І мы, яго блізкія сябры, удзельнікі народнага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова", актыўным сябрам якога быў Аляксандр Віктаравіч, заўсёды будзем памятаць пра гэтага выдатнага чалавека, творцу, грамадзяніна, выкладчыка. Яго вершы будуць заўсёды гучаць з вуснаў калег, паэтаў, жыхароў горада Горкі, студэнтаў БДСГА – усіх, хто яго любіў і паважаў!

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email