суб, 21.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Куды зніклі нашы салдаты?

05.09.2014 – 08:00 | 760

Гісторык Аляксандр Каданчык даследуе праблему прапаўшых без вестак у Горацкім раёне.

“Помереть на глазах у всех я не боюсь. Я без вести пропасть не имею права”, − казаў герой рамана К.Сіманава “Жывыя і мёртвыя”. 

Чаму для камбрыга Серпіліна прапасці без вестак было страшней, чым сама смерць – зразумела з яго біяграфіі. Але ці думалі многія тысячы воінаў Чырвонай Арміі, што лініі іх жыццяў бясследна згубяцца дзесьці ў шматлікіх баях мінулай вайны?

Незадоўга да зыходу з акадэміі перад лекцыяй па тэме “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны” я прапанаваў студэнтам першага курса аграэкалагічнага факультэта паспрабаваць сябе ў ролі гісторыкаў.

Кожны чалавек, па сутнасці, заўсёды гісторык, але калі ён пачынае свядома рабіць хоць маленькае гістарычнае даследаванне – гэта зусім іншы ўзровень. Вось я і хацеў, каб студэнты самі далучыліся да справы вывучэння гісторыі вайны на матэрыяле сваіх раёнаў.

Даступнаю крыніцаю для іх пошуку павінны былі стаць кнігі “Памяць” – гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Пачынаць трэба было са статыстыкі: зрабіць пэўныя падлікі па раздзелу “Воіны-землякі, якія загінулі і прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 – 1945 гг.”. Мне хацелася, каб за сухімі лічбамі студэнты ўявілі людзей, якія заўчасна, часам у страшных пакутах, аддалі свае жыцці дзеля перамогі ў вайне, каб моладзь, гартаючы старонкі пра свае родныя мясціны, адчулі трагедыю, якую перажылі іхнія вёскі і гарады, убачылі сярод ахвяраў вайны прозвішчы сваіх продкаў і землякоў. 

Для пачатку прапанаваў добраахвотнікам узяць хроніку Горацкага раёна і падлічыць, колькі жыхароў прапалі без вестак. Бо сам звярнуў увагу на незвычайна вялікую колькасць тых, хто значыўся ў гэтай катэгорыі не вярнуўшыхся з вайны. 

Першай адгукнулася прыгожая дзяўчынка і выдатная студэнтка Ірына Анціпенка. Яе лісток з слупком лічбаў, які яна прынесла на наступную лекцыю, захаваўся да гэтага часу. 

Лічбы крыху не супадалі з маімі, але тады я адразу перанёс іх ў выглядзе табліцы на дошку і спытаў студэнтаў, ці бачаць яны нешта асаблівае? 

Да гонару студэнтаў, адказ, якога я чакаў, прагучаў хутка. А потым самі студэнты, як іх вучыў, паставілі галоўнае пытанне: чаму? Бо гісторыя аперыруе не проста пытаннямі “што, дзе, калі?”, а спрабуе адказаць, чаму адбылося так, а не інакш. 

Што ж такога было ў тых лічбах, якія кінуліся ў вочы студэнтам? Што такога незвычайнага ўбачылі яны ў крыху сістэматызаванай інфармацыі, даступнай для ўсіх?

Аб гэтым крыху ніжэй. 

Перш чым перайсці непасрэдна да лічбаў, звяртаю ўвагу, што падлік зроблены мною па кнізе “Памяць: гіст.-дакум. хроніка Горацкага р-на. − Мн.: Выш. шк., 1996”.  Падлік не з’яўляецца абсалютна дакладным, бо ёсць розніца ў звестках аб тых, хто не вярнуўся з вайны. Вось прыклады па вёсцы Старына:

Дарэўскі Палікарп Мацвеевіч, н. у 1916, прапаў без вестак у жніўні 1944”. Невядома, калі ён быў прызваны, дзе прапаў.

Лаўранкоў Ілья Майсеявіч, н. у 1906, калгаснік, у Чырвонай Арміі з 1943, рад., памёр ад ран 5.8.1944, пахаваны ў г. Сувалкі, Польшча”. Звесткі даволі поўныя: ўзрост, год прызыву, прычына і дата смерці, месца пахавання.

Мелехаў Міхаіл Фёдаравіч, н. у 1922, калгаснік, у Чырвонай Арміі з 1941 г., рад.” Усё. Што з ім сталася – мы не ведаем. Але вядома, што з хлапцоў 1922 г. нараджэння, якія былі ў арміі на пачатку вайны, жывымі вярнулася толькі каля 4%. 96 са 100 забрала вайна.

Мяжэвіч Іван Трафімавіч”. Хто ён, колькі гадоў яму было, што з ім? Нам невядома.

Адсутнасць пэўных звестак не з’яўляецца сведчаннем безадказнасці складальнікаў. За даўнасцю гадоў зышлі многія сведкі тых падзей. Сама сістэма фіксацыі і захавання інфармацыі, відаць, не вельмі дасканалая.

Дапускаю, што частка інфармацыі па розных прычынах аказалася недасягальнай. І тым не менш была зроблена вялікая праца. Яна паведаміла нам пра тых, хто назаўсёды застаўся ў вайне. Мы атрымалі магчымасць крыху яшчэ наблізіцца да праўды аб тым перыядзе нашай мінуўшчыны.

Паглядзім на табліцу, размешчаную ніжэй.

Прапалі жыхары Горацкага раёна

Менавіта інфармацыя па Горацкім раёне зацікавіла мяне настолькі, што я ўзяўся за дэталёвы падлік і па іншых раёнах Беларусі.

Ці не выглядае неверагодным, што амаль палова жыхароў раёна (45,84%), якія не вярнуліся з вайны, да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак?

Па асобных вёсках гэты паказчык яшчэ больш жахлівы. Напрыклад, вёска Аўсянка: з 43 названых у кнізе 25 – прапаўшыя без вестак, яшчэ па 7 – інфармацыя адсутнічае. Такім чынам, 32 чалавекі з 43 – прапалі невядома дзе.

Не валодаю інфармацыяй аб колькасці прапаўшых без вестак па іншых рэспубліках, як невядома і лічба па Чырвонай Арміі ў цэлым. Але па шэрагу фактаў можна меркаваць, што яна непараўнальна вялікая адносна армій іншых краін-удзельніц Другой сусветнай вайны.

Чаму так адбылося? Якую долю ў агульным складзе займаюць жыхары Беларусі? Гэта пытанні, на якія, на маю думку, пераканаўчых адказаў пакуль што няма.

Аляксандр Каданчык, працяг будзе

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email