пят, 13.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Паэту і сатырыку Міхаілу Уласенку – 85 гадоў!

21.02.2022 – 18:12 | 1386

Значная частка жыцця Міхаіла Аляксандравіча Уласенкі звязана з Горкамі, раённым і абласным друкам. 10 лютага гэтаму чалавеку споўнілася 85 гадоў. Пра жыццёвы і творчы шлях нашага земляка ўспамінае Уладзімір Ліўшыц.

Напісаў гумарыстычную паэму пра сваю бабулю

Міхаіл Аляксандравіч нарадзіўся 10 лютага 1937 года ў вёсцы Юшкавічы Мсціслаўскага раёна. Вершы пачаў пісаць ў дзяцінстве. У дзесяцігадовым узросце склаў ці не цэлую гумарыстычную паэму пра бабулю, якая хацела пабіць яго матузамі за нейкую дробязную шкоду, на што ён таксама быў вельмі здатны. Праўда, не дагнала. Толькі гэты вялікі свой верш Міхаіл і запомніў.

Лёгка ставіўся ён і да знішчэння сваіх твораў: першы раз, адпраўляючыся на вайсковую службу, а потым – з нагоды іншых пераездаў.

Так склаўся лёс, што аб'ездзіў Міхаіл Уласенка за жыццё амаль паўсвету. І ўсё сваё, як той класік казаў, вазіў з сабой. У чамадане толькі і хапала месца на кнігі, на якія ён грошай не шкадаваў, бо былі, не па нашым часе, вельмі танныя. На ўласныя рукапісы месца не хапала. Апошні рахунак з імі звёў ужо ў сталым узросце – на зары знакамітай "перабудовы". Аб гэтай падзеі застаўся вершаваны "пратакол", які ўвайшоў у ягоны першы паэтычны зборнік:

Мае выдавецтвы –

Сталы і паліцы, –

Не лепш ды й не горш,

Чым у сталіцы.

Паехаў за сібірскай рамантыкай

Першыя гады жыцця Міхаіла апалiла Вялiкая Айчынная вайна. Хоць быў ён маленькi, але памятае і бамбёжкi, і голад у час акупацыi, i слёзы жанчын, якiя атрымлiвалi пахаванкі. У бацькоў Аляксандра Паўлавіча і Ульяны Рыгораўны было чaтыры сыны. Таму, калi старэйшы скончыў 7 класаў Маляціцкай школы, і яму ўжо споўнілася 17 гадоў, на сямейным савеце вырашылi адпраўляць яго на сельскую прафесію. Маўляў, будзеш працаваць i дапамагаць падымаць малодшых.

Так у 1954 годзе Міхаіл Аляксандравіч паступiў у Мсціслаўскае вучылішча механізацыі. Да арміі паспеў папрацаваць і трактарыстам, і рабочым на будоўлі моста на трасе Масква – Берлін праз раку Сож у Крычаве.

Далей была служба на Балтыйскім флоце. Падчас дэмабiлiзацыi вярбоўшчыкi запрашалi асаблiва тых, хто меў правы трактарыстаў, папрацаваць на цалiне.

I Мiхаiл даў згоду. Праз год вярнуўся дадому, дзе сустрэўся з братам Мікалаем, які таксама пасля арміі працаваў на будоўлі Брацкай ГЭС і прыязджаў у адпачынак. Так расхваліў ён сібірскую рамантыку, што Міхаіл без разважанняў адправіўся з ім на самую славутую будоўлю, дзе адпрацаваў амаль два гады.

"У сельгасаддзел! Літрабам…"

У Брацку завітаў са сваімі лірычнымі вершамі ў мясцовую газету "Красное знамя". Сустрэўся там з земляком – карэспандэнтам Іванам Бязрукавым. І стаў удзельнікам тамашняга літаратурнага аб'яднання.

У 1964 годзе рэдакцыя газеты паслала здольнага рабочага-паэта на творчую канферэнцыю "Молодость, творчество, современность", якая праходзіла ў Іркуцку. Пашчасцiла нашаму земляку патрапiць у секцыю вядомых паэтаў Аляксандра Межырава і Марка Собаля. Ужо пасля семiнара, прыдбаўшы iх кнiгi, Мiхаiл зразумеў, з якiмi майстрамi слова яму давялося сустрэцца.

У 1965-м, нарэшце, вярнуўся ў Беларусь. Завітаў да родзічаў у Крычаў, прыхапіўшы з сабой нізку лірыкі, вядома, рускамоўнай: можа, думаў, у тутэйшай газеце надрукуюць. Рэдактар Ягор Бяспалаў пагартаў яго паперы і сказаў загадным тонам: "У сельгасаддзел! Літрабам…".

Георгій Юрчанка стаў ягоным завочным настаўнікам

Так Міхаіл, з сямікласнай адукацыяй, не здольны не тое што напісаць, але і слова вымавіць па-беларуску, стаў літработнікам раённай газеты. Праўда, усе ў рэдакцыі размаўлялі на трасянцы, што ён успрымаў даволі прывычна. Гэта ж яго родная, матчына мова! Пісаць жа трэба было на літаратурнай. Вось тут ён аказаўся поўным нулём. Але ў рэдакцыі была першакласная машыністка, якая імгненна перакладала. Дзякуючы ёй на старонках газеты атрымліваліся неблагія карэспандэнцыі, нарысы і нават фельетоны. Тут Уласенку прынялі ў Саюз журналістаў Беларусі.

І мову з цягам часу асвоіў. Тым больш, што ў рэдакцыйнай бібліятэцы было шмат беларускай літаратуры, розных слоўнікаў. На стале – падшыўкі газет. Найбольш ён захапляўся гумарам. Пастаянна чытаў "Вожык". Асабліва кранула гумарыстыка Георгія Юрчанкі, які стаў яго завочным настаўнікам, а потым і рэдактарам. Другая кніжка Міхаіла Уласенкі "Базар житейской суеты" выйшла ў 2010 годзе пад рэдакцыяй і з прадмовай Юрчанкі.

У Крычаве ў вячэрняй школе атрымаў сярэднюю адукацыю, паступіў у Вышэйшую партыйную школу на аддзяленне журналiстыкi. Тым часам у Магiлёве заўважылi таленавiтага журналiста i запрасiлi на працу галоўным рэдактарам Магілёўскага абласнога тэлерадыёкамітэта, дзе адпрацаваў пяць гадоў. З 1980 па 1992 год – ён галоўны рэдактар горацкай раённай газеты, затым уласны карэспандэнт "Магілёўскай праўды".

Міхаіл Уласенка лiчыць, што на яго журналісцкі прафесіяналізм моцна паўплывалі былыя рэдактары "Магілёўскай праўды" Аляксандр Тарпачоў і Мікалай Тоўсцік.

Кароткі жанр на 20 кніжак

Працуючы ў газеце i на радыё, Міхаіл Уласенка ў вольны час пiсаў вершы i апавяданнi пераважна на рускай мове. Амаль усё створанае да "перабудовы" ў выніку змен месца жыхарства было згублена, а тое, што засталося – знішчана (спалена) уласнаручна, пра што не шкадуе.

Была задумка напiсаць раман пра падзеі, звязаныя з будаўнiцтвам Брацкай ГЭС, але прывабiла кароткая форма. З таго часу ягоных чатырохрадкоўяў назбіралася на 20 кніжак! Гэта эпіграмы і міні-пародыі, гумарыстычныя і сатырычныя зацемкі пад агульнай назвай "Дробязі жыцця". Ён эпіграмаваў болей за тысячу прыказак і прымавак, напісаў некалькі паэм і апавяданняў. Нядаўна выйшаў ягоны трэці зборнік "Вершаплёт" – своеасаблівы дапаможнік, адрасаваны школьнікам і студэнтам, паэтам-пачаткоўцам, якія хочуць больш дасканала асвоіць родную мову і навучыцца фармуляваць думкі ў форме вершаванай мініяцюры.

На пытанне, чым прывабiла яго кароткая форма, адказвае: "Па-першае, усведамленнем таго, што мы залішне перанасычаны інфармацыяй: кнігі, газеты, тэлебачанне, інтэрнэт… Хтосьці знаходзіць задавальненне ў "муках творчасці", працуючы над раманам ці аповесцю. Не мукі гэта, а катарга!"

Муки творчества?

Довольно чепухи!

Несчастен

Терпящий такие муки.

А я пишу короткие стихи –

Нет средства лучшего

От скуки.

– Па-другое, праца над вялiкiмi формамi патрабуе стала, паперы, чарнiла цi алоўка. Праўда, зараз можна набiраць тэкст на камп'ютары. А я чытаю кнігу, стаю ў чарзе, працую на дачы, еду на машыне, i вершы прыходзяць у гатовай форме ў самы непадыходзячы момант – тут спяшайся толькi запісаць. Нават ляжыш у ванне, а побач аловак і папера. У дарогу дыктафон бяру. У лесе грыбы збіраеш – блакнот у кішэні…

Часта па працы яму даводзіцца бываць на розных афіцыйных мерапрыемствах, скажам, на раённых семінарах. І тут знаходзіць тэму для гумару:

Хвала и слава семинару,

Не разорит он вмиг державу,

В нем шанс для мелкого хабару

Поесть и выпить на халяву.

Мы ведаем, што сатыра мае сацыяльную падаплёку. Яна часам жорстка крытыкуе сацыяльнае зло. Мініпародыі Міхаіла Уласенкі, выхапленыя з жыцця, уражваюць сваёй мастацкай дасканаласцю. Прыцягваюць арыгінальнасцю жыццёвых назіранняў і нагадваюць нам пра тое, што мы самі  часта назіраем, пра што думаем-разважаем і з чаго смяёмся:

Нет мне дела до земных грехов,

Не страдаю комплексом открытий,

Я прессую гранулы стихов

Из отбросов будничных событий.

Як ужо адзначалася, некалькi соцень мiнiяцюр увайшлi ў першую кнiгу "Мелочи жизни" (2005). Яна былa прыхільна сустрэта крытыкай. А беларускi паэт Казімір Камейша адзначыў: "І ў паэме не выказаць таго, які сэнс закладзены ў іншай мініяцюры". "…Гэта ж наколькі патрэбна мець глыбінны погляд на навакольную рэчаіснасць і з'явы жыцця, каб так трапна і дасціпна фармуляваць думку, ды яшчэ і ў рыфмаванай форме", – адзначыў пiсьменнiк Анатоль Казлоў. А пiсьменнiк Уладзімір Саламаха, былы рэдактар часопiса "Вожык", дадаў: "Трапныя, вострыя, смешныя, па-філасофску мудрыя сатырычныя мініяцюры Міхаiла Уласенкі друкуе не толькі наш часопiс, яны адпраўлены на сайты расійскіх сатырычных выданняў".

"Мелочи жизни" захапляюць з першых радкоў, нясуць чытача ў вадаварот "житейской суеты". I цiкава, што так называецца другая кнiга Уласенкi – "Базар житейской суеты", выдадзеная ў 2010 годзе.

На пенсіі не адпачывае, а працягвае працаваць

Зараз Міхаіл Аляксандравіч пенсіянер, але па-ранейшаму працуе ўласным карэспандэнтам у абласной газеце "Зямля і людзі", часта друкуецца ў іншых абласных і рэспубліканскіх выданнях. Ён актыўны член народнага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова".

У 2006 годзе лiтаратурная грамадскасць ацанiла творчасць Міхаіла Уласенкі, i ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2013 годзе ў спаборніцтве сярод журналістаў абласных і раённых газет заняў першае месца і быў узнагароджаны Дыпломам I ступені Магілёўскага аблвыканкама.

Віншуем паважанага Міхаіла Аляксандравіча з 85 годдзем! Зычым яму здароўя, шчасця і чакаем ад паэта новых твораў.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email