13 студзеня па народным календары імяніны ў Меланні, Міхаіла і Пятра. Гэта быў Шчодры вечар (пярэдадне Новага года па старым стылі), пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз ходзіць – куццю есці". Яшчэ да світанку нашы продкі варылі абрадавую кашу – куццю. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў – будзе бяда. У некаторых мясцінах лічылі, што нельга гатаваць рыбу, бо шчасце з дома ўплывае.
Зорная ноч – да ўраджаю ягад. Калі ноччу вецер дзьме з поўдня – год будзе спякотным і шчасным, з захаду – да багацця малака і рыб, з усходу – чакай ураджаю садавіны.