Распавядзіце, як вы пачалі размаўляць па-беларуску ці прыахвоцілі да беларушчыны сябра — і атрымайце каштоўныя ды карысныя падарункі.
Незалежная ініцыятыва «Мова ці кава» абвяшчае пра пачатак кампаніі «Навучы сябра размаўляць па-беларуску», якая адбываецца пад эгідай кампаніі «Зробім лепш» Асамблеі НДА.
Кампанія накіраваная на пераадоленьне страху, псыхалягічных бар’ераў, папулярызацыю ідэі размаўляць па-беларуску і дэпалітызацыю моўнага пытаньня.
Усім ахвотным і неабыякавым прапануецца ўзяць шэфства хоць бы над адным сваім рускамоўным сябрам і навучыць яго размаўляць па-беларуску.
Гэта можа быць, напрыклад, ваш добры знаёмы ці сябра дзяцінства, брат, сястра, тата, бабуля ці чалавек, якога вы сустрэлі ўчора ў тралейбусе і які ня мае нічога супольнага зь Беларушчынай.
Чалавек, які вывучыў беларускую мову, адкрывае для сябе новы сьвет: новую музыку, новыя кнігі, новае кола зносінаў.
Навучыць мове — справа няпростая. Менавіта таму «Мова ці кава» падрыхтавала адмысловую прадукцыю, слоўнічкі і карысныя спасылкі, якія вельмі спатрэбяцца падчас навучаньня.
У межах кампаніі стартуе конкурс. Напішыце пару абзацаў, як вы прыйшлі да беларушчыны або дапамаглі знаёмым ці сваякам загаварыць па-беларуску. Усе, хто дашле свае гісторыі, атрымаюць ад «Мова ці кавы» фірмовыя саколкі, а аўтары самых цікавых, сьмешных і дасьціпных тэкстаў — флэшкі, беларускія кнігі і дыскі зь беларускай музыкай.
Публікуйце свае гісторыі ў суполках Мовы ці кавы ў сацыяльных сетках вКонтакте ці ў фэйсбуку.
Кампанія «Навучы сябра размаўляць па-беларуску» будзе адбывацца ў Менску і рэгіёнах. Калі вы хочаце паўдзельнічаць у кампаніі, дасылайце свой паштовы адрас, і вы атрымаеце ад «Мовы ці кавы» налепкі ды іншую прадукцыю кампаніі.
Больш інфармацыі тут: