пан, 29.11.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Прачытала верш на ферме – і атрымала 200 тысяч лайкаў". Беларуска з вёскі стала сапраўднай зоркай тыктока

20.11.2021 – 13:18 | 2310

Людміла Запрудская жыве ў Чэрвеньскім раёне, працуе на мясцовай ферме тэхнікам-асемянатарам і, як сама гаворыць, ніколі не саромелася таго, што і нарадзілася, і жыве ў вёсцы. Жанчына піша сатырычныя вершы пра жыццё на манер Кандрата Крапівы, зачытвае іх на відэа і збірае сотні тысяч праглядаў у тыктоку. Пра гэта расказвае "Наша ніва".

"Аказваецца, людзям падабаеццца звычайная праўда жыцця"

Шчыра вам скажам: каб знайсці чалавека, больш сціплага за Людмілу, трэба яшчэ вельмі пастарацца. Калі мы адшукалі гэтую жанчыну і загаварылі з ёй пра інтэрв’ю, яна адразу збянтэжылася: "Я і ў жыцці вылучацца сярод іншых не люблю, а тут інтэрв'ю журналістам. Не-не-не".

Але ж як пра яе не расказаць? Тым больш што ў тыктоку, дзе Людміла Запрудская паказвае свае жыццё, яна амаль адразу стала зоркай.

@luciamatiunas

♬ оригинальный звук - luciamatiunas

♬ оригинальный звук - luciamatiunas

"Усё неяк выпадкова атрымалася, – гаворыць яна. – У пачатку лета дачка падпісала мяне на тыкток. Спачатку мне падабалася проста назіраць за людзьмі, потым я зняла некалькі відэа пра прыроду, а праз некаторы час нечакана для самой сябе рызыкнула зняць відэа пра ферму і прачытаць свой верш.

 

Як толькі я паказала гэтае відэа, пачало адбывацца нешта неверагоднае. Калі раней пад маімі матэрыяламі было па 100 праглядаў, то цяпер толькі за першыя суткі – больш за 200 тысяч. Я зразумела: аказваецца, людзям падабаеццца звычайная праўда жыцця".

Але ўсе не так проста. У Людмілы есць фірмовая фішачка. Свае праблемы жанчына ўспрымае з жартам, а ўсе назіранні са штодзённага жыцця філігранна пераводзіць у сатыру. Прычым досыць удала, здаецца, яе майстэрства ацаніў бы і сам Кандрат Крапіва.

"Я вельмі лёгка пішу на злобу дня, прычым нават калі мяне гэта не тычыцца, – смяецца Людміла. – Пачую, што людзі абураюцца – верш сам сабой складаецца.

@luciamatiunas

♬ оригинальный звук - luciamatiunas

".Вось, напрыклад, маленькі ўрывак з твора Людмілы, які яна напісала пасля паходу ў краму.

"…Маркетолагі працуюць, як гавораць, толькі ў пуць,

Прафесійна нас абуюць, віртуозна абдзяруць.

Круп у пачак не дасыплюць, у бутэлькі не дальюць,

А калі тавар паштучны, адну-дзве не дакладуць.

Меншы стаў стакан смятаны, масла – мінус 20 грам.

Ну а кошт… А кошт той самы. Во як дураць мазгі нам.

Не расце мая зарплата. Скачуць цэны – не суняць.

Дзе язык ваш, дэпутаты? Што нам мусіце сказаць?

Хтосьці есць адну капусту, а вы мяса – малайцы.

А выходзіць, што, па суці, усе ядзім мы галубцы".

У тыктоку Людміла з пачатку лета, але ўжо сёння яе відэа праглядаюць больш за 14 тысяч падпісчыкаў, якія паставілі больш за 200 тысяч лайкаў.

@luciamatiunas

#пішувершынамове #беларускіцікток #беларускаямова

♬ оригинальный звук - luciamatiunas

У топе па праглядах – самыя каларытныя. Тыя, дзе свае вершы Людміла зачытвае ў фірмовай жоўтай шапачцы на фоне цялушак.

"…Я б хацела гэты вершык пра кароўку напісаць,

бо яна пад пунктам першым, дзе ў калгасе грошы браць.

Можа колас не наліцца, можа бульба не ўрадзіць.

Як калгасніку круціцца, чым яму далгі плаціць?

Кукурузу за салярку, рапс – за калій і азот…

Помні кожны дзень, даярка, грошы ў цыцках круглы год".

"Дарэчы, была цікавая гісторыя з маёй жоўтай шапачкай, у якой я звычайна на відэа, – расказвае Людміла. – Хоць і смешна пра гэта казаць, але калі паехала першы раз у Баранавічы да сватоў выбіраць бульбу, то незнаёмыя людзі мяне пазналі менавіта па ёй.

І яшчэ я не з тых жанчын, што зімой з голай галавой ходзяць. Я нават дзеўкай на дыскатэку надзявала шапку, а каля клуба хавала ў кішэню".

"Каб не вылучацца сярод вяскоўцаў, у штодзённым жыцці гавару на трасянцы"

Здаецца, гэтая жанчына ўвогуле захапляецца ўсім, што бачыць навокал. Любіць сваю сям’ю і трох дачок, жыцця не бачыць без роднай фермы, на якой працуе шмат гадоў, захапляецца прыродай і роднай мовай.

Прытым размаўляе вельмі літаратурна, але ўдакладняе: "Каб не вылучацца сярод вяскоўцам, у штодзённым жыцці гавару на трасянцы".

З гэтай жанчынай можна і пасмяяцца. Да прыкладу, паглядзеўшы яе відэа, як яна танчыць на ферме побач з кароўкамі ці гатуе модную страву, уцягнуўшыся ў здаровы лад жыцця.

Можна і пусціць слязу, бо ёсць у Людмілы і такія відэа, якія літаральна прымушаюць сэрца біцца часцей. Вершы пра дзяцей з прытулкаў, пра любоў да Радзімы і абавязкова пра сваіх дачушак.

@luciamatiunas

#пішувершынамове #беларускіцікток #беларускаямова

♬ оригинальный звук - luciamatiunas

Жанчына не пасаромелася нават расказаць гісторыю, як горка плакала ў радзільні, бо нарадзіла ажно трэцюю дачку, а хацела сына. А потым жанчына выстаўляе верш з відэа, на якім бачны ўсе яе тры дачкі-прыгажуні, якія выбіраюць сукенку для вяселля адной з іх, і прызнаецца, што сёння яна самая шчаслівая маці ў свеце, бо ў яе самыя лепшыя дочкі.

@luciamatiunas

Ппедсвадебныехлопоты

♬ оригинальный звук - luciamatiunas

"Я насамрэч плакала, калі нарадзілася трэцяя дачка, а атрымалася так, што муж больш за ўсіх любіць менавіта меншую – характарам яна пайшла ў яго, – прызнаецца Людміла і дадае: – Дзеці ў маім пачынанні мяне падтрымліваюць. Муж, скажам так, проста не замінае, аднак, бывае, прыносіць прывітанне мне ад падпісчыкаў.

Дачнікаў, напрыклад, або яго знаёмых. Я нават не ведаю, хто з маіх вяскоўцаў на мяне падпісаны, бо пасля некаторых вершаў на мяне падпісваліся па некалькі тысяч у дзень".

"Круцілі пальцам каля скроні: нейкая дурніца, пісаць такое не баіцца"

Як расказала нам Людміла, пісаць зноўку вершы яна пачала менавіта дзякуючы тыктоку, бо ўсвядоміла, што яны падабаюцца людзям і на іх ёсць попыт. А ёй імі з астатнімі дзяліцца прыемна.

"Дагэтуль амаль 20 год не пісала, толькі калі хто папросіць: каму-небудзь віншаванні альбо візітныя карткі для творчых конкурсаў. Была гісторыя: аднаму хлопцу напісала візітоўку для конкурсу, дык ён гэты верш на радыё потым прачытаў і сказаў, што сам напісаў", – гаворыць жанчына.Цяпер ужо Людміла можа даць сабе волю. Таму зачытвае сваім падпісчыкам і свежачок, і тыя вершы, якія напісала яшчэ 20 год таму: пра жыццёвыя клопаты, пра працу на ферме, каровак, жыццё ў вёсцы, калі-нікалі пра чыноўнікаў, чалавечыя недахопы. Віншуе са святамі калгаснікаў, а калі бывае ў новых гарадах, піша пра іх так, што ў іх адразу хочацца пабываць.

"Я нарадзiлася ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна, у 1980 бацькі пераехалі ў Мінскую вобласць. Мама адсюль, вучылася ў мясцовай школе. Тут і засталася. Вельмі люблю свой куточак і ўсё, што з ім звязана. Таму шмат пра яго і пішу, – удакладняе Людміла.

– Нават не ведаю, ці змагла б жыць у горадзе. Там вельмі хутка бяжыць час. Я да дачкі паеду – туды-сюды, і ўжо трэба на маршрутку. А ў вёсцы жыццё нетаропкае, размеранае".

Вершы Людміла стала пісаць у другім класе. А пачалося са здвоенага ўрока трэцяга і другога класаў.

"Калі настаўніца займалася з трэцякласнікамі, нам давала заданне: прыдумаць два наступныя радкі да вершаў з кніжнага тэксту. У мяне атрымлівалася лепш за ўсіх, – расказвае жанчына. – Напэўна, тады і адкрыліся гэтыя здольнасці. Памятаю, мне было гадоў 11. Дапамагала маме на ферме. А даяркі за вочы лаялі начальства. Маўляў, бруд у выгуле і мухі каровак даіць не даюць.

Дык я напісала пра гэта верш і зачытала. Яго ўзялі і перадалі начальству. І сітуацыя хуценька выправілася, але толькі ветурач за гэты вершык да апошніх дзён на нашую сям’ю крыўдзіўся".

Сама Людміла кажа, што за вершы ёй пакуль не "прылятала". Ні нейкіх вымоваў, ні яшчэ чагосьці не было."Сярод калег, ведаю, што круцілі пальцам каля скроні, што нейкая дурніца, пісаць такое не баіцца, але ўсур’ёз ніколі не каралі. Але быў выпадак. Я тады вучылася на асемянатара ў Жодзіне. На лекцыях пісала жартоўныя вершыкі і гумарэскі пра аднагрупнікаў і выкладчыкаў, – успамінае жанчына. – Набліжаліся залікі. Ну я і напісала, што хоць вучылася, але нічому не навучылася, а гэтыя вершыкі ўзялі ды перадалі куратарам.

Ох і скандал быў. Я плакала, карыла сябе за нястрыманасць і наіўнасць. А потым да мяне падышоў адзін выкладчык і папрасіў пачытаць мае вершыкі. І ведаеце што? Авансам залічыў мне экзамен, бо ў вершах была ўся тэорыя дысцыплін, якія нам выкладалі.

Ведаеце, я і зараз заўважаю: можна тысячу разоў старацца чалавеку нешта павучальнае данесці, дык яно яго не зачэпіць. А можна частушку ёмкую выдаць – дык ураз дойдзе. Бывала, даяркі ходзяць за ўрачамі палячыць кароўку. То не пачулі, то забыліся. Напішу праўдзівую частушку – пойдзе яна ў народ. Хоць і крыўдзяцца, але і справа хутка робіцца. Ведаеце, родная мова – гэта наша сіла".