пан, 6.12.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Плацяжы вырастуць у 4-5 разоў. Думаю, лепей закрыцца". Іпэшнікі пралічваюць, як жыць пасля змен у падатках

11.11.2021 – 15:25 | 569

З наступнага года ІП могуць чакаць змены ў падатках. Плануюць істотна скараціць спіс тых, хто працуе па адзіным падатку і спрошчанай схеме. А з 2023 года наогул адмяніць гэтыя рэжымы падаткаабкладання. Тых, каму нельга зарэгістравацца самазанятымі, могуць абавязаць плаціць па агульнай сістэме ці адкрываць мікраарганізацыю. "Наша Нiва" пагаварыла з ІП, якіх закрануць змены: што будзе з іх бізнэсам?

"Хутчэй за ўсё, буду сыходзіць у наём"

Таццяна аказвае кансалтынгавыя паслугі. Як ІП яна працуе 11 год. Кажа, што з наступнага года плануе спыняць дзейнасць.

"Я цяпер працую па спрошчанай сістэме без ПДВ (падатка на дадатковую вартасць) і фактычна плачу 5% ад фіксаванай выручкі. Плюс адлічэнні ў ФСАН. Бухгалтарскі ўлік магу весці самастойна. А вось пасля зменаў, якія плануюцца, давядзецца наймаць бухгалтара. Гэта ў разы павялічыць затраты".

Са студзеня жанчыну можа чакаць пераход на агульную сістэму падаткаабкладання. Там стаўка – 16% ад прыбытку. Колькі пацягне бухгалтарскае суправаджэнне, пакуль не вядома. Таццяна мяркуе, што 100-200 даляраў на месяц.

"Гэта рэгулярныя абавязковыя затраты, якіх у мяне раней наогул не было. І для пакрыцця гэтых расходаў неабходна пастаянная наяўнасць паступленняў. На фоне падаючага попыту і плацежаздольнасці заказчыкаў вельмі рызыкоўна браць на сябе гэтыя абавязацельствы.

Хутчэй за ўсё, буду сыходзіць у наём", – кажа прадпрымальніца.

"Раней мог сам пралічыць выручку, а цяпер чакаюць сур’ёзныя выдаткі на бухгалтара"

Пра аплату бухгалтара як самы вялікі галаўны боль кажа і прадпрымальнік Аляксандр. У яго некалькі ІП, змены могуць закрануць адно з іх – яно займаецца размяшчэннем рэкламы ў інтэрнэце. Па падліках мужчыны, падаткі вырастуць утрая.

"Апроч гэтага мяне чакаюць сур’ёзныя выдаткі на бухгалтара (пры спрошчанай сістэме я мог сам пралічыць выручку і аддаць 5%). На рынку іх паслугі стануць больш запатрабаванымі праз лавінападобны попыт, што немінуча прывядзе да росту цэн на бухулік.

Я чакаю, што мне выставяць ад 400 да 500 рублёў (а гэта 4800-6000 рублёў на год). Мае супрацоўнікі, у іншых ІП, атрымліваюць 650 на рукі (расход – 1000, з улікам ФСАН і падаходнага). Лічы, што падвешваю на шыю паўсупрацоўніка.

Па выніку ў нас з’явіцца больш бухгалтараў, якія не ўдзельнічаюць у стварэнні вартасці, а толькі забіваюць прыбытак".

Аляксандр кажа, што плаціць падаткі і заробкі "ў белую". Калі змены ў заканадаўстве ўступяць у сілу, ён бачыць варыянты альбо перавесці ІП за мяжу, у краіну, дзе ёсць аналаг спрошчанай сістэме. Альбо ўносіць любыя магчымыя расходы ў выдаткі, каб кампенсаваць дадатковыя траты (напрыклад, бензін, ежа па безнаяўным разліку, пакупка аўто на ІП).

"Чыноўнікі маглі проста падняць падатак па спрошчанай сістэме, але зрабілі так, што ўзнікла яшчэ адчувальна расходная частка на бухулік, апроч росту падаткаў, – лічыць ён. – Гэта відавочнае стварэнне няроўных умоў для бізнэсу.

Мае высновы такія – моцнага павелічэння прытоку падаткаў на доўгай дыстанцыі яны не атрымаюць. Усё, што можна схаваць, уцячэ з падатковай базы, раздуюцца затратныя часткі".

Аляксандр кажа, што мае думкі аформіць ІП у Польшчы. 

"Дакладнага разумення, як можна будзе працаваць, няма дагэтуль, а ўжо застаецца паўтара месяца да наступнага года. Яны цягнуць гуму, каб людзі не мелі магчымасць асэнсаваць свае дзеянні і тонкасці змен", – эмацыйна выказваецца прадпрымальнік.

"Не ведаю, як вучням скажу, што ў два разы цану падыму"

Выкладчыца ангельскай мовы Юлія вядзе ІП па спрошчанай сістэме падаткаабкладання.

"Мяне пужае новы падатак, – кажа яна пра пераход са спрошчанай на агульную сістэму. – Страшна, што зноў будзе вельмі цяжка, як першыя сем год. Тады я працавала суткамі, без выходных. Зарабляць нармальна пачала два гады таму. Кавід нам дапамог – офіс не трэба было здымаць.

Я вельмі засмучана. Дагэтуль не ведаю, як сваім вучням скажу, што ў два разы цану падыму. Не ўпэўнена, што людзі пагодзяцца. Давядзецца ўразаць, напэўна, свой заробак", – дзеліцца дзяўчына.

Зарэгістравацца як самазанятая яна не можа. Тлумачыць, што гэты варыянт падыходзіць для рэпетытараў, якія працуюць са школьнікамі і адзін на адзін з вучнем. Юлія ж выкладае дарослым і ў яе на курсе займаюцца групы.

"Я марыла пра сваю школу і стварыла сваю сістэму. Люблю гэту працу і хачу, каб больш людзей даведаліся, што мову можна вучыць інакш. 

Чаму не сысці ў наём? Наём мне не дазволіць зрабіць тое, што хачу я. Я была кіраўніком праектаў у буйной моўнай школе, вяла праект у Лінгвістычным універсітэце, працавала ў ІТ. Мне было цесна.

І другі пункт: у школах і ўніверсітэтах жабрачы заробак. На яго нельга нават добрую аднапакаёвую кватэру зняць выкладчыку.

Чакаем Новага года. Будзем дзейнічаць па абстаноўцы".

"План Б – пераносіць ІП у Расію, Украіну ці Грузію"

Па спрошчанай схеме як ІП працуе шмат айцішнікаў. У тлумачэннях да законапраекта на сайце Мінфіна прапісана, што гэтыя спецыялісты падпадаюць пад выключэнне – пераход да агульнай сістэмы іх чакае з 2023 года. У наступным годзе можна будзе заставацца на спрошчанай схеме, падатак вырасце да 6%. Але многія ўжо рыхтуюцца да горшага.

"Працую на еўрапейскага замоўцу, зараз у мяне 3% падаткі ды ФСАН. Пры адмене спрошчанай сістэмы плацяжы вырастуць прыблізна ў 4-5 разоў. Пакуль што думаю, лепей за ўсё будзе прыпыніць ІП. Буду ўладкоўвацца ў офіс кампаніі, і жыць і працаваць у іншай краіне,

– апісвае перспектывы айцішнік Аляксандр. – Стаўленне ў многіх такое, што лепей з’ехаць і плаціць тыя ж падаткі недзе яшчэ. Варыянт уступіць у ПВТ не чуў, каб хтосьці з ІП разглядаў. Пакуль што чакаем канкрэтыкі".

Выйсцем магла б стаць рэгістрацыя самазанятым. Але для айцішнікаў гэта пакуль не прадугледжана.

Павел адкрыў ІП дзевяць год таму, калі рабіў праект з нарвежцамі – гэта быў самы просты спосаб для атрымання аплаты. Пасля на нейкі час вяртаўся ў наём, але потым зноў абраў фармат індывідуальнай працы.

"Я аказваю паслугі па распрацоўцы праграм, контрагенты за мяжой, таму маю магчымасць сплочваць 3% ад даходу па спрошчанай сістэме і 0% ПДВ, таму што экспарт мае такую норму.

Па праекце я буду вінен сплочваць 16% з даходу. Умоўны расклад зараз такі: атрымаў $1000 на рахунак – сплочваю $30 падатак (з усёй сумы даходу). Па новым кодэксе будзе $160 падатку на $1000 (таксама з усёй сумы, таму што няма выдаткаў).

Акрамя падвышэння стаўкі падатку ўзрасце кошт за бухгалтарскае абслугоўванне, паколькі бухгалтары бяруць больш за звычайны рэжым".

Што рабіць далей – пытанне адкрытае. Павел разглядае змену формы на ААТ.

"Але там падаткі будуць таксама высокія з-за падатку на дывідэнды ў 13%", – заўважае ён.

Яшчэ адзін наш суразмоўца працуе ў ІТ больш за сем год. Яго план Б – пераносіць ІП у іншыя краіны. Напрыклад, Расію, Украіну ці Грузію.

"Аднак галоўная праблема, на мой погляд, гэта статус падатковага рэзідэнта. Каб не плаціць падаткі ў Беларусі з любым ІП, адкрытым у іншай краіне, неабходна адсутнічаць у Беларусі больш за палову года.

На цяперашні момант у нас самыя выгадныя ўмовы. У іншых краінах – каля 5-6%. У Грузіі маленькі падатак, але там дакументацыя на грузінскай мове і адпаведна трэба шукаць мясцовага бухгалтара".

Праграміст-фрылансер Алесь таксама плануе пераадкрыць ІП ва Украіне ці Грузіі.

"Абедзве краіны прапануюць своеасаблівы афшор для айцішнікаў. Наконт фізічнай рэлакацыі яшчэ не вырашыў, магчыма, першы час буду працаваць па-чорнаму, потым калі сітуацыя стане зусім невыноснай, збяру валізкі і з'еду. Мне прасцей, ноўтбук узяў і паляцеў, наёмных супрацоўнікаў няма, станкоў і абсталяванні таксама.

Украіна і Грузія для ІТ даюць, на мой погляд, больш спрыяльныя ўмовы. Украіна з гэтага года ўвяла віртуальнае падатковае рэзідэнцтва, дзе любы чалавек, незалежна ад фiзiчнага рэзідэнцтва, можа зарэгістраваць ІП з выплатай 5% з абароту і адкрыць рахунак ва ўкраінскім банку.

Там планка абароту накшталт 250 тысяч даляраў у год, што даволі шмат (цяпер у мяне планка абароту па спрошчанай схеме – 150 тысяч рублёў).

З Грузіяй усё крыху складаней, там трэба адкрываць кампанію, але пры выкананні шэрагу ўмоў (аказваць паслугі ў сферы ІТ), падатак на прыбытак каля 0% і падатак на дэвідэнды каля 5%. Так што прыкладна як і з Украінай".

Пакуль Алесь плаціць 5% з абароту, плюс раз на год ФСАН (гэта каля 1500 рублёў у год).

"Разумееце, тут пытанне стаіць ужо не ў тым, дзе плаціць больш ці менш. Нашы чыноўнікі і раней лічылі, што айцішнікі-фрылансеры, іпэшнікі і ўсе, у каго ёсць хоць нейкі бізнэс, – гэта яйкагаловыя авечкі, з якіх трэба выціскаць па максімуме. Падзеі апошняга года паказалі, што ад гэтай улады трэба чакаць.

Таму я для сябе вырашыў, што прасцей сысці ў іншую падатковую юрысдыкцыю, чым спрабаваць гуляць па новых правілах".

Калі прымуць змены?

Змены ў Падатковы кодэкс яшчэ не прыняты. Пакуль гэта праект, які падрыхтаваны Мінфінам і ўнесены ва ўрад. 

"Як правіла, змены ў Падатковы кодэкс праводзяць на восеньскай сесіі ў парламенце. Дэпутаты могуць паспець яго прыняць да студзеня. І, хутчэй за ўсё, так і будзе", – кажа Жанна Тарасевіч, дырэктарка Саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага, а таксама член Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінгарвыканкаме. 

Яна мяркуе, што пра новыя правілы ІП даведаюцца бліжэй да Новага года.

Nashaniva.com

Глядзiце па тэме:

Падзяліцца