сер, 8.12.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Беларуска са спіса Forbes распавяла, як разбагацела і што думае пра сваіх суайчыннікаў

25.10.2021 – 15:41 | 728

Марыі Дзмітрук 29 год. Яна вучылася на перамоўшчыка з тэрарыстамі, працавала з былымі сядзельцамі, а поспеху дабілася ў ІТ. Летась яе кампанія Prodsmart прыцягнула інвестыцый на 5 мільёнаў даляраў, а Марыя трапіла ў спіс Forbes. Уражвае, праўда? З 13 год беларуска жыве ў Сан-Францыска. Расказвае "Нашай ніве", чым нашы праграмісты адрозніваюцца ад іншых, як патрапіць у ІТ, калі не разбіраешся ў кодах, і па чым у Беларусі сумуе чалавек, які можа смажыць шышлыкі на беразе акіяна.

"Мне нецікавыя начныя клубы. Потныя п’яныя людзі – гэта не маё"

– Мы з вамі гутарым а 6-й раніцы па вашым часе. Вы заўсёды так рана прачынаецеся?

– Бываюць дні-выключэнні, але ў прынцыпе люблю ўставаць рана. Прачынаюся паміж 4 і 5 гадзінамі раніцы. На выходныя – звычайна ў 5.30-6.00.

– Чаму прысвячаецеся гэтыя ранішнія гадзіны?

– На жаль, палова гэтага часу сыходзіць на рытуал, ад якога хацелася б пазбавіцца, – гэта прачытанне навін, якія адбыліся ў Беларусі за той час, пакуль я спала. Пасля велатрэнажор, кніжка – чытаю главу-дзве. І пасля гэтага бадзёрага абужэння пачынаю працоўны дзень.

– Я так разумею, што бараў і начных клубаў у вашым графіку няма.

– Мне асабліва ніколі не былі цікавыя начныя клубы. Потныя п’яныя людзі – гэта не маё (смяецца). Бары і ўсякія лаўнжы – у Мінску шмат цудоўных месцаў, дзе ты забываеш, які час і проста працягваеш смачна есці і прыемна гутарыць. Таму пра бары хітраваць не буду, ёсць такое.

"Адвучылася на факультэце міжнародных адносін і збіралася ў Акадэмію ФБР"

– Раскажыце, з якой вы сям'і.

– Бацькі ў мяне ў разводзе з самага нараджэння. Мяне выхоўвала мама, з татам мы пачалі больш камунікаваць у мае цінэйджарскія гады. Але ў мяне цудоўныя адносіны з імі абаімі. Тата жыве ў Беларусі. Мама па прыездзе ў Амерыку працавала ў ІТ-сферы праграмістам. Цяпер працуе ў авіялініях.

– Вы ў ІТ апынуліся па парадзе мамы?

– Там атрымалася забаўная гісторыя, бо я сканчвала ніяк не звязаную з ІТ спецыяльнасць. Я адвучылася ў Гавайскім Ціхаакеанскім універсітэце на факультэце міжнародных адносін, адпрацавала год на дзяржаўнай працы, і ў мяне заставалася 8 месяцаў да пачатку вучобы ў Акадэміі ФБР.

Калі выйшла навіна пра Forbes, былі каментары ў інтэрнэце тыпу "хто ёй аплаціў універсітэт?". Дык вось яго аплацілі мы з мамай – у Амерыцы даецца крэдыт на навучанне, і праз год, пасля таго як выпускаешся, яго трэба пачаць вяртаць. 

Калі я сышла з дзяржаўнай працы, мама спытала: "Чаму ты не хочаш паспрабаваць сябе ў ІТ? Напрыклад, у аддзеле продажаў, маркетынгу". Гэта былі доўгія размовы, бо я наогул не тэхнічны чалавек. Але ёсць іншыя моцныя бакі.

Мы дамовіліся, што калі адзіная кампанія, куды я падала рэзюмэ, возьме мяне на працу, я гэта раблю. Калі не – я наогул у ІТ не лезу. Працу я атрымала і адкрыла для сябе новы свет.

Палітыка кампаніі падобная да палітыкі дзяржаў, і ў мяне атрымалася прымяніць свае веды і працягнуць працаваць у ІТ (у Акадэмію ФБР я ўжо не пайшла). Я займалася вывадам прадукта на рынак, код не чапала ніколі.

– А дзяржаўная праца, якая была дагэтуль, – гэта нейкі выканкам?

– Я, калі шчыра, не ведаю, што такое выканкам (усміхаецца). Я працавала ў канторы пры Дэпартаменце ўнутранай бяспекі і Дэпартаменце юстыцыі. Займалася яна тым, што стварала праграмы рэабілітацыі людзей, якія правялі ў турме больш за 20 год. Я была першым чалавекам, які іх сустракаў, калі яны заходзілі ў наш офіс. На мне былі і адміністрацыйныя абавязкі, і задача пераканацца, што чалавек гатовы да такой праграмы. 

Справа ў тым, што за 20 год пад замком людзі прапусцілі ўсё: мабільныя тэлефоны, інтэрнэт… Чалавек не адаптаваны да сучаснага свету. Бывалі выпадкі, калі мужчына сядзеў з 17 год, і калі там, як бы сумна гэта ні гучала, ён дабіўся нейкага статусу, то на волі ён ніхто. Мая задача была запоўніць усе дакументы і распісаць, якія навучальныя праграмы чалавеку патрэбны. Ці ёсць у яго нейкія навыкі, можа, ён меў працу ў турме.

Некаторых дарослых мужчын запісвалі на курсы правапісу і чытання, бо яны не ўмелі ні першага, ні другога.

Там было весела, але небяспечна, таму я вырашыла, што ў 22 гады, напэўна, не варта пачынаць сваё жыццё з такой цікавай кар’еры. І, адпрацаваўшы год, сышла.

– Як хутка ўдалося выплаціць крэдыт за адукацыю ва ўніверсітэце? Якія там працэнты?

– За чатыры гады. Ты падаешся на крэдыт не праз банк, а праз праграмы федэральнай дапамогі, якіх, напрыклад, 12, і кожная з іх выдзяляе сумы пад розны працэнт. Некаторыя з іх на першыя пяць год беспрацэнтныя. Самы высокі працэнт быў 3,9.

– Вы ж скончылі таксама Ельскі універсітэт?

– Там я павышала кваліфікацыю.

Мая асноўная адукацыя – гэта спецыялізаваная праграма з паглыбленнем у дзяржаўную бяспеку і ваеннае права, пасля якой ты становішся перамоўшчыкам з тэрарыстамі (сапраўднымі, не такімі, як цяпер пайшлі ў Беларусі).

Большую частку часу апошніх двух курсаў я правяла на ваенных базах, камунікавала з афіцэрамі розных структур – марскога флоту, ваенна-паветраных сіл.

Мне, напэўна, Джэймс Бонд вельмі падабаўся ў дзяцінстве.

– А пасля перастаў падабацца, што вы не пайшлі працаваць па спецыяльнасці?

– У мяне на апошнім курсе памёр старэйшы брат. Я ў мамы засталася адна. Я не магла пайсці працаваць ва ўстанову, якая не гарантуе маю фізічную бяспеку.

"Беларускіх праграмістаў пазнаю па працы – настолькі карпатліва і паглыблена яна выконваецца"

– Чым займаецца кампанія Prodsmart? Патлумачце для тых, хто не звязаны з ІТ.

– Мы выпускаем праграмнае забеспячэнне, якое ідзе на фабрыкі і заводы. Калі ты робіш рукавіцы ці крэслы ў масавых аб’ёмах, на канвееры, праграма можа дапамагчы разлічваць рэсурсы. Бо на малых і сярэдніх прадпрыемствах гэтым звычайна займаецца галоўны па цэху – у яго аднаго ўсё распісана на камп’ютары ці на паперы, і ён ходзіць камандуе.

Як дапамагае праграма? На кожную кропку канвеера ўсталёўваецца смартон ці планшэт з Prodsmart, і ўсе работнікі могуць працаваць адначасова, бо іх прагрэс адсочваецца праграмай і запыт падстройваецца пад колькасць элементаў. Кантралюецца, умоўна, каб для кожнага крэсла хапала ножак.

– Гэта гучыць даволі тэхналагічна. Як чалавеку, які сам не піша код, удалося стаць адным з заснавальнікаў кампаніі?

– Глядзіце, кампанія існуе з 2012 года. У бацькоў аднаго з заснавальнікаў ёсць маленькая фабрыка ў Партугаліі. І ён, праграміст, не хацеў з Лісабона пераязджаць у родны гарадок, каб займацца сямейным бізнэсам. Таму разам з аднакласнікам стварыў праграму, якая яго заменіць дома.

Пазнаёміліся мы ў 2016 годзе. Хлопцы паглядзелі, што праграма працуе (бацькі карыстаюцца, іх сябры), і мы пачалі супрацоўніцтва, каб выводзіць прадукт на рынак. Бо людзям, якія пішуць код, бывае складана перакласці гэта на звычайную мову, а на заводах жа таксама не праграмісты працуюць.

– Вы ж сярод заснавальнікаў не толькі ў Prodsmart. Чым іншыя вашы кампаніі займаюцца?

– Адна з іх – Avanii – падлічвае, колькі вуглякіслага газу было выпушчана фабрыкай у экасістэму. Там жа ёсць супрацоўнікі, якія ездзяць з горада ў горад, матэрыялы, якія перасылаюцца грузавікамі, – усё гэта пакідае тоны вуглякіслага газу.

Avanii прапаноўвае скарыстацца партнёрскімі адносінамі з кампаніямі, якія займаюцца перапрацоўкай выхлапаў. Ты можаш, напрыклад, пасадзіць дрэвы. У кампаній ёсць таксама магчымасць спісваць частку падаткаў за тое, што яны сочаць за кліматам і тым, які след за сабой пакідаюць.

– Беларускія праграмісты адрозніваюцца ад спецыялістаў з іншых краін?

– Вы ведаеце, так. Мне пашанцавала працаваць са спецыялістамі з усіх кантынентаў. Беларускія праграмісты і тэсціроўшчыкі заўсёды вылучаюцца, нават калі я не бачу, адкуль яны, я пазнаю іх па працы – настолькі карпатліва і паглыблена яна выконваецца.

Прасочваецца трэнд, што людзі пралічваюць варыянты, пра якія ты нават не думаў. Яны прапануюць рашэнні на некалькі крокаў наперад у розныя бакі, нават калі ў апісанні патрабаванняў гэтага няма.

– У вас ёсць нейкае тлумачэнне, чаму так?

– Таму што беларусы неверагодныя (усміхаецца)? Калі шчыра, мне цяжка адказаць на гэта пытанне. Магчыма, справа ў нашым выхаванні.

Я вам задам сустрэчнае пытанне: колькі чыставікоў для дамашняй працы ў вас было ў пачатковых класах? У мяне дакладна больш за адзін. Калі ў цябе застаецца дзве апошнія старонкі ў сшытку, ты робіш памылку і бацькі цябе прымушаюць перапісваць сшытак з пачатку і да канца. Мне здаецца, штосьці ў гэтым ёсць.

"Сакрэту поспеху няма. Я займаюся тым, што люблю"

– Якія вашы сакрэту поспеху? Што дапамагло стаць лепшай у сваёй галіне, бо канкурэнцыя ж вялікая, тым больш у Амерыцы?

– Канкурэнцыя, канечне, ёсць. Калі ты заходзіш у кабінет і лічыш, што самы разумны, то гэта далёка не так. А калі ты сапраўды там самы разумны, то ты, напэўна, зайшоў не ў той кабінет.

Сакрэту няма. Я займаюся тым, што люблю. Мне падабаецца выводзіць прадукты на рынак, шукаць інвестараў. Я для сябе не ставіла мэты, што я павінна стаць самай багатай ці самай паспяховай.

Поспех для кожнага фіксуецца па-рознаму. Для кагосьці гэта зарабіць першую вялікую суму, а для кагосьці – прачнуцца раніцай і зразумець, што табе не патрэбны інгалятар, бо ты перастаў задыхацца.

І я лічу, вельмі няправільна апісваць поспех як спіс пэўных крытэрыяў. Як для жанчыны – да 30 год у цябе павінна быць кар’ера, муж, дзеці, дом і добрая знешнасць. І што па выніку мы маем? Людзі займаюцца нелюбімай справай, жывуць з нелюбімым чалавекам і самі сябе заганяюць у кабалу. Таму кожны для сябе павінен вырашаць, што яго робіць шчаслівым. 

Я ў сілу свайго характару вельмі мала часу займалася тым, што мне не цікава ці не падабаецца.

Мне абсалютна няважна, колькі гадзін на дзень я займаюся працай. Бывае, і па 15 гадзін. Хтосьці скажа: "Нічога сабе! Ты столькі адпрацавала". Людзі, вы так кажаце, нібыта я лапатай вугаль кідала. Я сяджу ў сябе дома, побач любімыя каты, смачная кава. Магу ўзяць паўзу і залезці на трэнажор, паслухаць аўдыякніку ці падкаст.

– Ва ўяленні абывацеля чалавек са спісу Forbes (Марыя ў 2020-м трапіла ў "Топ 30 прадпрымальнікаў да 30 год". – "НН") жыве ў асабняку і ездзіць на Lamborghini. Як насамрэч?

– Я не скарджуся, я жыву ў камфортных умовах, езджу на добрай машыне. Тут варта патлумачыць. Крытэрыі пры пакупцы машыны ў мяне былі такія: на першым месцы бяспека, на другім – бяспека, і на трэцім – таксама бяспека.

Таму я глядзела не на брэнды, а на тое, як машыны вядуць сябе ў розных умовах надвор’я. У нас клімат іншы, адзін сезон на ўвесь год, але ёсць і дажджы, і серпанціны, і снег у гарах. І калі раптам здарыцца аварыя, важна, каб я была ў цэласці. І так атрымалася, што машына, якая адпавядала ўсім параметрам, аказалася Mercedes. 

І не будзем забываць пра сістэму крэдытавання і працэнты ў Амерыцы. У нас купіць машыну беларусу, які толькі ўчора прыехаў, не праблема наогул.

– А якая сама дарагая пакупка ў вас была?

– Гэта, напэўна, мае каты. Не таму, што яны былі фінансава дарагія, а таму, што яны для мяне бясцэнныя. У мяне іх два, канадскія сфінксы. Гэта мае члены сям’і, калегі апошнія два гады, яны прысутнічаюць на ўсіх маіх нарадах.

"Гэта не адно і тое – шашлыкі на беразе акіяна і ў беларускім лесе"

– Калі вы апошні раз у Беларусі былі?

– У снежні 2019 года. Былі вялікія планы прыехаць летам 2020, але, думаю, ва ўсіх нас былі вялікія планы.

– Якім запомнілі Мінск?

– Я ў Амерыцы жыву 16 год, але прыязджаю ў Беларусь мінімум раз на год. Апошнія некалькі год прыязджала па два-тры разы. Я вельмі люблю Беларусь, Мінск, людзей там.

Бо дзе б ты ў свеце ні быў, нішто не заменіць бабуляў на лаўцы: калі ты выходзіш зранку з пад’езду, кажаш ім "добрай раніцы" і ўсміхаешся, бо амерыканіўся, а яны табе ў спіну крычаць, што занадта рана быць п’янай (смяецца).

– У Амерыцы няма такіх бабуляў?

– Тут у іншым справа. Калі ты праходзіш у Амерыцы міма незнаёмага чалавека на вуліцы, ты кажаш стандартнае амерыканскае вітанне "прывет, як справы?" і ідзеш далей. І я па звычцы, калі прыязджаю ў Беларусь, усміхаюся мінакам. Гэта ставіць у няёмкае становішча цябе, а потым ты пачынаеш задавацца пытаннем: чаму ўсе такія хмурныя і сур’ёзныя?

Беларусь для мяне – гэта людзі. Гэта неверагодна прыгожая прырода. Схадзіць у лес за ягадамі ці на шашлыкі… Я нават тут купіла сабе мангал і шампуры, рабіла шашлыкі, як па рэцэпце, але гэта не адно і тое – шашлыкі на беразе акіяна і ў лесе.

– Калі калегі пытаюцца пра тое, адкуль вы, як раней расказвалі пра краіну і як цяпер?

– Памятаю, калі мы толькі прыехалі ў Амерыку і я ў школе сказала, што з Беларусі, на мяне дзеці здзіўлена паглядзелі: "А чаму ты белая?" Яны думалі, што Беларусь – гэта ў Афрыцы.

Калі я потым расказвала калегам, дзе Беларусь знаходзіцца геаграфічна, было бачна, што яны не разумелі, пра што я. Таму я тлумачыла так: "Пра Паўночную Карэю ў Еўропе чулі? Вось я адтуль". І ў прынцыпе за апошнія гады тлумачэнне не змянілася.

– Як вы разам з дыяспарай у Амерыцы спрабуеце дапамагаць беларусам у краіне?

– У нас шмат ініцыятыў. Пачынаючы ад утрымання Беларусі на парадку дня на лакальным дзяржаўным узроўні і заканчваючы зборам грошай у фонды, пошукам спецыялістаў, якія могуць прадаставіць дапамогу (напрыклад, юрыстаў). Пішам лісты палітзняволеным – мне днямі прыйшоў адказ ад аднаго з іх.

Калі ты глядзіш, колькі сіл на глабальным узроўні ўкладаецца ў нашу агульную справу, гэта ўражвае. Але і пужае: наколькі глыбока пусціў карані рэжым, што людзям унутры краіны, дэмакратычным сілам і дыяспарам трэба прыкладаць столькі намаганняў, каб яго скінуць.

– Калі наступны раз прыедзеце ў Беларусі, з кім хацелі б пазнаёміцца?

– Пра пазнаёміцца не ведаю, а вось сустрэцца… Вельмі шмат людзей, з якімі б я хацела сустрэцца ў Беларусі, знаходзяцца цяпер не там. І я магу сабе ўявіць, наколькі цяжка быць далёка ад дома.

Мне здаецца, калі я прыеду ў Мінск, то абдыму першага беларуса, якога пабачу. Бо ўсё, што адбывалася са жніўня 2020 года, гэта вялікі боль. Калі ты чытаеш пра людзей, якія атрымалі тэрмін за лайк ці сцяг, калі людзі паміраюць… Мы вось размаўлялі пра поспехі, а тут адчуваеш сваю нікчэмнасць і бездапаможнасць. Але пасля задаешся пытаннем, што можаш зрабіць, каб гэта не паўтаралася.

Падзяліцца