сер, 1.12.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Пяць прычын, чаму ад масак нельга адмаўляцца

23.10.2021 – 09:21 | 583

За час пандэміі каранавірусу ў 2020-2021 гадах масачны рэжым быў уведзены ў большасьці краін сьвету і дзейнічае дагэтуль. Мяняліся толькі ўмовы яго дзеяньня. У некаторых краінах адмянялі абавязковае нашэньне масак на вуліцы. У шэрагу краін, напрыклад у Ізраілі і Партугаліі, пасьля посьпехаў вакцынацыі летам 2021 году часткова адмянялі абавязковае нашэньне масак у памяшканьнях і транспарце. Аднак вельмі хутка, з ростам колькасьці выпадкаў хваробы, масачныя абмежаваньні зноў вярнулі. Чаму ж сьвет не сьпяшаецца адмаўляцца ад масак? Распавядае Сяргей Абламейка, Свабода.

Прычына 1. САЗ памылялася, калі ацэньвала рызыку заражэньня праз паветра і ня раіла абавязковага масачнага рэжыму

У першыя паўгода пандэміі ў сьвеце не было адзінай думкі пра эфэктыўнасьць нашэньня масак. У рэкамэндацыях САЗ спачатку таксама пра абавязковае нашэньне масак ня згадвалася.

У справаздачы пра каранавірус, выпушчанай 29 чэрвеня летась, САЗ сьцьвярджала, што паветраная перадача вірусу магчымая толькі пасьля мэдычных працэдур, пры якіх утвараюцца аэразолі або кроплі, меншыя за 5 мікронаў (мікрон роўны адной мільённай долі мэтра).

Аднак 239 экспэртаў з 32 краін у адказ апублікавалі адкрыты ліст да Сусьветнай арганізацыі здароўя, у якім заявілі, што імавернасьць заразіцца COVID-19 праз паветра большая, чым лічыць САЗ.

Навукоўцы пералічылі доказы і паказалі, што больш дробныя аэразольныя часьцінкі таксама могуць пераносіць інфэкцыю і што ўзьнікаюць яны пры звычайнай жыцьцядзейнасьці чалавека, а ня толькі пры мэдычных працэдурах.

А калі паветраная перадача – значны фактар у пандэміі, асабліва ў людных месцах з дрэннай вэнтыляцыяй, то была зробленая выснова, што маскі могуць спатрэбіцца ў памяшканьні. А мэдыкам, якія лечаць пацыентаў з каранавірусам, будуць патрэбны рэсьпіратары, якія адфільтроўваюць нават найдрабнейшыя рэсьпіраторныя кроплі.

Прычына 2. Спрэчкі пра тое, ці сапраўды маскі дапамагаюць абараніцца ад каранавірусу, даўно ў мінулым

Спрэчкі пра эфэктыўнасьць масак не спыняліся практычна з самага пачатку каранавіруснай пандэміі. Але цяпер яны засталіся ў мінулым.

Было праведзена мноства дасьледаваньняў, якія пераканаўча паказалі эфэктыўнасьць масачнага рэжыму. Напрыклад, група навукоўцаў з ЗША і Тайваню апублікавала дасьледаваньне, у якім неабходнасьць насіць маскі тлумачыцца самой прыродай часьцінак, якія пераносяць вірусы.

Аўтары дасьледаваньня паказалі, што, калі людзі дыхаюць, яны выдзяляюць кропелькі вільгаці памерам ад 0,1 до 1000 мікрамэтраў (раней іх называлі мікронамі). Буйнейшыя часьцінкі хутчэй асядаюць на паверхні, заражаючы яе. Драбнейшыя выпараюцца хутчэй, але і лягчэй пераносяцца па паветры, прычым на значныя адлегласьці. І абодва шляхі – паветраны і пры дотыку з інфікаванай паверхняй – патэнцыйна могуць прывесьці да заражэньня.

Таму пра выкарыстаньне масак у закрытых памяшканьнях навукоўцы рэкамэндавалі насіць шчыльна прылеглыя маскі, нават калі людзі захоўваюць сацыяльную дыстанцыю два мэтры. У адваротным выпадку, як сьцьвярджаюць спэцыялісты, ні тэставаньне, ні дыстанцыяваньне, ні адсочваньне кантактаў не дапамогуць, бо бессымптомным заражаным можа аказацца любы чалавек.

Менавіта пасьля таго, як было выяўлена, што перадача інфэкцыі бессымптомнымі носьбітамі магла стаць прычынай распаўсюджваньня COVID-19 па ўсім сьвеце, САЗ рэкамэндавала ўсім без вынятку насіць маскі.

Аўтары артыкулу ў часопісе Science адзначаюць, што маскі сапраўды забясьпечваюць нас важным бар’ерам, зьніжаючы колькасьць шкодных вірусаў у выдыху хворых зь нязначнымі сымптомамі ці ўвогуле бязь іх.

Матэрыял, зь якога зробленыя хірургічныя маскі, прыкметна паніжае імавернасьць заражэньня COVID-19.

Прычына 3. Паветраны – асноўны шлях перадачы вірусу

За амаль два гады пандэміі навукоўцы даведаліся шмат новага пра шляхі распаўсюджваньня каранавірусу.

У першыя месяцы пандэміі лічылася, што адзін з асноўных шляхоў распаўсюджваньня каранавірусу кантактны, праз дотык да кантамінаваных паверхняў, таму лекары шырока раілі выкарыстоўваць антысэптыкі і часта мыць рукі.

Рукі варта мыць і цяпер. Але па меры назапашваньня экспэрымэнтальных дадзеных стала зразумела, што працэнт тых, хто заразіўся праз дотык да кантамінаваных паверхняў, складае каля 1%. Цяпер лекары ведаюць, што асноўны шлях перадачы каранавірусу – аэразольны, праз удыханьне мікрааэразоляў, выдыхнутых ці выкашляных хворым пацыентам. Таму зразумела, што асноўны шлях зьмяншэньня рызыкі заражэньняў – нашэньне масак і захаваньне сацыяльнай дыстанцыі.

Трэба таксама вельмі часта праветрываць памяшканьні, дзе знаходзіцца шмат людзей або ёсьць хворыя.

Удыхаць аэразолі настолькі небясьпечна, што ў шэрагу краін, напрыклад у Чэхіі, улады загадалі ўсім грамадзянам насіць у грамадзкіх месцах ня простыя хірургічныя маскі, а рэсьпіратары ўзроўню абароны FFP2 або N95. І гэтае патрабаваньне захоўваецца да цяперашняга часу.

Прычына 4. Чым больш эфэктыўная маска, тым лепш

Навукоўцы амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) параўналі эфэктыўнасьць дзьвюх і адной маскі на твары для засьцярогі ад каранавірусу.

Вынікі аднаго экспэрымэнту паказалі, што мэдычная маска блякуе 42% часьцінак ад сымуляванага кашлю, а тканевая маска – 44,3%. Калі ж выкарыстоўваць іх разам, то такая камбінацыя затрымлівае 92,5% часьцінак макроты ад кашлю.

У іншым экспэрымэнце дасьледчыкі спрабавалі сымуляваць распаўсюджваньне каранавірусу падчас дыханьня, калі адзін або два чалавека насілі маскі належным чынам.

У першым сцэнары, калі толькі адна крыніца аэразоляў насіла маску, выявілася, што ўзьдзеяньне каранавірусу зьменшылася на 82,2% пры падвоенай хірургічнай масцы, і на 62,9% пры шчыльна падагнанай і завязанай адной масцы.

Здольнасьць масак хатняга вырабу да эфэктыўнай фільтрацыі паветрана-кропельных сумесяў, нягледзячы на розьніцу ў таўшчыні, матэрыялах і колькасьці іх слаёў, як высьветлілася, не нашмат саступае здольнасьці прафэсійных хірургічных масак. Але мыць іх трэба кожны дзень.

Прычына 5. Маскі застаюцца адным з найважнейшых фактараў абароны ў памяшканьнях і закрытых прасторах

Амэрыканскія лекары яшчэ год назад выпрацавалі наступныя захады для засьцярогі ад вірусу ў вялікіх будынках, у тым ліку офісных, якія застаюцца актуальнымі і дагэтуль. Сярод іх і нашэньне ахоўных масак.

  • па магчымасьці ўхіляцца ад кантакту – напрыклад, заахвочваючы пэрсанал працаваць з дому;
  • дазваляць уваход толькі тым, каму неабходна фізычна прысутнічаць у будынку;
  • можна пачаць выкарыстаньне паветраных фільтраў і рабіць дэзынфэкцыю паверхняў;
  • трэба кіраваць плынямі людзей, якія праходзяць праз будынак, напрыклад колькасьцю пасажыраў ліфтах адначасова;
  • трэба патрабаваць выкарыстаньня ахоўных масак і іншых сродкаў індывідуальнай засьцярогі ў памяшканьні.

Пры гэтым, нягледзячы на такія меры засьцярогі, аптымальная стратэгія – проста насіць маску ў памяшканьні, кажа Марцін Базант, інжынэр-хімік з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту, і дадае: "Гэта мае значна большы эфэкт, чым можа даць любая з гэтых стратэгій".

Падзяліцца