пят, 7.08.2020
USD2.44|EUR2.89|RUB3.33
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

У Бялыніцкім раёне, як у Мсціслаўскім, педагогаў пасылаюць на збожжаток

15.08.2014 – 12:56 | 375

У Бялыніцкім раёне кожны работнік сельскіх устаноў адукацыі і культуры, сельскіх саветаў, а таксама сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць пажылых людзей у сельскай мясцовасці, у абавязковым парадку абавязаны адпрацаваць адну-дзве працоўныя змены на збожжатоках у мясцовых гаспадарках.

Адпаведныя ўстаноўкі былі атрыманы з мясцовага райвыканкама, і зараз настаўнікі, выхавацелі дзіцячых садкоў і работнікі культуры ў сельскай мясцовасці, згодна складзенаму кіраўніцтвам устаноў графіку, працуюць у сельскагаспдарчых прадпрыемствах, аказваючы дапамогу па ўборцы ўраджаю.

Адпрацаваць на збожжатоках былі вымушаныя нават тыя педагогі, якія зараз знаходзяцца ў адпачынку, такі загад яны атрымалі ад кіраўніцтва сваіх устаноў адукацыі. Як кажуць самі педагогі, такія “працоўныя вахты” будуць працягвацца да 18 жніўня, калі ўборка збожжа ў Бялыніцкім раёне павінна быць цалкам завершана.

Многія з педагогаў незадаволены такім вось “добраахвотна-прымусовым” абавязкам па аказанню дапамогі сельгаспрадпрыемствам, аднак неяк выказваць галосна свой пратэст яны асцерагаюцца, баючыся магчымых праблем на працы, і абмяжоўваюцца скаргамі ў прыватных гутарках.

Таксама работнікі на ніве адукацыі і культуры наракаюць на тое, што часцяком праца на збожжатоках у гаспадарках арганізаваная вельмі дрэнна, збіраецца шмат людзей, а неабходнага для выканання аб’ёму работ няма, і іх дапамога там проста не патрэбная.

Чыноўнікі ж з Бялыніцкага райвыканкама кажуць пра тое, што супрацоўнікі бюджэтных арганізацый Бялыніцкага раёна самі ў добраахвотным парадку аказваюць неабходную дапамогу працаўнікам вёскі, дапамагаючы ім ва ўборцы ўраджаю.

spring96.org