суб, 25.09.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Ці рэальна Беларусь можа забяспечыць сябе нафтай і наколькі гэта нам дапаможа?

07.09.2021 – 16:20 | 91

Падчас сустрэчы з кіраўніком "Беларусьнафты" Аляксандрам Ляхавым Лукашэнка выказаўся наконт здабычы нафты ў Беларусі. Ён адзначыў, што было б добра нарасціць здабычу ўдвая, да 3-3,5 мільёнаў тон. "Гэта рашэнне праблемы для краіны, мы забудзем пра ўсякую залежнасць", – адзначыў ён і дадаў, што, калі б Беларусь здабывала 8-9 мільёнаў тон нафты, то жыла б лепш, чым самыя багатыя краіны. Ці можа Беларусь забяспечыць сябе нафтай у такіх аб'ёмах і наколькі рэальна гэта нам дапамагло б? Разбіралася "Наша ніва".

Пра што гаворка?

Беларусь стала здабываць нафту яшчэ ў 1965 годзе. Асноўнае месца здабычы – Прыпяцкі прагін. З таго часу ўжо здабыта больш за 138 мільёнаў тон нафты. У лепшыя гады максімальная здабыча складала 7,96 мільёны тон у год, але потым упала.

Так, з 1997 года Беларусь здабывае 1,6-1,7 мільёны тон у год. Асноўнае прадпрыемства – "Рэчыцанафта".

Як адзначыў Аляксандр Ляхавы ў эфіры канала "Беларусь 1", толькі за 8 месяцаў бягучага года "Беларусьнафта" здабыла мільён тон нафты і плануе выйсці на паказчык у 1,7 мільёны.

Што абмяркоўвалі на нарадзе?

Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на нарадзе – гэта павелічэнне здабычы айчыннай нафты.

"Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром чую, што там ёсць нафта, якую мы яшчэ не бачым, – сказаў Лукашэнка. – Вы вывучалі гэтую праблему. Калі вы штосьці прапануеце, я гатовы ў гэтым непасрэдна ўдзельнічаць. Але так, каб мы нарасцілі здабычу нафты пры нашай з вамі жыцця хоць бы да 3-3,5 млн тон. Гэтае рашэнне праблемы для краіны. Мы забудзем пра ўсякую залежнасць".

"Я да гэтага часу лічу, што гэта сумны момант, калі пасля адкрыцця перспектыўных радовішчаў у Беларусі мы ў свой час (да нас з вамі яшчэ) здабывалі больш за 8 млн тон нафты, – адзначыў ён. – Мы выпампавалі сваю нафту, таму што памылкова лічылі, што ў нас мора нафты ў Беларусі. Можа, у нас нешта там і ёсць, нейкае мора, якое мы з вамі яшчэ не знайшлі. Гэта галоўная тэма сённяшняй гутаркі. Але калі б нам сёння 8-9 млн тон нафты, мы б жылі лепш, чым самыя багатыя краіны нашай планеты. Але, на жаль, такога няма".

Якія запасы нафты ў нас ёсць?

Міністр прыроды Андрэй Худык у мінулым годзе заяўляў, што ў Беларусі адкрыта 87 радовішчаў нафты. З іх распрацоўваецца 60.

"На жаль, запасы нафты за 45 год скараціліся са 160 млн тон да крыху больш за 51 млн тон, то бок больш, чым у тры разы. Пры сённяшнім узроўні здабычы нафты мы забяспечаны ўласнай сыравінай яшчэ на 30 год, – адзначыў ён. – Такі каштоўны цяпер для нашай эканомікі рэсурс патрабуе досыць вялікіх фінансавых укладанняў у яго пошук і разведку".

Пры гэтым нават сам "Белнафтахім" адзначае, што беларускія радовішчы нафты цяжкадаступныя.

"Такі каштоўны цяпер для нашай эканомікі рэсурс патрабуе досыць вялікіх фінансавых укладанняў у яго пошук і разведку", – дадаваў і міністр прыроды Андрэй Худык.

Колькі нафты патрэбна Беларусі?

Для ўнутранага спажывання – каля 5 мільёнаў тон у год. Пры гэтым цяпер беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы гатовы перапрацаваць 8-9 мільёнаў тон, а потым патэнцыйна гэтая лічба можа ўзрасці да 12-18 мільёнаў тон.

Ці зможа краіна нарасціць здабычу?

"Безумоўна, уласная нафта – гэта заўсёды добра, гэта сыравіна, гэта магчымасць не залежаць ад імпарцёру, – адзначае эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак. – Тым не менш, трэба нагадаць, што Беларусь пакуль што купляе нафту даволі танна, бо падаткавы манеўр у Расійскай Федэрацыі не завяршыўся. Розніца паміж мытамі на нафту і нафтапрадукты дае магчымасць Беларусі зарабляць".

Па словах Манёнак, наша краіна падчас усёй сваёй незалежнай гісторыі зарабляла на таннай расійскай нафце. Асабліва ў гады добрай кан'юнктуры рынка.

"Што да сваёй нафты, то "Беларусьнафта" імкнецца і выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб павялічыць здабычу. Але ж гэты прырост – 20-30 тысяч тон у год. Мы бачым, што здабыча падрастае не такімі тэмпамі, як камусьці марыцца, – адзначае экспертка. – Пакуль складана казаць, што беларусы могуць неяк значна падвысіць аб'ёмы ўласнай нафты".Таццяна Манёнак адзначае, што ў павелічэнні аб'ёмаў могуць дапамагчы расійскія радовішчы, якія зараз актыўна распрацоўвае беларуская кампанія "Янгпур", што нядаўна набыла "Пурнафту".

"Мяркуецца, што дзесьці да 2025-2026 года павялічыць здабычу да 1,7 мільёны тон у год. Прыкладна столькі сёння здабывае і "Беларусьнафта" на тэрыторыі Беларусі", – кажа Манёнак.

То бок, з дапамогай здабычы ў Расіі цалкам верагодна выйсці на 3-3,5 мільёны тон у год. Але здабыць і перапрацаваць нафту – мала, патрэбна яе яшчэ прадаць. І тут узнікае пытанне з санкцыямі.

"Як яны будуць працаваць, як будзе далей, як гэта адаб'ецца на эканоміцы, мы не ведаем. Многія украінскія партнёры ўжо непакояцца, як будуць праходзіць разлікі з Беларуссю, – кажа Манёнак. – Тым не менш па ўскосных дадзеных можна зрабіць вывад аб тым, што зменшыліся аб'ёмы перапрацоўкі. Апошнія месяцы змяншаюцца. І калі Беларусь будзе шукаць шляхі абыходу санкцый, у любым выпадку гэта новыя выдаткі".

Што было б, калі б Беларусь здабывала 8-9 мільёнаў тон нафты? Ці выратавала б гэта нас?

"Наўрад ці, вядома, – лічыць акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова. – 9 млн тон нафты гэта 66 мільёнаў барэляў. Калі выказаць здагадку, што кошт нафты $70 за барэль, было б дадатковых $4,6 мільярда ў год або плюс 7% ВУП. Сапраўды, здаецца што гэта здольна вырашыць усе нашы праблемы (і гэта праўда так – у кароткатэрміновым перыядзе), але трэба разумець, што гэта не крыніца пастаяннага росту.

ВУП бы вырас адзін раз на 7% за кошт здабычы, і далей проста заставаўся б на гэтым павышаным узроўні. Пры гэтым, вядома, адставанне Беларусі нават ад некаторых суседзяў складае значна больш, чым 7%. У Польшчы, напрыклад, ВУП на душу па парытэце пакупніцкай здольнасці вышэй на 60%".

Падзяліцца