аўт, 19.10.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Быў у рабстве, але прыязджаў у Беларусь – разбіраемся ў гісторыі беларуса, які праз 14 гадоў адшукаўся ў Расіі

06.09.2021 – 19:34 | 766

Медыяпрастору ўскалыхнула навіна пра беларуса Андрэя Купрэенку, які знайшоўся ў Расіі пасля 14 гадоў рабства. Але тут жа беларускі МУС выкаціў сваю заяву: Купрэенка сам напісаў заяву, каб яго вышук спынілі, а ў 2019 годзе нават спакойна прыязджаў на радзіму, каб зрабіць новы пашпарт. Дык дзе тут праўда? "Наша Ніва" звярнулася ў арганізацыю "Альтэрнатыва", якая займаецца вызваленнем людзей з рабства. Яна і паведаміла пра тое, што знайшоўся Купрэенка.

"Па сутнасці ўсё пачалося з таго, што Андрэй, які спакойна працаваў у Маскве, у 2008 годзе ў кампаніі нейкіх дзяўчат вырашыў адпачыць. І на Плошчы трох вакзалаў, адкуль часцей за ўсё і трапляюць у працоўнае рабства, ён з тымі дзяўчатамі і піў. Прачнуўся на наступны дзень ужо ў аўтобусе, які ўязджаў у Дагестан, – расказвае Арцём Ганчароў, супрацоўнік арганізацыі "Альтэрнатыва". – Калі аўтобус спынілі на пасту, паліцыя Андрэя высадзіла. Кіроўца прапаноўваў сілавікам грошы, каб яму аддалі беларуса, але паліцэйскія не захацелі. На наступны дзень паліцэйскія спынілі нейкую дзяўчыну – і самі адправілі і Андрэя, і яе на цагляны завод. З таго моманту і пачаліся яго падарожжы".

Купрэенка за гэтыя гады быў і пастухом у гарах, і чыніў рыбацкія сеткі, і працаваў на цагляных заводах. Акрамя таго, працаваў у шэрагу месцаў проста чарнарабочым, рабіў усё. 

"З 2008 года Андрэй па сутнасці працаваў за ежу. Было літаральна некалькі месцаў, дзе яму плацілі грошы за працу, але часце за ўсё яму давалі толькі ежу. На такіх працах ён мог заставацца месяц-два, часам нават паўгады – спадзяючыся, што ўсё ж дадуць грошы. Калі ён разумеў, што не заплацяць – ён сыходзіў, ці збягаў, у залежнасці ад абставін. У некаторых месцах збегчы не атрымлівалася, ці яго вярталі – там Андрэй затрымліваўся на некалькі гадоў, – тлумачыць Ганчароў. 

Гэта не такое рабства, дзе чалавек сядзіць 14 гадоў, прыкаваны да сцяны ў падвале. Рабства ў прынцыпе не бывае такім, хіба толькі ў адзінкавых унікальных выпадках. Людзей ніхто не прыкоўвае, бо гэта ж працоўная сіла.

Каб чалавек не збег, дастаткова яго запалохаць фізічна, тады псіхалагічна ламаецца воля, знікае прага да свабоды і іншага жыцця. І за доўгі час такога жыцця чалавек мяняецца, прывыкае разлічваць толькі на сябе, і нават калі сыходзіць з падобнай працы, то пасля бадзяецца, не шукаючы дапамогі, бо не верыць людзям, не верыць, што хтосьці можа нечым яму дапамагчы.

Калі верыць Андрэю, то яму вельмі пашанцавала. Бо ён кажа, што яго ніхто не збіваў за ўсе гэтыя гады. Мне верыцца з цяжкасцю, гэта проста цуд – але ён настойвае, што не білі.

Але і на выгляд Андрэй фізіялагічна моцны, нават шматгадовая цяжкая праца яго толькі закаліла, тут я трохі нават здзіўлены". 

Андрэй вырас у дзіцячым доме, з маці стасункі не падтрымліваў"

З 2007 года Андрэй быў у вышуку – заяву напісала яго маці. У 2018 годзе, паведамляе беларуская міліцыя, Купрэенка трапіў у поле зроку паліцэйскіх Кабардзіна-Балкарыі. Тады ж ён сам нібыта напісаў заяву, каб спынілі яго вышук.

Арцём Ганчароў пацвярджае гэта: "Так, бо Андрэй вырас у дзіцячым доме, з маці стасункі не падтрымліваў. І зараз не хоча з ёю звязвацца. І калі яму тады паліцэйскія паведамілі пра вышук, ён насамрэч сказаў, што ўсё парадку, не трэба яго шукаць і напісаў тую заяву. Гэта даволі тыповая гісторыя".

Акрамя таго, беларускі МУС кажа, што Купрэенка прыязджаў у Беларусь рабіць пашпарт у 2019 годзе. Ганчароў, са слоў Андрэя, пацвердзіў і гэты факт.

"Так, гэта праўда, проста спачатку сам Купрэенка нічога не сказаў пра гэта нават нам. Ён зноў трапіўся недзе ў Расіі паліцыі і яму далі месяц аднавіць дакументы. Ён паехаў, зрабіў пашпарт, і вярнуўся – да таго ж працадаўцы ці да іншага дакладна не адкажу.

"Да мінулага тыдня ён недзе бадзяўся, падпрацоўваў, то тут, то там"

Апошні працадаўца адабраў у Андрэя дакументы. Купрэенка працаваў у яго, да аднаго моманту. Неяк ён не даглядзеў каня – той збег. Андрэй спалохаўся, пабаяўся вяртацца з такімі навінамі і проста сыйшоў, спрабаваць вярнуць у гаспадара свой пашпарт нават не стаў спрабаваць. І да мінулага тыдня ён недзе бадзяўся, падпрацоўваў, то тут, то там.

Пасля даведаўся, што ён зноў у вышуку і сам знайшоў нас. Цяпер мы дапамагаем Андрэю. Мы яго накармілі, апранулі, зробім часовае пасведчанне асобы і дапаможам вярнуцца ў Беларусь. Там Андрэй адновіць пашпарт і калі пасля захоча – то зможа пазваніць нам і папрасіць дапамагчы з нармальнай працай. У такім выпадку, мы дапаможам яму адшукаць працу ў Расіі, дзе будзе жыллё, ежа, дзе не кінуць з грашыма", – кажа Арцём Ганчароў.

Ён адзначае – гісторыя Андрэя Купрэенкі, на жаль, не ўнікальная. Бывалі і больш неверагодныя выпадкі.

"Летась увосені да нас трапілі аж трое грамадзян Беларусі. А на той момант ужо былі межы паміж Расіяй і Беларуссю перакрытыя. Высветлілася, што гэта самыя сапраўдныя беларускія бамжы, якіх недзе ў Беларусі цыгане спаілі, скралі і вывезлі лясамі-балотамі ў Расію. Там прымусілі працаваць на сябе – сарціраваць смецце на сметніках.

Мы іх вярнулі ў Беларусь назад. А што было з імі рабіць?" – пасміхаецца Ганчароў.

Падзяліцца