суб, 25.09.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Раскопкі ў мсціслаўскім касцёле атрымліваюць сенсацыйны працяг?

23.08.2021 – 17:50 | 716

У касцёле кармелітаў вядуцца раскопкі. Археолагі спадзяваліся, што знойдуць каменныя зводы, што абрынуліся падчас пажару 1855 года. Спачатку закладзены пасярод цэнтральнага нефу (больш правільна будзе называць яго шурф, бо ягоны памер усяго два метры на два) не даваў асабліва цікавых знаходак – кераміка, рэшткі цэглы. Аднак на глыбіні прыблізна двух метраў з'явіліся чалавечыя парэшткі. Пра гэта піша Аляксей Бацюкоў на 6tv.by.

Яшчэ адна дэталь – знойдзены фрагмент карычневай тканіны, які літаральна рассыпаецца ў руках. Карычневая тканіна адпавядае вопратцы манахаў-кармелітаў, але пра гэта крыху ніжэй.

Канструктыўныя рашэнні, якія назіраюцца ў мсціслаўскім касцёле, даволі незвычайныя. Традыцыйна ў падобных пабудовах пад цэнтральным нефам размяшчаюцца скляпенні, якія выкарыстоўваюцца як крыпта – тут хаваюць святароў і манахаў, а таксама фундатараў. У гэтым жа храме скляпенні абыходзяць цэнтральную частку і размяшчаюцца пад бакавымі нефамі. Спачатку гэта выклікала пэўныя здзіўленні ў археолагаў.

Але гісторык, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў, які бярэ ўдзел у працах, выказаў даволі нечаканае меркаванне.

Ці не з'яўляюцца знойдзеныя чалавечыя парэшткі – парэшткамі манахаў-кармелітаў, што сталі ахвярамі так званай Трубяцкой разні? Узяты штурмам расійскімі войскамі летам 1654 года Мсціслаў стаў ахвярай жудаснага вынішчэння мірнага насельніцтва, пасля чаго веліч горада надоўга заняпала. Сярод знішчаных былі і шаснаццаць манахаў кармеліцкага ордэна, якія сталі пакутнікамі за веру. 

У гэты час мсціслаўскі касцёл быў яшчэ драўляны. Будаўніцтва мураванага храма адбывалася ў 1768 годзе. Можна дапусціць, што шанаванае прадстаўнікамі ордэна пахаванне пакутнікаў адмыслова было пакінута ў цэнтры храма. Над гэтым пахаваннем сімвалічна таксама і размяшчэнне знакамітай фрэскі з выявай Трубяцкой разні на бакавой сцяне цэнтральнага нефа.

Падзяліцца