аўт, 22.06.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: прымусілі сысці ўжо трох беларускамоўных выкладчыкаў

11.06.2021 – 12:09 | 437

Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: прымусілі сысці ўжо трох беларускамоўных выкладчыкаў. Усе трое яшчэ год таму віселі на дошцы гонару ВНУ, а цяпер аказаліся непатрэбнымі. Піша "Наша ніва".

"Я быў змушаны напісаць заяву па ўласным жаданні, інакш мяне б звольнілі па артыкуле аб недастатковай кваліфікацыі", – кажа прафесар кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі Аляксандр Агееў, які працаваў у ВНУ з 1991 года.

Агееў – вядомы ў Магілёве чалавек. Прычым вядомы не толькі як выкладчык, ён удзельнічаў і ў грамадска-палітычным жыцці краіны, быў у шэрагах БНФ і ТБМ. У 2003 і 2007 гадах абіраўся дэпутатам у Магілёўскі гарсавет. Уваходзіў у тапанімічную камісію пры гарвыканкаме. Выдаваў альманах "Магілёўская даўніна", а таксама сумесна з Алегам Трусавым напісаў кнігу "Магілёўская ратуша". Такіх знаўцаў гісторыі Магілёва не так шмат, але ў далейшым супрацоўніцтве ўніверсітэт больш не зацікаўлены, пры тым што ёсць недахоп кадраў.Рэч у тым, што ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова нядаўна працавала атэстацыйная камісія, яна скончыла работу 31 мая. Па яе выніках некаторым з супрацоўнікаў і было прапанавана звольніцца.

"Рашэнне прымаецца "калектыўным рэктарам", – смяецца Аляксандр Агееў. – Сам рэктар кажа, што не можа не давяраць высновам атэстацыйнай камісіі, у працы якой ён не браў удзелу".

Рэктар МДУ – вядомы гісторык і археолаг Дзяніс Дук, вучань Георгія Штыхава і Сяргея Тарасава. Калісьці Лукашэнка называў кнігу Дука і Вольгі Ляўко "здаровым нацыяналізмам".

Па звестках "Нашай Нівы", у час працы атэстацыйная камісія засяроджвалася не столькі на прафесійнай дзейнасці выкладчыкаў, як на тым, што яны пісалі ў сацыяльных сетках ці як выказваліся публічна. На гэтай падставе і выносіліся рашэнні.

"Смяёмся: яшчэ нядаўна ўсе трое віселі на дошцы гонару, а Шаруха дык на самай важнай дошцы гонару ўніверсітэта, а цяпер непатрэбныя", – кажа Агееў.

Ігар Шаруха – прафесар кафедры прыродазнаўства, нейкі час пабыў і дэканам. Ён ва ўніверсітэце ад 1993 года. Яго лічаць ці не найлепшым географам Магілёва. Шаруха ўзначальвае абласное аддзяленне Беларускага геаграфічнага таварыства. Меў шматлікія граматы-падзякі ад Міністэрства адукацыі.

Трэцім выкладчыкам, які быў вымушаны сысці з МДУ, стаў дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Віталь Еўмянькоў. ВНУ Еўмянькоў аддаў 21 год працы.

"Шчыра кажучы, шкада. Шкада ўніверсітэт, шкада студэнтаў", – напісаў у фэйсбуку Еўмянькоў.

Усе трое – гэта беларускамоўныя выкладчыкі. Агееў кажа, што пэўныя прапановы аб працы ўжо маюцца. "Людзі падзяліліся: хтосьці мне спачувае, а хтосьці, наадварот, віншуе", – кажа ён.