аўт, 22.06.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Тысячы пілігрымаў і Багародзіца з усьмешкай. Чым вядомы беларускі Нотр-Дам?

12.05.2021 – 14:42 | 93

Ранкам 11 траўня загарэўся галоўны каталіцкі санктуарыюм Беларусі – касьцёл у вёсцы Будслаў. Чым адметная гэтая сьвятыня? Пiша Радыё Свабода.

В Будслаўскім касцёле 11 мая здарыўся пажар. Па інфармацыі сведкаў, загарэўся дах. Ратавальнікі выявілі задымленне на верхніх паверхах касцёла. Каля 10 гадзіны стала вядома, што дах пад цэнтральным нефам абваліўся. Аб 11:24 пажар лакалізавалі, а 15:21 – ліквідавалі. Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў заклікала вернікаў дапамагчы аднавіць касцёл.

1. Цудоўны абраз Маці Божай

Галоўная адметнасьць сьвятыні, дзеля якой туды зьяжджаліся тысячы людзей, – абраз Маці Божай з маленькім Ісусам на руках. Гэта адна зь нешматлікіх выяваў Багародзіцы, дзе відаць, як Яна ўсьміхаецца.

Папа Рымскі Ян Павал ІІ у 1996 годзе абвясьціў Маці Божую Будслаўскую Апякункай Беларусі. У 1998 годзе абраз каранавалі папскімі каронамі.

Абраз вельмі стары – яму ня менш за 423 гады. Яго падараваў Папа Рымскі Клімэнт VIII менскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў у каталіцтва. У будслаўскую сьвятыню абраз перадалі ў 1613 годзе. Падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай абраз вывозілі ў польскую Саколку. Памер абраза невялікі – 72×65 сантымэтраў.

Амаль адразу, у XVII стагодзьдзі, вернікі сталі лічыць гэты абраз цудатворным – пасьля малітвы перад ім многія вылечваліся ад цяжкіх хваробаў.

Падчас пажару абраз уратавалі.

2. Тысячы пілігрымаў

Штогод пакланіцца перад цудоўным абразом прыяжджалі тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Вернікі зьвяртаюцца да Маці Божай з просьбамі аб аздараўленьні, аб вырашэньні праблем, аб спрыяньні ў розных справах.

Асабліва шматлюдным Будслаў становіцца штогод у пачатку ліпеня падчас Будслаўскага фэсту. Традыцыя аднавілася ў 1990 годзе. Адначасна сюды прыбываюць дзясяткі тысяч чалавек. Зь Менску і іншых гарадоў Беларусі вернікі сталі хадзіць у Будслаў пешкі: моладзь, сем’і зь дзецьмі, людзі сталага веку, сьвятары, манашкі.

Самая доўгая пілігрымка ідзе з Баранавічаў – 293 кілямэтры – і доўжыцца 9 дзён. У апошнія гады ў Будслаў пачалі езьдзіць роварныя пілігрымкі, да іх далучаўся і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. З Чырвонага касьцёла, прыкладам, ходзяць пілігрымы толькі "на хлебе і вадзе". Летась 70-гадовы настаяцель Чырвонага касьцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў да Будслава на монаколе.

Унутры пілігрымак ствараецца асобная культура. Вернікі ня толькі моляцца, але сьпяваюць песьні пад гітару і барабаны, у тым ліку, да Маці Божай Будслаўскай, танцуюць у дарозе, інтэгруюцца ў гульнях, дзеляцца досьведам свайго жыцьця. Кожная групка распрацоўвае свой сьвяточны лягатып на цішотках, павязвае стужкі аднаго колеру, робіць міні-прадстаўленьне, калі ўваходзіць у Будслаў.

У Будславе захавалася старажытная традыцыя, калі вернікі ад уваходу ў касьцёл да галоўнага алтара ідуць на каленях.

Падчас фэсту праходзяць урачыстыя багаслужбы на чале зь герархамі беларускага Касьцёлу і дзясяткамі сьвятароў.

Адзін з самых уражвальных момантаў фэсту – начная працэсія са сьвечкамі вакол касьцёла. Тады быццам рака ліхтарыкаў залівае ваколіцы.

3. Будслаўскі фэст прызнаны нематэрыяльнай спадчынай

У 2018 годзе Будслаўскі фэст – урачыстасьць ушанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай – UNESCO ўнесла ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў чалавецтва.

"Гісторыя прызнаньня Будслаўскага фэсту і ўнясеньне яго ў сьпіс [нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва] UNESCO – гэта добры прыклад супрацоўніцтва Касьцёлу зь дзяржавай. Гэта важна для Касьцёлу, бо робіць рэкляму Касьцёлу, які прызнаны на такім высокім узроўні", – казаў тады мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

4. Сьвятыню наведаў пасланьнік Папы Рымскага

У ліпені 2013 году на Будслаўскі фэст прыехаў легат Папы Рымскага Жан-Люі Таран. Менавіта ён за некалькі месяцаў да гэтага абвяшчаў сьвету, што абралі новага Пантыфіка Францішка. Тады сьвяткавалі 400 гадоў, як цудоўны абраз перадалі ў будслаўскі кляштар. На ўрачыстасьці таксама прыехалі біскупы з Польшчы, Украіны, Румыніі, Італіі.

5. У касьцёле да пажару захаваліся старыя фрэскі і драўляны алтар

Касьцёл у Будславе носіць імя Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Яму больш за паўтысячы гадоў. Упершыню ён згадваецца ў 1504 годзе. Тады вялікі князь ВКЛ Аляксандар падарыў ордэну францішканаў надзел лесу ў менскім павеце.

Потым касьцёл двойчы перабудоўвалі, апошні раз у 1767 годзе. Калі храм зачынілі ў 1852 годзе, некаторыя манахі прымалі ўдзел у паўстаньні 1863-1864 гадоў.

Касьцёл пабудаваны ў стылі барока з дзьвюма шмат’яруснымі вежамі. Ягоная вышыня 56 мэтраў. Касьцёл падзелены на тры навы. Ён да пажару меў багатае аздабленьне, у ім захаваліся аўтэнтычныя фрэскавыя росьпісы без пазьнейшых перамалёвак, а таксама – драўляны алтар 1643 году, помнік раньняга барока.

6. Касьцёлам апекаваліся манахі

За Нацыянальным санктуарыем яшчэ нядаўна даглядалі манахі-францішкане. Гэта адзін з самых старых манаскіх ордэнаў, жабрацкі. Яго заснаваў у XIII стагодзьдзі ў Італіі Францішак Асызкі. Францішкане вылучаюцца беднасьцю, аскезай і любоўю да людзей.

Цяпер у касьцёле служаць эпархіяльныя сьвятары. Цяперашні настаяцель – ксёндз Дзьмітры Дубовік, ён першы паведаміў пра пажар.

7. Будслаў – гэта невялікая вёска

Будслаў – гэта невялікая вёска за 130 кілямэтраў ад Менску. Там жыве ўсяго паўтысячы чалавек. У Будслаў можна даехаць электрычкай. Бліжэйшы горад Мядзел знаходзіцца за 50 кілямэтраў.

Назва вёскі, паводле адной з вэрсій, значыць "Слаўная Буда" або "Слаўся, Буда".

Глядзiце па тэме: