чцв, 24.06.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Аднаўляць будзем усёй Беларуссю". Рэпартаж з Будслава, дзе ратавалі ад пажару каталіцкую святыню

11.05.2021 – 23:36 | 136

"Святыня гарыць!" Ваколіцы Будслава ад самага ранку на вушах. Пра тое, што касцёл 18 стагоддзя дыміць, старыя адно аднаму перадаюць па тэлефоне. У вёсцы Даўгінава, што за 16 кіламетраў, з хваляваннем праводзяць вачыма пажарныя машыны. Піша Наталля Лубнеўская, "Наша ніва".

У цэнтры Будслава неба шэрае ад дыму, у паветры – горкі пах кастрышча. На траве стаяць лавы і спавядальні – пасля іх зацягнуць у пабудову побач з касцёлам. Галоўны абраз Маці Божай ужо вынеслі. Калі а палове 11-й шуганула полымя і абвалілася частка даху, радавала толькі, што ўсе каштоўнасці ў бяспецы.

Мясцовы жыхар Пятро быў адным з тых, хто дапамагаў ратаваць убранне.

"Нас тут цэлая вёска сабралася, чалавек 200, – расказвае ён. – Калі мне пазванілі і сказалі, што касцёл гарыць, спачатку паверыць не мог. Ён жа ўсю вайну прастаяў!"

"Бабкі старэйшыя згадвалі, як яны на зямлю ляглі каля касцёла, малілі не бамбіць", – змахвае слязу спадарыня Данута. Сёння раніцай яна ішла на працу ў сталовую на іншым канцы вёскі, калі ўбачыла дым.

"А пасля як пачалі ўсе званіць нам! З Княгініна, кажуць, быў бачны слуп дыму. Нашы пажарныя прыехалі, але ж у іх лесвіцы невысокія – толькі вясковыя хаты з іх тушыць. Каб мінскія адразу падаспелі ці верталёт нам даслалі, можа, паспелі б уратаваць дах. А там жа кнігі старыя захоўваліся, усё згарэла, відаць", – перажывае жанчына.

Сярод тых, хто дапамагаў выносіць рэчы, быў каталіцкі актывіст Арцём Ткачук.

"Мы з іншымі сем'ямі і дзецьмі прыехалі на рэкалекцыі. Тое, што пажар у касцёле, угледзелі ў 7:50. Пабеглі на дапамогу, там ужо людзі ратавалі абразы. Пасля ўжо ў касцёл не зайсці было – такі цяжкі смог стаяў".

На месцы з дзясятак пажарных машын – з Іллі, Вілейкі, Маладзечна, Мінска. Пакуль адны ратавальнікі працуюць на вышыні, іншыя на зямлі рыхтуюць кіслародныя балоны.

Першыя звесткі знутры суцяшальныя – хоць дах абваліўся, але цагляныя перакрыцці пад ім цэлыя. Унутры нічога не пацярпела – толькі жырандоля ўпала. Вялізны арган немагчыма было вынесці, таму пажарныя дзяжурылі ля яго і закрывалі ад гарачых вуглёў.

Ад самай раніцы ратавальнікам дапамагае экскурсавод Яўген Апанасевіч. Кажа, цагляныя перакрыцці моцна нагрэліся, невядома яшчэ, як сябе павядуць. Унутры касцёла зараз дымна, але роспісы полымем не кранутыя.

На лаўцы з сынам сядзіць Надзея. Яна прыехала з Докшыц разам з мужам-пажарным – яго выклікалі ва ўмацаванне.

"Мы ў гэтым касцёле вянчаліся, сына тут хрысцілі. Страшна такое ўбачыць. І за мужа страшна", – з хваляваннем сочыць жанчына за працай ратавальнікаў.

За трагедыяй, якая разгарнулася ў цэнтры вёскі, мясцовыя назіраюць з парка. Плачуць у тэлефоны, дзяжураць з абразамі, прынесенымі з дома. Гадаюць: што ж здарылася?

Хтосьці мяркуе, што праводка – калі пачаўся пажар, на некалькі хвілін увесь Будслаў застаўся без святла. Іншыя ў гэтую версію не вераць: некалькі год таму быў добры рамонт, і праводку правяралі – была спраўная.

"Можа, па чыёйсьці неасцярожнасці загарэлася? Тут жа бываюць экскурсіі. Ды адкуль мы можам ведаць… А-а-й, не думала ніколі, што да такога дажыву", – качае галавой жанчына.

Пажарныя працавалі каля шасці гадзін. Вясковае кафэ сёння зачынена для наведнікаў – трэба пакарміць ратавальнікаў, якія не далі полымю знішчыць святыню.

Намеснік начальніка Мінскага абласнога МНС Віталь Пякурын пасля распавядзе: у 7:47 паступіла паведамленне ад пажары, першыя ратавальнікі былі на месцы ўжо праз чатыры хвіліны. Задзейнічалі 12 аўтацыстэрн і 8 адзінак іншай спецтэхнікі. Загарэліся драўляныя перакрыцці ў закрытых поласцях, падаць туды ваду было складана. Але далей за дах агонь не распаўсюдзіўся.

У Будслаў з'ехаліся і мінскія ксяндзы, епіскап Казімір Велікаселец і былы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Алег Буткевіч кажа, што ўнутр касцёла пасля таго, як пажар патушылі, яны не змаглі яшчэ патрапіць. Невядома, у якім стане старажытны драўляны алтар, ці не пашкодзіла полымя сцены – трэба праводзіць экспертызу.

"Аднаўляць будзем, думаю, не толькі канфесіяй, але ўсёй Беларуссю. У нас ужо і з-за мяжы пытаюцца, якая дапамога патрэбна".

Фота: Надзея Бужан

Падзяліцца