нядз, 16.05.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Меркаванне: санкцыі, уведзеныя беларускімі ўладамі, удараць па нашых дылерах і расійскіх заводах

24.04.2021 – 14:55 | 192

Беларускі ўрад абвясціў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і продажу ў нашай краіне – "для забеспячэння нацыянальных інтарэсаў" і "з улікам несяброўскіх дзеянняў". Пад "санкцыі" патрапіла LIQUI MOLY, "ŠKODA AUTO", "NIVEA". Каму нашкодзілі? Пра гэта разважае Арцём Гарбацэвіч на "Нашай ніве".

"У Беларусі за 2020 год прадалося 3682 "Шкоды", гэта 3,7% ад аб'ёму гадавых продажаў "Шкоды" ў Расіі, адкуль да нас, уласна, і паступаюць машыны (і 0,45% ад агульнасусветнага аб'ёму продажаў "Шкоды"). Skoda Rapid збіраецца ў Калузе, Octavia – у Ніжнім Ноўгарадзе. Адказваючы на пазіцыю чэхаў і немцаў, забаранілі імпарт "саюзніка" – "ну такое". 

Рынак Беларусі малазаўважны для вялікай карпарацыі.

І прынцыповы момант у тым, што забарона продажаў стане не праблемай чэхаў, а праблемай беларусаў. Гэта яны будуць спрабаваць "вырашыць" сітуацыю. 

Сама "Шкода" ні з кім дамаўляцца не будзе, бо нічога тут не прадае – прадае беларускі бізнэс, імпарцёр "ФелОкт-сервіс" з дылерскай сеткай у абласных гарадах. 

За кошт продажаў машын "Шкоды" выжываюць прадаўцы, менеджары, кладаўшчыкі, механікі сэрвісу і гэтак далей. За тысячу людзей, калі разам з сем'ямі. 

Уласнікі кампаніі цяпер у бязрадасным настроі. Відавочна, што на пабудову дылерскай сеткі яны бралі крэдыты, а як іх аддаваць, калі продажы машын стануць?

Застаецца невялікая імавернасць, што дзяржава прадумала эканамічную падтрымку для гэтых людзей пры прыняцці палітычнага рашэння, але досвед кавіднага года паказвае, што прыватнік можа не асабліва разлічваць. 

Атрымліваецца, улады абураюцца, што Захад санкцыямі губіць працоўныя месцы, а ў сухой рэшце вынік "контрсанкцый" выходзіць той жа самы. 

Але праглядаюцца тут наступствы і для шараговых купцоў машын – выглядае лагічным павышэнне цаны на "аднакласнікаў" забароненых машын праз звужэнне канкурэнцыі. 

Праўда пакуль невядома, ці ў рэальнасці сітуацыя такая страшная, якой выглядае ў загалоўках – фармулёвак самога дакумента яшчэ ніхто не бачыў, бо тэкст не публікаваўся. 

Відаць, імпарцёр будзе спадзявацца, што ў тэксце знойдуцца шчыліны і імпарт з Расіі застанецца магчымым.

Падзяліцца