пан, 17.05.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Гісторыя абсурду. Майстра на гадзіну затрымалі з улёткамі – там была рэклама яго паслуг, але хлопцу ўсё адно далі 15 сутак

20.04.2021 – 10:28 | 244

Калі ў той дзень майстра на гадзіну Анатоль Старасвецкі збіраўся на працу, то думаў, што ўлёткі з рэкламай паслуг прынясуць яму новыя замовы. А ў выніку трапіў у РУУС і на суткі. Піша "Наша ніва".

Затрымалі 30-гадовага хлопца 26 сакавіка ў мінскім мікрараёне Серабранка.

"Я ўвечары вяртаўся дадому, ішоў з інструментам. З сабой былі яшчэ цукеркі і шампанскае – хацеў павіншаваць бабулю з днём народзінаў. Спынілі мяне за ліхтарык: там людзі свяцілі ў вокны, а мне якраз патэлефанавалі, тэлефон пачаў мільгаць – я і папаўся. Міліцыянты ўбачылі, што ў мяне нейкія ўлёткі ёсць з сабой, падумалі, што я мала таго што апазіцыянер, дык яшчэ і агітацыю ляпіў. Пазванілі ў РУУС, там сказалі: цягніце яго сюды. Калі ў аддзяленні маёр убачыў мае ўлёткі, адчытаў міліцыянтаў: "Вы што зусім? Каго вы мне прывезлі?"

На буклетах было напісана "сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы". Але адпускаць Анатоля не збіраліся. Нават тое, што ў яго з сабой шрубавёрт і працоўныя дакументы, нікога не збянтэжыла. Спыталі толькі падчас вопісу, у колькі ён ацэньвае свой інструмент. Далі "народны" артыкул 24.23. У пратаколе напісалі, што хлопец бегаў па двары, крычаў "Жыве Беларусь", свяціў ліхтарыкам у вокны і тым самым заклікаў людзей выйсці на мітынг.

Справу разглядала суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.

"На паседжанні даваў тлумачэнні супрацоўнік міліцыі. Расказваў, што мяне затрымаў АМАП, хоць мяне ўзялі міліцыянты – дзве дзяўчыны і хлопец. Я пытаюся: а ў што я быў апрануты? "У чорнае". Кажу: якога колеру ў мяне былі красоўкі? "Я не памятаю, было цёмна. На вас была маска і капюшон". Цікаўлюся, як жа міліцыянт мяне тады пазнаў. "Па вачах". Ён не ўбачыў, што ў мяне белыя красоўкі, а вочы нібыта запомніў.

Міліцыянт сказаў, што з сабой у мяне нічога не было. Я зрабіў заўвагу: прыбярыце яго, гэта ілжэсведка. І прапанаваў суддзі паглядзець вопіс маёмасці. А там – балгарка, шрубавёрт… Але ім было пляваць.

Суддзя толькі паўтарала: у вас ёсць яшчэ пытанні? Калі пачуў, што далі 15 сутак, закрыў ноўтбук (суд быў па скайпе. – "НН") і пайшоў "здавацца".

У Анатоля гэта другое затрыманне. Першае было ў сярэдзіне жніўня. Тады хлопцу далі штраф у 10 базавых. Цяпер ён адбываў суткі на Акрэсціна і ў Жодзіне.

"Я б лепш на Акрэсціна іх усе адбыў, там прасцей: была гарачая вада, ежа нармальная, стаўленне лепшае. Але пасля 31 сакавіка нас перавезлі ў Жодзіна – і пачалося.

Са мной сядзеў мужчына, які не раз быў у турмах. На суткі ён трапіў не за палітыку, а за скандал з жонкай. І ён быў у шоку: "За што мне гэта? Я ў такіх умовах ніколі не сядзеў". А было так. А 6-й пад'ём, у 6.10 прыносяць ежу, назавём гэта так, а 9-й вас трамбуюць у сцену тварам, б'юць, абражаюць".

Спачатку хлопец сядзеў у камеры на чатыры месцы, дзе было сем чалавек, пасля на восем, дзе змясцілі дзевяцёх. Суседзі – айцішнікі, доктар, музыка.

Анатоль працуе сам на сябе. Колькі замоў згубіў за гэты час, лепш не думаць.

"Я ў пятніцу якраз запіліў рэкламу, ведаў, што спрацуе 100 працэнтаў. На суботу, нядзелю і панядзелак ужо была праца. А тут на табе… Першыя дні мне было невыносна цяжка з-за гэтага. Плюс перажываў, як там мая кошка. Шмат што згубіў, але набыў гэты досвед – ён зрабіў мяне мацнейшым. Вельмі ўдзячны валанцёрам, якія дапамаглі дабрацца дадому".

Тыдзень пасля вызвалення хлопец адлежваўся дома – захварэў у ізалятары.

"Нам спецыяльна адчынілі акно, было шалёна холадна. У душы гарачая вада адсутнічала, вада ў камеры таксама толькі халодная. І спаць на нарах было немагчыма, бо балюча (матрацаў не было ні на Акрэсціна, ні ў Жодзіне), спалі на падлозе. І я бліжэй да канца тэрміну захварэў", – тлумачыць Анатоль.

Інструменты з аддзялення міліцыі ён яшчэ не забраў. Кажа, абскарджваць прысуд не будзе – не бачыць сэнсу.

Падзяліцца