пят, 23.04.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Бабуля, якая дапамагла злавіць беглага салдата: "Кажу яму: дзетачка, ідзі ад мяне, я нікому не скажу, толькі ідзі"

05.04.2021 – 13:05 | 1355

2 красавіка 19-гадовы вайсковец тэрміновай службы Аляксандр Караткевіч збег з палігона ў Брэсцкай вобласці. З сабой ён прыхапіў аўтамат – меркавалася, што хлопец накіраваўся да дзяўчыны ў Полацкі раён. Салдата шукалі некалькі дзён, 4 красавіка затрымалі ў адной з вёсак Ушацкага раёна – у міліцыю пазваніла мясцовая жыхарка. "Наша Ніва" адшукала жанчыну. 

Вользе Іванаўне 74 гады, яна звычайная вясковая пенсіянерка. 

"Каля 7-й вечара я выходзіла закрыць курэй, выйшла разам з коткай сваёй, і Мурка мая ў кухню сунецца, але адразу назад. Думаю, чаго ты не ідзеш? Адкрыла дзверы – а там стаіць салдацік з аўтаматам. Зайшоў праз другія дзверы, выходзіць, – узгадвае Вольга Іванаўна. – Я ведала, што ён збег: тут, можа, чалавек 70 хадзілі яго шукалі, з сабакамі. 

Я напалохалася – было б сэрца слабае, то інфаркт бы атрымала. Кажу яму: дзетачка, ідзі ад мяне, я нікому не скажу, толькі ідзі. Ён прасіў есці. Я кажу, выходзь на вуліцу. На стале хлеб ляжаў, я яшчэ кілбасу дастала з лядоўні, вялікі кавалак яму адрэзала, паклала ў пакецік.

Чую, кажа: вады! І сам убачыў на вуліцы бачок з дажджавой вадою, прысеў і папіў адтуль… Ай, у мяне душа аблілася слязьмі, як я ўбачыла. Ён узяў хлеб і кілбасу. Пытаецца: куды мне ісці? 

Кажу: ідзі куды хочаш, толькі не ў мяне. І ён пайшоў…"

Жанчына кажа, што пазваніла ў 102, прыбеглі салдаты. Караткевіча затрымалі ў суседнім будынку, ён хаваўся ў хляве побач са згарэлай хатай.

"Першую ноч ён хаваўся ў прыбудове да лазні ў пустым доме, які выкарыстоўваюць як лецішча, кажуць. Пасля перабраўся ў іншы. Калі яго злавілі, тая кілбаса яшчэ пры ім была кажуць, так і не з'еў…

Мне так яго шкада, такі хлопчык высокі, прыгожы… Ніколі яго не забуду. Я сёння ноч не спала, нават хуткую выклікала праз ціск, – ледзь не плача пенсіянерка. – Але ж у міліцыю мой [муж] настаяў званіць. А што было рабіць? Колькі б ён тут хаваўся з аўтаматам? І карміць яго хто будзе? Я ж не магу яго карміць".

Гладзіце па тэме:

Падзяліцца