Навукова-асветніцкую акцыю "Аграрная навука па-беларуску" правяла з 25 студзеня па 21 лютага сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук. Удзельнікі даслалі каля ста публікацый на беларускай мове, што тычыліся сельскай гаспадаркі і сумежных галін.
Гэта былі артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках, даклады і тэзісы канферэнцый, кніжныя выданні. Іх аўтары – прадстаўнікі сельскагаспадарчай акадэмічнай навукі і прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай аграрнай адукацыі.
Найбольш актыўным прызнаны Віктар Мікалаевіч Босак – доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, загадчык кафедры бяспекі жыццядзейнасці БДСГА.
Акцыя "Аграрная навука па-беларуску" была прымеркаванай да Дня беларускай навукі і Дня беларускай мовы. Яе праводзілі для папулярызацыі беларускай мовы і пашырэння яе ўжытку ў айчыннай аграрнай навуцы, а таксама для падтрымкі развіцця навуковай сельскагаспадарчай тэрміналогіі.
Акрамя навуковай значнасці публікацыі, прадстаўленыя ў межах акцыі, – карысныя крыніцы навуковай і прафесійнай тэрміналогіі сучаснай беларускай мовы.