пят, 23.04.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Пра што Ціханоўская і Латушка гаварылі з 1300 прыхільнікамі ў самай закрытай сацыяльнай сетцы

18.02.2021 – 09:41 | 304

Беларускія палітыкі шукаюць новыя шляхі для данясення сваіх думак і ідэй сярод людзей. Хтосьці праводзіць шосты Усебеларускі народны сход, а хтосьці – рэгіструецца ў звышпапулярнай апошнім часам сацыяльнай сетцы ClubHouse. Піша "Наша Ніва".

Паслухаць, паспрачацца, выказаць свае меркаванні ў размове са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і Франкам Вячоркам сабралася больш за тысячу чалавек. Гэта новы фармат – ты можаш наўпрост задаць хвалюючае пытанне палітыкам, альбо выказаць сваю думку, што трэба рабіць далей.

Дадзеная сустрэча была першай, калі фармат палічаць паспяховым, то працягнуцца яны далей. Тэма спаткання – Беларусь пасля Лукашэнкі.

"Беларусь будучыні для мяне – гэта новыя дэмакратычныя выбары. Пасля выбараў – прыняцце новай Канстытуцыі. Пабудова парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, дзе за права фарміраваць будуць весці палітычныя партыі. Паўнамоцтвы парламента і прэзідэнта будуць прапісаныя так, каб выключыць магчымасць узурпацыі ўлады.

У эканоміцы – актыўная, рыначная эканоміка. Часткова прыватызацыя, стварэнне новых галін эканомікі, добрыя ўмовы для прыходу інвестараў. Усе пацярпелыя цягам палітычных рэпрэсій будуць апраўданыя і атрымаюць кампенсацыю", – сказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

"Для мяне самае галоўнае – гэта бяспека. Павел Латушка гаварыў пра ідэальную Беларусь, і шмат у каго можа скласціся меркаванне, калі мы пераможам, то ўсю адразу стане прыўкрасна. Але ж мы разумеем, што гэта не так. Мы павінны разумець, што гэта доўгі працэс, вельмі шмат работы", – адрэагавала на гэта Святлана Ціханоўская. Яна задала пытанне, з якімі галоўнымі праблемамі мы сутыкнёмся пасля выбараў?

Блогер Антон Матолька адказаў так: "Галоўная праблема – гэта судовая сістэма, адсутнасць у Беларусі незалежных судоў. Калі такая сістэма з’явіцца, то астатняе рашаць будзе нашмат прасцей".

Слухач з Каліфорніі сказаў, што гатовы выходзіць на пратэсты і пытаўся, што рабіць, калі ўлада не пойдзе на перамовы. "Мы будзем імкнуцца да перамоў, але ідэальнай сітуацыі дасягнуць будзе цяжка. Калі ўлада не пойдзе на перамовы, то ў грамадства ёсць права на самаабарону і рэагаванне іншымі законнымі метадамі на бясчынства ўладаў", – адказаў Латушка.

Нехта "Алекс" прапанаваў Святлане Ціханоўскай свае паслугі ў якасці міжнароднага памочніка. "У мяне гэта атрымаецца лепш, чым у Франка". Потым людзі зразумелі, што гэта быў пранкер "Лексус", які проста спрабаваў развесці прысутных.

"Дамаўляцца патрэбна з усімі, ой, я перайшла на беларускую мову, – адказвала Ціханоўская пра магчымыя перамовы з Расіяй. – Мы адкрытыя да дыялогу, калі ў нас будуць кантакты з афіцыйнай Расіяй, то адразу раскажам".

"Вельмі цяжка перамагчы без пераходу сілавікоў на наш бок", – зазначыла Ціханоўская, калі гаворка пайшла пра рэформы МУС. Гаварылі таксама пра ІТ-сектар, пра культуру. Абмеркаванне працягнулася нават пасля таго, як з "пакоя" выйшлі ўсе палітыкі.

Падзяліцца