аўт, 2.03.2021
USD2.60|EUR3.14|RUB3.51
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Год у тумане. 10 загадак COVID-19, на якія дагэтуль няма адказу

02.02.2021 – 16:00 | 272

З новым каранавірусам чалавецтва жыве ўжо больш за год, і цяпер можна сказаць: мы дагэтуль вельмі мала ведаем пра гэтую хваробу. Тым часам палітыкі, эпідэміёлягі, фармацэўты і журналісты прадказваюць усё новыя зьвязаныя з COVID-19 катастрофы і сварацца адно з адным аб пэрспэктывах перамогі над пандэміяй і эфэктыўнасьці захадаў супраць яе. Піша Радыё Свабода.

У канцы мінулага тыдня кіраўніцтва Эўразьвязу заявіла, што можа заблякаваць экспарт у Вялікую Брытанію нямецка-амэрыканскай вакцыны Pfizer / BioNTech – у адказ на зрыў паставак у ЭЗ прэпарату брытанска-швэдзкай кампаніі AstraZeneсa, што справакавала "вайну вакцынаў". Пры гэтым AstraZeneсa гарантавала пастаўкі свайго прэпарату Вялікай Брытаніі. У AstraZeneсa патлумачылі сваё рашэньне тым, што іх кантракт з ЭЗ быў заключаны пазьней. У Брусэлі не выключаюць, што частка вакцынаў, прызначаных для ЭЗ, кампанія прадае за межы Эўразьвязу.

У ЭЗ жывуць больш за 453 мільёны чалавек. Пры гэтым вакцынавалі тут пакуль менш за восем з паловай мільёнаў – галоўным чынам лекараў, сацыяльных работнікаў і старых. Лік захварэлых з пачатку пандэміі каранавірусу ў краінах аб’яднанай Эўропы ўшчыльную набліжаецца да 19 мільёнаў, памерлі амаль 450 тысяч.

На гэтым фоне многія людзі з асаблівай трывогай успрынялі нядаўнюю заяву заснавальніка карпарацыі Microsoft Біла Гейтса (асабліва калі ўлічыць усе зьвязаныя зь яго пэрсонай і каранавірусам тэорыі змовы), які выказаў упэўненасьць у тым, што ў сьвеце амаль непазьбежная наступная пандэмія яшчэ адной, зусім новай хваробы, і яна можа быць у дзясяткі разоў горшай за цяперашнюю, са сьмяротнасьцю да 35%. На думку Гейтса, каранавірус і далей будзе часткай нашага паўсядзённага жыцьця, як стыхійныя катастрофы або зьмены клімату, калі нават яго змрочныя прагнозы не спраўдзяцца.

"Мы не гатовыя да наступнай пандэміі. Мы ня ведаем, калі будзе нанесены чарговы ўдар, ці будзе гэта грып або нейкая іншая хвароба, раней невядомая. Але мы дакладна ведаем, што нельга даць засьпець нас зьнянацку. Пагроза наступнай пандэміі так і будзе вісець над намі, калі толькі сьвет не прыме меры для яе прадухіленьня".

Відавочна, трывогу ў сувязі з тым, што спыніць пандэмію ніяк не ўдаецца, адчуваюць і кіраўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ): "Акрамя новых мутацыяў, агульная стомленасьць ад COVID-19 і наступствы калядна-навагодніх сьвяткаваньняў могуць справакаваць сапраўдны страшны "шторм" новых штамаў хваробы і выклікаць чарговую хвалю, у першую чаргу ў Афрыцы, адкуль яна распаўсюдзіцца далей", – заявіла рэгіянальная дырэктарка САЗ па Афрыцы Матшыдыса Моэці. За апошні тыдзень у Афрыцы было зафіксавана 175 тысяч новых выпадкаў заражэньня і больш за 6200 сьмерцяў. За апошні месяц колькасьць новых хворых там вырасла на 50% у параўнаньні з папярэднімі чатырма тыднямі.

Вось галоўныя 10 загадак каранавірусу SARS-CoV-2, на якія пакуль ніхто не даў дакладнага адказу. Пра іх піша аглядальнік расейскай службы нашага радыё Аляксандар Госьцеў:

1. Як усё ж зьявіўся вірус?

Галоўнай гіпотэзай па-ранейшаму застаецца тое, што SARS-CoV-2 мы атрымалі ад кажаноў у Кітаі. Сярод іх цыркулюе шмат каранавірусаў, і некаторыя зь іх ужо выклікалі эпідэміі, напрыклад у 2002 годзе. Аднак новы каранавірус павінен быў прайсьці праз іншы від жывёлы, перш чым набыў здольнасьць заражаць людзей, – і пошукі гэтага прамежкавага "гаспадара" ўсё яшчэ не прывялі да посьпеху.

Аналізы, узятыя ў жывёлаў, якія прадаюцца на так званым "мокрым рынку" ва Ўхані, які ў пачатку 2020 году быў названы зыходным пунктам перадачы вірусу людзям, не змаглі вызначыць яго. Пры гэтым шэраг навукоўцаў мяркуе, што вірус усё ж мае штучнае паходжаньне і "выпадкова высьлізнуў" зь вядомай лябараторыі ў гэтым жа горадзе – прычым улады КНР зразумелі ўсё значна раней, чым паведамілі пра гэта астатняму сьвету.

2. Як скончыцца пандэмія, калі гэта адбудзецца?

Шмат хто з мэдыкаў мяркуе, што калі ўрады пад ціскам многіх абставінаў выберуць стратэгію "суіснаваньня з каранавірусам", ужо будучым летам паказчыкі захворваньня амаль ва ўсіх дзяржавах прыкметна перавысяць узровень адпаведнага пэрыяду 2020 году. Пагроза навісьне ў першую чаргу над маладымі людзьмі, якія ня маюць дадатковых фактараў рызыкі (і, такім чынам, не атрымалі вакцыны). Гэта можа прымусіць тую ж Эўропу зьмяніць падыход і нарэшце ўзяць прыклад з краінаў Азіі, якія прынялі ў пачатку 2020 году самыя суровыя меры для абмежаваньня распаўсюду вірусу – аж да блякаваньня дзьвярэй у кватэрах тых, хто захварэў, і ўвядзеньня татальнага 24-гадзіннага камэнданцкага часу.

3. Які ўзровень сьмяротнасьці?

Агульны ўзровень сьмяротнасьці ад COVID-19 пакуль вагаецца ад 0,5 да 1 адсотка ад агульнай колькасьці заражаных, аднак сьмяротнасьць наўпрост зьвязаная зь іх узростам.

У людзей старэйшых за 80 гадоў яна складае ад 25 да 50 адсоткаў. У асобаў ва ўзросьце ад 50 да 70 гадоў яна дасягае 10%, асабліва пры такіх дадатковых абцяжлівых фактарах, як хваробы лёгкіх і сэрца, дыябэт або атлусьценьне. А на такія захворваньні пакутуе амаль палова людзей гэтай узроставай групы. Сярод насельніцтва ўзростам да 50 гадоў узровень сьмяротнасьці – каля аднаго выпадку на тысячу, што блізка да паказчыкаў звычайных відаў грыпу.

4. Як часьцей за ўсё перадаецца новы каранавірус?

Зь лета 2020 году было апублікавана некалькі буйных дасьледаваньняў пра гэта, аднак аднаго пэўнага адказу атрымана не было. Шэраг лекараў перакананыя, што асноўны шлях перадачы хваробы – гэта кроплі сьліны (напрыклад, пры пацалунках і карыстаньні агульным посудам), у той час як аэразольны шлях (гэта значыць, калі хворы чхае ці кашляе побач з вамі) адыгрывае другарадную ролю. У мэдычным сьвеце няма і адзінства наконт таго, ці перадаецца SARS-CoV-2 праз забруджаныя паверхні і як доўга ён застаецца на іх актыўным і жывучым.

5. Ці можна ўсё ж лячыць хваробу і як?

За год мэдыкі выпрабавалі на хворых, як здаецца, усе вядомыя прыдатныя лекі. Выкарыстоўваліся ў тым ліку і тыя лекі, якія маюць сурʼёзныя пабочныя эфэкты – і ў большасьці выпадкаў без прыкметнага станоўчага выніку. Аднак у некаторых выпадках усё ж было даказана, што сярод людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім або крытычным стане, гэтыя прэпараты малавытлумачальным чынам зьніжаюць сьмяротнасьць і патрэбу ў падключэньні да апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

6. Як доўга захоўваецца імунітэт?

Дасьледаваньні пацьвердзілі, што амаль у 95% людзей, якія захварэлі на COVID-19, выпрацоўваюцца антыцелы, колькасьць якіх залежыць ад цяжкасьці захворваньня. І яны ўсё яшчэ могуць выяўляцца праз паўгода нават у людзей, у якіх захворваньне працякала ў самай лёгкай форме. Аднак лекары па-ранейшаму ня могуць сказаць, якая колькасьць антыцелаў неабходная для прадухіленьня паўторнага заражэньня.

7. Чаму адны выпадкі захворваньня вельмі сурʼёзныя, а іншыя зусім бяскрыўдныя?

За год лекары прыйшлі да высновы, што пагаршэньне клінічнай карціны захворваньня залежыць ад імуннай рэакцыі арганізму – аднак прадказаць гэтую рэакцыю цяжка. Нейкі час таму галоўнай вэрсіяй сьмерці многіх з тых, хто захварэў, лічыўся так званы "цытакінавы шторм", гэта значыць гіпэрактывацыя бялкоў, адказных за перадачу сыгналаў у клетцы падчас запаленьня. Аднак цяпер узьнікла новая тэорыя – што галоўную ролю адыгрываюць так званыя "аўтаантыцелы", гэта значыць спэцыфічныя антыцелы, накіраваныя, як ні дзіўна, супраць уласнага арганізму.

8. Якія мутацыі адбываюцца ў новым каранавірусе?

У сьнежні 2020 году лекары выявілі ў Вялікай Брытаніі новую мутацыю каранавірусу SARS-CoV-2, якая распаўсюджваецца з большай хуткасьцю і патрабуе ад насельніцтва яшчэ большай асьцярожнасьці. Новы падвід гэтага каранавірусу можа быць на 70% больш заразным, чым стары, аднак, як запэўніваюць лекары, нішто пакуль ня сьведчыць пра тое, што ён больш небясьпечны з пункту гледжаньня сьмяротнасьці або цяжкасьці захворваньня. А ў Паўночна-Афрыканскай Рэспубліцы яшчэ ў мінулым кастрычніку была выяўленая іншая мутацыя – а менавіта штам 501.V2. Цяпер гэтая разнавіднасьць каранавірусу дамінуе ва ўсёй Паўднёвай Афрыцы. Наколькі яна будзе небясьпечнай, калі вырвецца за межы рэгіёну?

Пры гэтым так званыя "РНК-вакцыны", якія цяпер пачалі выкарыстоўваць для вакцынацыі ў заходніх краінах, маюць тут перавагу перад іншымі: выпрацаваныя зь іх дапамогай антыцелы лягчэй адаптуюцца да новых штамаў вірусу, калі ў гэтым узьнікне неабходнасьць. Ці нас у гэтым так запэўніваюць іх вытворцы?

9. Якую ролю адыгрываюць дзеці ў распаўсюдзе хваробы?

Да прыкладу, дасьледаваньне, праведзенае Жэнэўскім унівэрсытэтам на тысячы дзяцей і падлеткаў ва ўзросьце ад 0 да 18 гадоў, даказала: узровень інфікаваньня ў дзяцей, старэйшых за 6 гадоў (23%) аказалася амаль ідэнтычным агульнаму ўзроўню сярод насельніцтва (22%). "Нельга проста глядзець на колькасьць пацьверджаных выпадкаў у дзяцей і зрабіць выснову, што яны не заражаюцца. Паколькі ў іх часьцей разьвіваюцца зусім бессымптомныя формы, іх проста ў масе значна менш тэстуюць, – падкрэсьлівае Сільвія Стрынгіні, кіраўніца аддзелу папуляцыйнай эпідэміялёгіі лябараторыі Жэнэўскага унівэрсітэту. Але застаецца без адказу пытаньне: які рэальны ўнёсак дзяцей у перадачу хваробы ў грамадзтве?"

10. Ці заразныя свойскія жывёлы?

Сьпіс відаў жывёлаў, у якіх пацьверджаныя выпадкі заражэньня SARS-CoV-2, працягвае расьці – сярод іх сабакі, каты, норкі, львы, тыгры і гарылы, якія жывуць у заапарках. Гэта сьведчыць аб магчымай перадачы інфэкцыі ад чалавека жывёлам, а таксама аб асаблівай уразьлівасьці да вірусау ў першую чаргу драпежнікаў, у прыватнасьці зь сямейства куніц. Хоць дасьледаваньні паказваюць, што сярод сабак і катоў SARS-CoV-2 распаўсюджваецца вельмі абмежавана, значныя ўспышкі захворваньня былі зарэгістраваныя, напрыклад, на норкавых фэрмах, асабліва ў Даніі, дзе праз гэта давялося забіць некалькі мільёнаў жывёлінаў.

Радыё Свабода

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца