чцв, 25.02.2021
USD2.60|EUR3.17|RUB3.53
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

У 3,7 раза больш, чым настаўніку. Колькі плацяць дзяржслужачым

26.01.2021 – 19:17 | 605

Свабода пагартала сотню вакансій і паглядзела, колькі гатовыя плаціць чыноўнікам і каго цяпер шукаюць на дзяржслужбу.

Ідэоляг – 1500 рублёў

Адна з самых "смачных" вакансій, якую знаходзім, – намесьнік кіраўніка арганізацыі па ідэалягічнай працы з заробкам 1500 рублёў. Гэта ў 3,7 раза больш, чым прапануюць настаўніку. Такога спэцыяліста шукае сельскагаспадарчае прадпрыемства Сьвіслацкага раёну Горадзенскай вобласьці "ВМК-АГРА". Патрабаваньні для кандыдата сьціплыя – вышэйшая адукацыя. Гэтая гаспадарка – філія Ваўкавыскага мясакамбінату, тут працуюць 255 чалавек.

Раней гаспадарка называлася "Нязбодзічы" і была стратнай, у 2015 годзе пад сваё крыло яе ўзяў Ваўкавыскі мясакамбінат. Чысты прыбытак мясакамбінату за 2019 год – 5,5 мільёна рублёў. З 2018 году прыбытак зьнізіўся ўдвая. На 2019 год мясакамбінат меў каля 30 мільёнаў рублёў даўгоў – каротка- і доўгатэрміновых.

Начальнік у падатковай – 1478 рублёў

У інспэкцыю па падатках і зборах Віцебскай вобласьці шукаюць начальніка аддзелу, заробак – 1478 рублёў. Калі пераводзіць у даляры, гэта больш, чым "па 500" (575 даляраў). Патрабаваньні – вышэйшая эканамічная адукацыя і стаж працы ў падатковай ня менш за 5 гадоў.

Спэцыяліст у Міністэрстве энэргетыкі – 1215 рублёў

Міністэрства энэргетыкі шукае сабе кансультанта на заробак 1215 рублёў. Патрабаваньні шырокія: вышэйшая тэхнічная адукацыя, стаж працы па спэцыяльнасьці ня меней за 4 гады, веды ў заканадаўстве па ядзернай энэргетыцы, веданьне ангельскай мовы. Па сёньняшнім курсе такі заробак меншы за 500 даляраў – толькі 470.

Начальнік упраўленьня ў райвыканкаме – 1158 рублёў

Зэльвенскі райвыканкам Горадзенскай вобласьці шукае начальніка ўпраўленьня на заробак 1158 рублёў. Трэба мець адукацыю, а таксама ня менш за 5 гадоў стажу ў галіне будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Наймальнікі таксама разьлічваюць, што кандыдат будзе мець стаж працы ў дзяржаўных органах. Але заробак па сёньняшнім курсе ўжо меншы за 500 даляраў, толькі 450.

Галоўны дзяржаўны інспэктар у дэпартамэнце Мінпрацы – 1000 рублёў

Менскае гарадзкое ўпраўленьне Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Мінпрацы шукае галоўнага дзяржаўнага інспэктара на заробак у 1000 рублёў. Кандыдат мусіць мець вышэйшую тэхнічную адукацыю, ведаць закон аб ахове працы, офісныя праграмы, быць стрэсаўстойлівым і камунікабэльным.

А колькі зарабляюць іншыя

Паводле Белстату, сярэдні заробак у адукацыі за сьнежань мінулага году – 990 рублёў, у ахове здароўя – 1374 рублі. Калі паглядзець па вакансіях, заробак настаўніку прапануюць ад 400 да 700 рублёў, лекару – ад 500 да 1100, інжынэру – ад 800 да 1000.

Па большасьці сьвежых вакансій настаўніку прапануюць ад 400 рублёў. Гэта ў 3,7 раза меней, чым згаданаму вышэй ідэолягу.

Падзяліцца