чцв, 25.02.2021
USD2.60|EUR3.17|RUB3.53
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах

22.01.2021 – 12:27 | 162

Ад часу выбараў у Беларусі арыштавалі больш за 32 тысячы чалавек. Праваабаронцы прааналізавалі судовыя выракі 9 350 чалавек. Што кажуць лічбы аб працы беларускіх судоў, паведамляе Свабода.

Адміністрацыйны перасьлед

Праваабаронцы прааналізавалі дадзеныя па 9350 судовых справах са жніўня па студзень. З гэтага ліку 4,5 тысячы чалавек у беларускіх судах атрымалі суткі, агулам гэта 58 517 сутак, або 160 гадоў зьняволеньня.

Штрафы атрымалі 3,2 тысячы чалавек, на ўсіх гэта 58 тысяч базавых велічыняў, або 1,5 мільёна ў беларускіх рублях.

Сярод асуджаных па адміністрацыйных артыкулах 77% – мужчыны і 19,4% – жанчыны.

92% затрыманых асуджаныя па артыкуле 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых сходаў). 7% асуджаныя па артыкуле 23.4 – непадпарадкаваньне распараджэньню службовай асобы.

Найбольш судоў праваабаронцы зафіксавалі ў Менску (6350), Жодзіне (1428), Магілёве (352).

Адзін з рэкардсмэнаў – судзьдзя Першамайскага суда Менску Максім Трусевіч. За палітычную кампанію 2020 году ён прысудзіў людзям 5,5 года па адміністрацыйных справах і наштрафаваў на 37 тысяч рублёў. За адзін дзень ён мог выносіць па 27 прысудаў.

Найбольш сутак прысудзілі студэнту 4-га курсу БДУІР Яну Салановічу. Па стане на 15 сьнежня мінулага году агулам яму прысудзілі 115 сутак. Хлопца затрымалі 1 лістапада падчас мірнага шэсьця.

Крымінальны перасьлед

Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцам вядома больш як пра 1000 крымінальных спраў. У 2020 годзе суды Беларусі пасьпелі вынесьці рашэньні па 103 крымінальных справах. Самыя распаўсюджаныя сярод іх – крымінальны артыкул 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). А таксама 363 артыкул (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і 342 артыкул (арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак).

Самае жорсткае пакараньне, якое вынес суд у мінулым годзе, – гэта 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму для Ўладзімера Гароха. Гэтая справа за беспарадкі, якія нібыта рыхтаваліся ў Наваградку і іншых раёнах Гарадзенскай вобласьці. Уладзімер Гарох прызнаны палітвязьнем.

У іншых выпадках людзей каралі пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў. Найбольш прысудаў было ў Менску (40), Гарадзенскай і Гомельскай абласьцях (па 13).

Падзяліцца