пят, 7.05.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Андрэй Юркоў: "Нарывацца я б нікому ня раіў, але і стаяць убаку ніводзін сумленны чалавек ня здолее"

20.01.2021 – 11:18 | 1216

Пасьля чарговых 15 дзён адміністрацыйнага арышту ў Горках зь мясцовага ізалятару выпусьцілі актывіста руху "За свабоду" Андрэя Юркова. Ён кажа, што агулам за час пратэстаў правёў у няволі 77 сутак. Піша Радыё Свабода.

Першае, што зрабіў актывіст, вярнуўшыся ў родны Дрыбін, – адзначыў Вадохрышча акунаньнем у палонку мясцовага возера.

На "суткі" за сьцяг і шалік

Затрымалі Андрэя Юркова 31 сьнежня за вывешаны на бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Дрыбінскі суд прысудзіў яму спачатку пяць дзён арышту. А па вызваленьні дадаў новыя пятнаццаць за відэа, на якім актывіст прагульваецца на лыжах у бела-чырвоным шаліку з надпісам "Беларусь".

"Гэта быў звычайны шалік, зь якім гадоў дваццаць ходзяць на футбол заўзятары, – кажа актывіст. – Я яго і набыў на менскім стадыёне „Дынама“. Насіў і раней, прэтэнзіяў не было".

Юркоў прызнаецца: рэгулярныя затрыманьні для яго самога загадка. Ён ня можа зразумець, чым так расьцьвяліў мясцовую ўладу. Адзінае тлумачэньне, якое знаходзіць: "Службоўцам трэба паказваць вышэйшаму начальству з Магілёва, як яны змагаюцца з пратэставымі настроямі ў раёне".

Навагодзьдзе з кіпнем і мандарынамі

Адбываў пакараньне Юркоў у суседніх Горках, бо ў Дрыбіне ІЧУ закрылі. 2021 год сустракаў у самоце, згадваючы радкі зь песьні Зьмітра Вайцюшкевіча: "Першы раз за ўсё жыцьцё новы год у адзіноце". Ахоўнікі на ягоную просьбу далі пасьля 23-й гадзіны кіпню, і ён запарыў сабе гарбаты. Да яе былі перададзеныя сястрой мандарыны. Пра надыход 2021 году даведаўся, як пачалі бухаць на волі салюты.

"Гэтую цяжкую ношу перакладаць нікому не выпадае, – адказвае актывіст на пытаньне пра чаканьні ў новым годзе. – Час выбраў нас. Нарывацца я б нікому ня раіў, але і стаяць убаку ніводзін сумленны чалавек ня здолее ў такой, як у нас, сытуацыі".

У халоднай камэры з новым пакаленьнем апазыцыянэраў

У новым годзе яму кампанію ў камэры складалі ня толькі бытавыя хуліганы, п’яніцы ды сямейныя дэбашыры, але і землякі, асуджаныя за тое самае, што і ён. Траіх жыхароў Дрыбіна затрымалі за тое, што яны сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам у мясцовым парку. Дваім далі па 15, а аднаму 7 дзён арышту.

"Гэта новыя апазыцыянэры, таму даводзілася іх адукоўваць", – з усьмешкай адзначае нявольнік са стажам.

Ён кажа, што ў камэры было холадна – ад сьцюжы на дварэ сьцены хутка настылі. Гарачыя батарэі не ратавалі. Каб сагрэцца, сядзельцы займаліся фізкультурай, падымаліся дзеля гэтага нават ноччу.

Уразіла, як цяжка выходзілі з запою сукамэрнікі

З тых, каго кінулі ў ізалятар за бытавыя правіны, Андрэю Юркову запомніўся 69-гадовы мужчына, якога за сварку "здала міліцыі тайком жонка". Па словах актывіста, пэнсіянэр шмат год адпрацаваў у мясцовым ПМК мастаком-аздабляльнікам.

Большая ж частка нявольнікаў трапіла ў ізалятар праз злоўжываньне алькаголем. Актывіст кажа, што многім з "нармальных людзей" гэты пласт грамадзтва незнаёмы, бо ў жыцьці рэдка зь ім перакрыжоўваюцца.

Актывіста ўразіла, як цяжка ягоныя сукамэрнікі выходзілі з запою. Некаторыя біліся галовамі ў дзьверы, і выводзілі іх "з шаленства" мэдыкі.

Мінулую ноч Андрэй Юркоў правёў у адной камэры з маладым мужчынам, які нападпітку буяніў, а потым супакоіўся. У яго маладая жонка, сыну пяць месяцаў. Выжываць дапамагаюць бацькі.

"А што яму яшчэ рабіць у Горках? – пытаецца актывіст. – Працы тут няма. У Расею цяпер ня выедзеш. Таму народ шалее. Каб была праца і годны заробак, то людзі б не сьпіваліся, бо былі б занятыя. А так тупік".

Радыё Свабода

Падзяліцца