аўт, 18.01.2022
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"Цярпі, нагу табе адсяку – будзем пенсію атрымліваць". Жудасныя падрабязнасці смерці на Магілёўшчыне

18.01.2021 – 12:52 | 1602

5 студзеня ў вёсцы ў Магілёўскай вобласці знайшлі цела 58-гадовага мясцовага жыхара. Яго брат паведаміў следчым, што той нібыта сам нанёс сабе траўмы, калі сек дровы. Але сведка распавёў, што ўсё было зусім не так. Двое братоў жылі ў адным доме. Жонак не мелі, іншыя сваякі раз'ехаліся. Старэйшы працаваў скотнікам, але некалькі месяцаў таму яго звольнілі – па словах мясцовых, ён проста перастаў прыходзіць на працу. Піша "Наша ніва".

Малодшы, 56-гадовы, былы афганец, таксама нідзе не працаваў. Жылі падпрацоўкамі: пасвілі жывёлу, секлі дровы суседзям, дапамагалі капаць бульбу.

"Выпівалі, канечне. Часам сварыліся, але нейкіх сур’ёзных канфліктаў, здаецца, паміж імі ніколі не было", – расказваюць у вёсцы.

Перад Новым годам прыехала іх пляменніца са сваім мужам. Жанчына жыла ў Расіі, але набыла дом у роднай вёсцы, яго выкарыстоўвалі як лецішча.

У гэты раз пара прыехала ў Беларусь сустракаць Новы год. У першыя дні студзеня яны вярнуліся ў Расію. А літаральна праз пару дзён малодшы брат знайшоў у сваім доме труп старэйшага, які, кажуць, ляжаў проста ў ложку.

Міліцыя прыехала. На трупе знайшлі цялесныя пашкоджанні.

У вёсцы расказваюць, што нібыта спачатку малодшы брат хацеў абвінаваціць мужа сваёй пляменніцы, які на той момант быў ужо ў Маскве. 

Але ж з ім звязаўся адзін з суседзяў. Той расказаў, што здарылася, і нават перадаў міліцыі відэа са свайго мабільнага. 

"Наша Ніва" таксама пагаварыла з мужам пляменніцы загінулага.

"Браты вялі антысацыяльны лад жыцця, пілі, нідзе не працавалі. Грошай не мелі, жыць не было за што. І адзін з братоў вырашыў адсекчы другому нагу. Каб адзін атрымліваў пенсію па інваліднасці, а другі – грошы за апякунства і дагляд інваліда, – кажа муж пляменніцы. – Усё здарылася 30 снежня. Я прыйшоў да гэтых братоў, прывёз ім прадукты з Масквы. Сам я не п'ю, зусім. Мы пасядзелі, яны выпілі і пачалі высвятляць адносіны паміж сабою. Малодшы брат узяў сякеру і вырашыў адсекчы свайму брату нагу. Той супраціўляўся, крычаў: не трэба, не бі! Малодшы казаў: цярпі, адсяку – будзем пенсію атрымліваць! 

Я спачатку выйшаў на вуліцу, але пасля вярнуўся. Малодшы ужо пачаў біць сякерай старэйшага – я яго спыніў. Прапанаваў выклікаць хуткую, але адказ быў: мы самі разбяромся.

Гэты малодшы брат мае пяць, здаецца, судзімасцяў, палову жыцця правёў за кратамі. Ён мне прыгразіў: выклічаш каго – я табе хату спалю ўначы, а ўсё гэта на цябе звалю. Ну я спужаўся трохі, сышоў, нікуды і нікому не званіў. 

31 снежня мы былі ў суседзяў, сустракалі Новы год. Пасля я заходзіў да гэтых братоў, здаецца, у суботу, 2 студзеня. Старэйшы быў жывы, казаў, што нага баліць і што нібыта збіраецца ў панядзелак у бальніцу.

У панядзелак, 4 студзеня, я з'ехаў у Маскву. А на наступны дзень стала вядома, што той старэйшы памёр".

Муж пляменніцы загінулага кажа, што частку канфлікту паміж братамі паспеў зняць на відэа, запіс ужо перадаў беларускай міліцыі.

"Зняў літаральна пяць секунд – ужо аддаў следчым. Я даў усе тлумачэнні, застаюся на сувязі з міліцыяй. Калі будзе патрэбна, то мяне дапытаюць тут, у Маскве, ці я гатовы прыехаць у Беларусь".

Пасля смерці старэйшага брата завялі крымінальную справу. Малодшы – падазраваны, знаходзіцца пад вартай. Яго ўжо прывозілі на следчы эксперымент.

Улад Швядовіч