Дацэнт канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага "Каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", выступіў з прапановай – замацаваць у Канстутыцыі яшчэ адзін дзяржаўны сімвал. Піша "Наша Ніва".
"Цяперашняя Канстытуцыя Беларусі, як і канстытуцыі пераважнай большасці дзяржаў, прадугледжвае тры дзяржаўныя сімвалы: сцяг, герб і гімн. Аднак некаторыя краіны маюць яшчэ і іншыя дзяржаўныя сімвалы.
У Францыі няма герба, затое яе Канстытуцыя замацоўвае разам са сцягам і гімнам: дэвіз Рэспублікі – "Свабода, Роўнасць, Братэрства". Гэты сусветна вядомы дэвіз бярэ свой пачатак ад Вялікай французскай рэвалюцыі XVIII ст.; прынцып Рэспублікі – праўленне народа, паводле волі народа і для народа.
Сімваламі Бразіліі, адпаведна яе Канстытуцыі, з’яўляюцца сцяг, герб, гімн і пячатка.
Ёсць словы, якія маглі б стацца дзяржаўным сімвалам Беларусі. Іх ведае кожны наш суайчыннік, і замены ім няма: "Жыве Беларусь!". Гэты выраз набыў другое дыханне ў сённяшняй краіне, бо з’яўляецца адным з сімвалаў масавых выступленняў беларусаў", – тлумачыць Іван Пляхімовіч.
"Дэвіз дзяржавы варта ўключыць таксама ў канстытуцыйны тэкст прысягі прэзідэнта, якую ён будзе прыносіць падчас заступлення на пасаду. Афіцыйнае прызнанне дэвізу дзяржавы садзейнічала б развіццю і адзінству беларускай нацыі, умацаванню яе духу, паказвала б усяму свету нашую адметнасць, – перакананы юрыст. –
Словам "Жыве Беларусь!" ужо больш за 100 гадоў, а іх аўтарства належыць Янку Купалу. У 1905-1907 гг. ён напісаў верш "Гэта крык, што жыве Беларусь", які сканчваецца такімі радкамі:
А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!"