чцв, 22.04.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Андрэя Юркова пакаралі чарговымі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту

05.01.2021 – 16:12 | 868

Суд Дрыбінскага раёна 4 студзеня 2021 года пакараў мясцовага грамадскага актывіста Андрэя Юркова 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Да гэтага са жніўня мінулага года Юркоў ужо адседзеў 62 сутак адміністрацыйнага арышту – паведамляе 6tv.by.

Дрыбінскія і горацкія актывісты не ведаюць, за што канкрэтна атрымаў свае чарговыя суткі Юркоў на гэты раз, бо не прысутнічалі на судзе. Не атрымалася патрапіць туды і сваякам Андрэя. У зал суда Юркова даставілі прама з ізалятара, дзе ён адбываў папярэдняе пакаранне ў пяць сутак адміністрацыйнага арышту, таксама накладзенае судом Дрыбінскага раёна.

Сябры Юркова зараз мяркуюць, што падставай для чарговага арышту 4 студзеня зараз стала відэа, якое напярэдадні новага года актывіст выклаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. На відэа актывіст на лыжах у бел-чырвона-белым шаліку выказвае ўпэўненасць у немінучай перамозе. Раней горацкія сябры Юркова схіляліся да думкі, што менавіта за гэта відэа Андрэй быў перад новым годам пакараны пяццю суткамі арышту. У любым выпадку, даведацца пра сапраўдныя прычыны затрыманняў можна будзе толькі пасля вызвалення актывіста.

Нагадаем, што пасля ўдзелу ў мірных акцыях Андрэя Юркова ў лістападзе 2020 года звольнілі з працы ў вучгасе БДСГА.

Андрэй Юркоў – вядомы ў Горках, Дрыбіне і Мсціславе грамадскі актывіст. Ён неаднаразова удзельнічаў у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню. На парламенцкіх выбарах 2019 года, згодна дадзеных ЦВК, за Юркова прагаласавала 7,21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.

Іван Барысаў

Падзяліцца