"Мы былі на "плошчы Перамен" [у Мінску], а пасьля вырашылі пайсьці ў "Гіпа" ў прыбіральню і пагрэцца. Там хвілін 15 ужо стаялі ў чарзе, калі пачулі гукі сьвятлашумавых гранат на вуліцы, – распавёў Свабодзе Андрэй Еўдакімаў з Горак. – Я выйшаў, і там ужо было мора сілавікоў у чорным. Людзі стаялі каля крамы і грукалі па мэталічнай паверхні. Калі сілавікі пабеглі ў бок гіпэрмаркета, людзі запанікавалі, сталі забягаць у краму. І я таксама зайшоў". Далей, кажа хлопец, ужо адбывалася тое, што відаць на відэа.
"Заляцеў спачатку адзін у чорным, як ашалелы, пачаў біць і круціць хлопца. А пасьля забеглі яшчэ чалавек шэсьць, наляцелі на мяне, на мужчыну побач, – згадвае хлопец.
– Пачалася нейкая сеча, у якой не разумеў нічога, я хапаў мужчыну за руку, каб быць разам, чапляўся за мэталічную агароджу, а яны працягвалі дручкамі біць мяне і людзей побач. Мяне схапілі за каўнер, і я ўжо недзе ўнутры адчуваў, быццам хана будзе, быццам мяне ўжо амаль нясуць у пекла.
Але я трымаўся да апошняга, людзі дапамагалі, жанчыны, здаецца, крычалі "Ня біце, спыніцеся". Пасьля памятаю, што я на падлозе, мяне адзін з нападнікаў цягне за нагу, я чапляюся за ногі людзей, за што трапляецца".
Хлопцу пашанцавала – сілавікі пайшлі з крамы, не затрымаўшы яго. Але на галаве засталіся раны. Яму на дапамогу прыйшлі мэдыкі, якія апынуліся побач, – прынесьлі бінты, прамылі параненую галаву.
Хлопец зьвярнуўся ў шпіталь. Кажа, што давялося доўга сядзець у чарзе. Яму наклалі 3 швы і паставілі дыягназ ЧМТ. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся.
Яшчэ кажа, што ў яго моцна баліць нага – "уся сіняя, і хадзіць цяжка".
Пазней стала вядома, што Андрэй пакінуў Беларусь
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў ініцыятар дапамогі пацярпелым беларусам Андрэй Стрыжак. Ён напісаў, што Андрэй Еўдакімаў – музыка, кампазытар, саўнд-дызайнэр, удзельнік многіх музычных і тэатральных праектаў ("Диафильм live", "HomoCosmos", "ТОК Театр" і інш.). Удзельнік пратэснага руху супраць несправядлівасці, гвалту і забойстваў, падтрымліваў дваровыя ініцыятывы ў Мінску канцэртамі, цяпер ён знаходзіцца за мяжой.