Трэнер па трыятлоне Аляксей Адамовіч звычайна перасоўваецца па горадзе на веласіпедзе. У нядзелю ён вяртаўся са спаборніцтваў дадому, ехаў звычайным маршрутам, калі яго затрымалі. Здарылася гэта ў 12:20 ў Мінску, у раёне вуліц Рафіева і Алібегава ў Мінску. Падрабязнасці распавядае "Наша ніва".
"Лёша стаяў на пешаходным пераходзе, побач было некалькі чалавек. Загарэлася зялёнае – муж павінен быў ехаць. Але яго рэзка падрэзаў бус. Адтуль выбеглі людзі ў чорным і забралі яго разам з веласіпедам", – расказвае жонка Карына пра абставіны, якія ведае ад сведак і свайго мужа. У гэты дзень яна чакала Аляксея дома з двума маленькімі дзецьмі.
Мужчыну даставілі ў Маскоўскае РУУС, адтуль – на Акрэсціна. Карына паехала пад сцены ізалятара і з боем змагла перадаць мужу цёплыя рэчы і абутак – ён быў у велаформе і спецыяльных туфлях.
Суд адбыўся ў панядзелак пасля абеду. У пратаколе запісалі, што Аляксей стаяў на бардзюры разам з веласіпедам, крычаў "Жыве Беларусь" і "Сыходзь".
"Сведкам быў Іваноў Іван Іванавіч. Па дакументах, 1995 года нараджэння. Мы з сябрамі смяяліся з гэтага, бо выглядаў ён гадоў на 40 мінімум. Нас шмат прыйшло на суд, каб падтрымаць Лёшу, і сведка вельмі нерваваўся – пальцы хадзілі ходырам, ён у пазногцях калупаўся", – згадвае Карына.
У справе былі нестыкоўкі па часе, карэктарам было выпраўлена месца затрымання. Але гэта не перашкодзіла судзе Таццяне Пірожнікавай даць трэнеру 10 сутак.
"У нядзелю мама Лёшы таксама брала ўдзел у спаборніцтвах, пасля іх прапаноўвала сыну застацца там, выпіць каву і разам адправіцца дадому, але ён адмовіўся. Бо ведаў, што мая ноч з дзецьмі прайшла дрэнна. Ён спяшаўся дадому быць татам", – дзеліцца жонка.