аўт, 26.01.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Спачатку яна пахавала мужа, пасля – дачку, цяпер чакае сына з калоніі. Гутарка з маці асуджанага жыхара Горак за надпіс на прыпынку

17.12.2020 – 07:45 | 2343

Празмерна жорсткія прысуды за надпісы-крыкі душы беларусаў – гэта адна з шакуючых рысаў працы машыны рэпрэсій-2020. Сярод тых, хто апынуўся ў яе пастцы – 27-гадовы Стэфан Лазовік з Горак. Хлопцу прысудзілі год калоніі за надпіс на прыпынку чырвонай фарбай: "Он проиграл и стал убивать. С**т уходи!" Цяпер Стэфан знаходзіцца ў магілёўскай турме. "Наша Ніва" звязалася з яго маці Валянцінай, каб яна расказала пра сям’ю падрабязней.

Нагадаем храналогію падзей у справе Стэфана. Надпіс на прыпынку з’явіўся ў Горках 12 жніўня. Першапачаткова Горацкі РАУС кваліфікаваў гэта як адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Аднак па ініцыятыве пракуратуры праз месяц справа рэзка стала крымінальнай: Стэфан стаў падазраваным па 341-м артыкуле (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці). Паралельна з гэтым яму выпісвалі штрафы за ўдзел у мірных пратэсных акцыях, што праходзілі ў Горках. У доме хлопца правялі ператрус, яму прапаноўвалі асудзіць пратэсты на відэа. Ад гэтай прапановы ён адмовіўся. У выніку 26 лістапада над ім адбыўся суд: суддзя Віктар Ясковіч прысудзіў Стэфану год калоніі, прызнаўшы вінаватым у "злосным хуліганстве".

Для Валянціны хай і часовая, але страта сына – гэта сапраўдная трагедыя. Ëн уже некалькі год быў асноўным яе памочнікам і гаспадаром у доме.

– Мой муж, былы выкладчык БДСГА, памёр у 2017 годзе праз анкалогію. І Стэфан усе праблемы сям’і, побытавыя рэчы адразу тады ўзяў на сябе.

Узяў на сябе Стэфан і цяжкае пахаванне, расследаванне па справе забойства сваёй малодшай сястры: яе не стала ў 2019 годзе. Марыя толькі скончыла ў Мінску першы курс, планавала быць мастаком. Забойцу прысудзілі 22 гады зняволення.

Пасля двух перажытых пахаванняў Валянціна і Стэфан засталіся адзін для аднаго самымі блізкімі людзьмі.

Жанчына расказвае пра сына з асаблівай цеплынёй. Вучыўся ён у 4-й горацкай школе, заўсёды вельмі цікавіўся гісторыяй. Нейкі час супрацоўнічаў з мясцовым недзяржаўным выданнем "УзГорак". Пасля сканчэння школы паехаў на заробкі ў Маскву, дзе працаваў у сферы гандлю. Вярнуўшыся, паступіў у БДСГА на сельскае будаўніцтва. Пазней зарэгістраваўся ў якасці рамесніка.

– Ëн робіць самыя розныя рэчы з дрэва. У тым ліку рэстаўрацыяй займаўся. У нас уласны дом, дык сын з памяшкання побач з гаражом уладкаваў сабе майстэрню. Пакуль у распараджэнні ў яго быў мінімальны набор – фрэза, піла… Але ён марыў зарабіць грошай і купіць больш інструментаў. Яму сапраўды падабалася працаваць з дрэвам, ён планаваў у гэтым кірунку развівацца. 

Пасля выбараў у Горках, як і ў шмат якіх іншых гарадах Беларусі, праходзілі мірныя акцыі супраць фальсіфікацый і гвалту. Стэфан яшчэ напярэдадні выбараў пайшоў у незалежныя назіральнікі.

– Першы час нікога не затрымлівалі, яшчэ ў жніўні больш-менш спакойна было ў нас. Дык шмат людзей хадзіла на акцыі, цяпер менш, – кажа Валянціна.

Маці паспела атрымаць ад сына ўжо тры лісты. У іх Стэфан піша, што ўмовы ў камеры добрыя, рамонт свежы. Сярод сукамернікаў людзі розных прафесій і адукацыі, але ўсе падтрымліваюць адзін аднаго.

Валянціна да гэтага часу не верыць, што за нейкі надпіс маглі даць ажно год калоніі. Таму будзе рабіць усё, каб абскардзіць гэты прысуд з адвакатам.

– Я думала, што мы абыдземся штрафам, але каб пасадзілі… Складана, складана нават быць адной у доме. Вядома, я не ведала пра існаванне гэтага надпісу да абвінавачвання. Я не ўхваляю гэты крок сына, проста таму, што глабальна надпісам праблемы не вырашыш. Гэта ўсё на эмоцыях… Але Стэфана ні за што не асуджаю: гэта мой сын, і я буду яго ва ўсім падтрымліваць. Любая маці павінна падтрымліваць.

Валянціна кажа, што пры жаданні яны б даўно маглі з’ехаць з Беларусі ў Германію: Стэфана назвалі ў гонар нямецкага сябра таты – Штэфана. Яны былі гатовыя дапамагчы сям’і там уладкавацца.

– Але мы без лішняга пафасу – патрыёты сваёй краіны. Гэта наша сямейная рыса. Гэта не высокія словы, каму так можа падацца: мы сапраўды нават ніколі не думалі пра тое, каб кудысьці з’ехаць.

На волі Стэфана засталіся чакаць сябры і дзяўчына, якія таксама пішуць яму лісты. Тое можаце рабіць і вы, каб яго падтрымаць. Актуальны адрас на гэты момант:

вул. Крупскай, 99А, СТ-4, к. 43. г. Магілёў, 212011, Стэфану Лазовіку.

Кацярына Карпіцкая, nn.by

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца