нядз, 16.05.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

"У Новы год без дыктатуры!" Як прайшоў "Марш волі". Галоўнае

06.12.2020 – 20:30 | 608

У Менску сямнаццатую нядзелю запар прайшлі акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах сталіцы адбыліся дзясяткі "маршаў волі", у самых буйных зь іх удзельнічала да тысячы чалавек – паведамляе "Свабода".

Трэцюю нядзелю запар акцыі пратэсту праходзяць у лякальным фармаце. Менчукі зьбіраюцца ў дварах і далей ідуць калёнамі да вызначанага ў кожным мікрараёне пункту.

  • Дзень пачаўся з калён спэцтэхнікі ў розных раёнах Менску. Улады закрылі тры станцыі мэтро ў цэнтры гораду, прыкладна праз гадзіну іх адкрылі.
  • Карыстальнікі мелі праблемы з працай мэсэнджара Telegram. У розных раёнах Менску і іншых гарадах прынамсі на 15 хвілін зьнік мабільны і стацыянарны інтэрнэт.

Мяркуючы па відэа, шматлюдныя дэманстрацыі ў Менску адбыліся ў менскім Уруччы, Сухараве, Лошыцы, ля Камароўскага рынку, у Грушаўцы, на Старажоўцы, Партызанскім праспэкце і інш. Людзі скандавалі: "Далучайся!", "У Новы год без дыктатуры!", "Лукашэнку ў аўтазак!" і "Верым, можам, пераможам!"

Групы сілавікоў на мікрааўтобусах зьяўляліся ў месцах збору людзей, пачыналі разгоны і затрыманьні. У розных раёнах Менску разам зь сілавікамі заўважылі кінолягаў з сабакамі. Прэс-служба ўнутраных войскаў пракамэнтавала, што "сабака выступае як фактар стрыманьня для чалавека".

Менская міліцыя паведаміла, што падчас нядзельных пратэстаў затрымалі каля 300 чалавек. З Маскоўскага РУУС Менску трох затрыманых мужчын павезьлі пад канвоем машыны хуткай дапамогі.

Сярод затрыманых – 79-гадовая мянчанка Ларыса Соўсь, паэт і музыка Ўладзь Лянкевіч, актор Аляксей Сапрыкін, хірург Менскай абласной дзіцячай бальніцы Артур Ермаркевіч, намесьнік дэкана факультэта факультэта інфармацыйных камунікацый БДТУ Раман Азарчык. У Горадні на некалькі гадзін затрымлівалі журналістаў БелаПАН Марысю Харэвіч і Сяргея Людкевіча (выпусьцілі зь Ленінскага РАУС без пратаколаў).

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Берасьці, Горадні, Гомлі, Віцебску, іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

Прыхільнікі перамен цягам 113 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.

Фота ў анонсе – TUT.BY

Падзяліцца