пан, 6.12.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Выпускніца БДСГА стала лаўрэаткай расійскай літаратурнай прэміі

04.12.2020 – 17:18 | 793

Беларуская паэтка Таня Скарынкіна стала лаўрэаткай расійскай прэміі Андрэя Белага. Яе ўручаюць з 1978 года. Літаратарка адзначана за сваю кнігу "И все побросали ножи", якая выйшла ў 2020-ым у маскоўскім выдавецтве "Книжное обозрение". Да гэтага яе кнігу "Шмат Чэслава Мілаша і трошкі Элвіса Прэслі" апублікавалі ў Лондане па-англійску.

Скончыла БДСГА, жыла ў Партугаліі

Таццяна Уладзіміраўна нарадзілася 24 сакавіка 1969 года ў Смаргоні. Скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Працавала журналісткай, потым мастачкай-ілюстратаркай. Некалькі гадоў жыла ў партугальскім горадзе і марскім порце Фару. Літаратурны дэбют адбыўся ў 1980 годзе.

У 2014 годзе падчас прэзентацыі зборніка "Книга для чтения вне помещений и в помещениях" (2013) у сталічнай кнігарні "ЛогвінаЎ" Таццяна ўспамінала: "Самая першая публікацыя была ў газеце "Зорка". Гэта быў рыфмаваны верш пра Янку Купалу. Ніхто тады не ведаў, у што можа развіцца маё захапленне. Многія ў дзяцінстве, маладосці пішуць вершы, потым кідаюць гэтую справу і жывуць, "як усе". У мяне ж усё па-іншаму. Самая першая сур'ёзная публікацыя была ў часопісе "Першацвет", напэўна, у 1996 годзе".

Таксама друкавалася ў часопісах "Немига литературная", "Маладосць", "Arche", "Воздух" (Масква), "Крещатик" (Германія), "Лава" (Украіна), "Аналогон" (Чэхія), "Сибирские огни" (Расія) і ў многіх іншых.

У 2009-ым падборка яе вершаў з'явілася на сайце "Полутона", праз год на рускамоўных рэсурсах "Двоеточие" (Ізраіль) и "Крещатик" (Германія), а таксама на TextOnly, Лиterraтура, Литеросфера, Budzma, Рrajdzisvet. Poets.by litkarta.ru netslova.ru ды інш.

Першая яе паэтычная "Книга для чтения вне помещений и в помещениях" выйшла ў 2013-ым у Мінску ў серыі "Пункт адліку" у бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Што пра яе творчасць кажуць крытыкі?

Літаратуразнаўца Ульяна Верына, аналізуючы вершы гэтага зборніка, адзначала: "Поэзия Тани Скарынкиной неровная, нарушающая законы слова и стиха, насыщенная предметными деталями и сложными ассоциациями, в самом сталкивании артистического и обыденного создает новое поэтическое дыхание: понятное и трудное, целиком погруженное в прошлое и заставляющее качественно иначе переживать настоящий момент чтения "вне помещений и в помещениях".

Праз год, у 2014-ым, убачыла свет яе другая кніга "Португальские трехстишия" (Нью-Йорк, "Айлурос").

Паэт Дзмітры Строцаў, разглядаючы яе творчасць, адзначаў: "Дзіўна тое, што паэтыка Тані, з аднаго боку, неверагодна авангардная, складаная, высокаінтэлектуальная. З іншага боку – абсалютна народная… Гульнёвы пачатак, самаіронія, поўная фармальная свабода...!"

Скарынкіна піша не толькі вершы. Зборнік яе эсэ "Шмат Чэслава Мілаша і трошкі Элвіса Прэслі" быў надрукаваны ў Лондане, дзякуючы перакладчыку на англійскую мову Джыму Дзінглі ў 2016 годзе.

Нягледзячы на сваю экзатычнаю назву, гэты зборнік распавядае пра будні беларускага райцэнтра, пра людзей, якія там жывуць, пра падзеі, радасныя, сумныя, смешныя, часам фантасмагарычныя. Яны пра малую радзіму, дзе Таня Скарынкіна пражыла амаль усё сваё жыццё.

Цікава, што гэта кніга патрапіла ў шорт-ліст прэстыжнай прэміі Ежы Гедройца, польскага публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыжскага грамадска-палітычнага часопіса "Kultura". А ў 2017 годзе – у шорт-ліст расійскай Грыгор'еўскай прэміі.

Дарэчы, у кнігах Тані Скарынкінай і вокладкі, і ілюстрацыі створаныя ёй самой.

"Паэт – гэта хвароба"

У апошнія гады Скарынкіна піша пераважна па-руску, а яе тэксты набываюць вядомасць не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі.

Кажучы пра сваю творчасць, Таццяна адзначала: "Некаторыя вершы пішуцца вельмі проста – як па масле. Асабліва гэта тычыцца гісторый. А над некаторымі творамі вельмі доўга працую. Мне часам кажуць працаваць над прозай. Але калі саджуся пісаць апавяданне, то ўсё роўна атрымліваецца верш. Паэт – гэта хвароба".

Вершы Скарынкінай перакладалі на іўрыт, польскую, чэшскую, італьянскую і англійскую мовы. Таццяна – сябар Беларускага ПЭН-цэнтра.

Прэзентацыі яе кніг праходзілі ў Мінску і Маскве.

Паэтка прызналася аднойчы: "Я асабліва не маю патрэбу ў літаратурным асяроддзі, таму што, мне здаецца, пісаць трэба ўнутры сябе. Не мітусіцца, не распыляцца. Паэт – адзіночка па вялікім рахунку".

Будзем чакаць яе новых твораў.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца