пан, 25.01.2021
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ

01.12.2020 – 18:43 | 952

"Пагоні" больш за 700 гадоў. А бел-чырвона-белы сцяг узнік на яе аснове. Піша "Наша ніва".

Герб "Пагоня" – ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі – вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці. У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII стагоддзя.

"Віцень нача княжыці над Літвою ізмыслі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцэр збройны на кане з мячэм, ежэ ныне нарычут Пагоня", – піша Густынаўскі летапіс.

Чаму "Пагоня"? Так называўся высакародны звычай, пашыраны ў нашых землях.

У выпадку раптоўнага нападу ворагаў – вось наляцелі чужынцы, схапілі каштоўныя рэчы і дзяцей у палон – усе мужчыны, якія маглі трымаць зброю, сядалі на коней і пераследавалі захопнікаў, каб вызваліць забраных суайчыннікаў.

У часы вялікага князя Ягайлы (XIV ст.) на шчыце "Пагоні" з'явіўся шасціканцовы крыж – знак венгерскіх каралёў. Адбылося гэта пасля таго, як вялікі князь ажаніўся з Ядзвігай, польскай каралеўнай венгерскага паходжання. Знак той нагадваў здаўна вядомы нашым продкам Ярылаў крыж – сімвал бога сонца і ўрадлівасці.

Царква надала "Пагоні" іншую сімволіку: святары былі схільны лічыць яе выявай святога Юр'я, нябеснага апекуна Беларусі.

Выявай "Пагоні" ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі "Літоўскай Метрыкі" і "Статутаў".

"Пагоня" была на сцягах беларуска­-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў – ад Грунвальда да Оршы. Пасля Люблінскай уніі "Пагоня" нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу.

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, "Пагоня" засталася гербам беларускіх губерняў. Яна трапіла на значкі расійскіх войскаў, размешчаных у Беларусі (напрыклад, Гродзенскага гусарскага), і нават на герб Расійскай імперыі.

Пячатку з "Пагоняй" меў і Кастусь Каліноўскі – кіраўнік паўстання 1863 года.

У пачатку ХХ стагоддзя класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму гербу пранікнёны патрыятычны верш:

Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Новы канон "Пагоні"

У 1918-м "Пагоня" стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі – першай незалежнай беларускай дзяржавы новага часу.

Калі ў канцы 1980-х разгарнулася барацьба за незалежнасць Беларусі, "Пагоня" з'явілася каля лагатыпаў падпольных улётак і першых незалежных газет. Харугвы з ёй неслі на чале шэсцяў. З'явіліся новыя карціны па яе матывах і песні пра яе.

З аднаўленнем незалежнасці ў 1991-м "Пагоня" зноў набыла дзяржаўны статус.

Выдатныя мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі і Леў Талбузін выпрацавалі для яе новы канон. Яны надалі шасціканцоваму крыжу на шчыце выгляд крыжа Еўфрасінні Полацкай, святой заступніцы Беларусі.

На "Пагоні" прысягала беларускае войска. Яна ўпрыгожвала тэкст канстытуцыі і трыбуну, на якой прысягаў прэзідэнт.

Рэферэндум

Аднак у 1995-м у атмасферы застрашвання быў абвешчаны "рэферэндум". Сярод пытанняў былі змена дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенне рускай мовы ў якасці дзяржаўнай.

Каб матываваць гэтую змену, прапаганда карысталася беспардоннымі фальсіфікацыямі. Рэжысёр Юрый Азаронак (цяпер ягоны сын працуе на СТВ) зняў фільм "Дзеці хлусні", у якім даводзіў, што "Пагоня" і бел­-чырвона-­белы сцяг… фашысцкія, на той падставе, што беларусы іх выкарыстоўвалі ў часы нямецкай акупацыі. Пра тое, што "Пагоня" стагоддзямі існавала перад той вайной, фільм змоўчваў.

Як і тое, што пад акупацыяй свае нацыянальныя сцягі вымушана выкарыстоўвалі ўсе: ад французаў да арміі Уласава. Якое супадзенне: Беларусь адзіная адраклася нацыянальнай сімволікі і ператварылася ў самую бедную краіну Паўночнай Еўропы, з самымі нізкімі заробкамі. Зрэшты, па заробках беларусаў пачынаюць абганяць нават краіны Балкан, напрыклад, Румынія і Балгарыя ўжо апярэдзілі.

Адказ прапагандыстам, якія спрабуюць называць "Пагоню" і БЧБ калабаранцкімі сімваламі, добра ў свой час сфармуляваў Васіль Быкаў: "Калі Гітлер насіў штаны, то нам без штаноў хадзіць?"

Немцы, шведы, украінцы, літоўцы – усе трымаюцца сваёй нацыянальнай сімволікі і будуюць нацыянальныя дзяржавы.

Гістарычнае значэнне "Пагоні" такое, што сцерці яе з памяці не ўдалося. Як і бел­-чырвона­-белы сцяг.

Бел-чырвона­-белы сцяг

"Пагоня" сягае каранямі ў сівую даўніну, а вось нацыянальны сцяг быў кадыфікаваны адносна нядаўна. Беларусы здаўна шанавалі спалучэнне белага і чырвонага колераў. На карціне XVI ст. "Бітва пад Оршай" пікі ваяроў ВКЛ упрыгожваюць сцяжкі з выявай чырвонага крыжа на белым полі – крыжа святога Юр'я.

Чаргаванне белых і чырвоных палосаў можна бачыць і на сцягах каралёў Рэчы Паспалітай. У хрысціянскай сімволіцы чырвоны пас (або крыж) на белым полі сімвалізаваў кроў Хрыста.

Аднак бел­-чырвона­-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад "Пагоні", мае канкрэтнага аўтара. Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Да яго, маладога архiтэктара, студэнта Пецярбурскага горнага iнстытута і актыўнага грамадскага дзеяча, з просьбай зрабіць эскіз нацыянальнага сцяга звярнуліся беларускiя арганiзацыi Пецярбурга.

"Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сцягам белую Пагоню на чырвоным полі", – пісаў ва ўспамінах Дуж-Душэўскі. Рух за незалежнасць хацеў стварыць сабе сцяг больш адрозны ад герба, як было ў іншых, дзяржаўных народаў".

Усім да душы

Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства). А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята – нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона­-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона­-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх. Дзякуючы франтавікам, БЧБ і замацаваўся.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з'езда, які мусіў вырашыць будучыню краіны пасля вайны, бел­-чырвона­-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён усім адразу прыйшоўся да душы: светлы, зыркі і непаўторны. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

За саветамі ж сцяг быў забаронены. За яго выяву можна было страціць працу, а то і жыццё. Тады ж чырвоны пас на сцягу набыў новы сэнс – кроў патрыётаў, пралітая за Айчыну. 

Бел-чырвона-белыя сцягі ўздымаліся над калонамі людзей, якія ішлі ў Курапаты на Дзяды 1988-га – у дзень першай масавай акцыі за незалежнасць. Нацыянальны штандар быў дзяржаўным у 1991-1995, на ім прысягала войска, пад ім прымаліся законы і абіраўся першы прэзідэнт краіны.

Парадаксальна, але ўлады таксама патроху пачыналі разумець, што гісторыю не сатрэш. "Пагоня" вярнулася на герб Віцебскай вобласці. Для яе знайшлі і афіцыйнае вызначэнне – "гістарычны сімвал Беларусі".

Сцяг жа застаецца "незарэгістраванай сімволікай". 25 год некаторыя палітыкі спрабавалі ўтаптаць яго ў бруд, здымаючы, рвучы на шматкі і загадваючы высцілаць нацыянальнай святыняй падлогі аўтазакаў.

Але падзеі 2020 года паказалі, якія сімвалы застаюцца мілыя сэрцу беларусаў, за пару тыдняў без усякага прымусу ўся краіна ўкрылася бел-чырвона-белымі сцягамі і знакамі.

Падзяліцца