"Нашай Ніве" стала вядомая гісторыя жыхара Баранавіч Дзмітрыя Лянько, якога затрымалі ў сваім горадзе 10 жніўня.
Ён прайшоў праз пабоі ў СІЗА, хлуслівы пратакол, пяціхвілінны суд, але здолеў даказаць, што пратакол на яго сфабрыкавалі. У выніку міліцыянер прызнаўся, што пісаў яго не сам.
Вось што расказвае Дзмітрый.
"10 жніўня я сядзеў у машыне з таварышам і ягонай жонкай у ціхім завулку блізка да цэнтра горада. Было каля 20-й гадзіны, у прынцыпе, нічога не адбывалася. Але тут прыехаў аўтобус з "касманаўтамі", яны адтуль выбеглі і пачалі хапаць нейкіх адвольных людзей. Мы ўключылі камеру, бо сітуацыя для нас незвычайная, пачалі ад'язджаць, як тут яны крыкнулі: "Хапай іх". Да нашай машыны падскочылі людзі ў масках, адкрылі дзверы, нас затрымалі і павезлі ў СІЗА.
Там нас збівалі, там жа і судзілі – прыехала на трэція суткі суддзя Кацярына Груда і дала 7 сутак. Падставай стаў пратакол, дзе напісана, што я кідаўся на міліцыю, крычаў і гэтак далей. Але гэта ўсё няпраўда – у мяне было відэа, дзе ўсё разборліва відаць.
Вядома, дастаць гэтае відэа і падрыхтавацца да суда мне не далі.
Потым з СІЗА выпусцілі – хачу падкрэсліць – такім дзіўным чынам: перад выхадам усіх распраналі і прасілі "круціцца". Тых, што без пабояў, выпускалі праз галоўны выхад, бо там дзяжурылі валанцёры і здымалі пабоі. А другіх, з пабоямі, садзілі ў аўтазак і выкідвалі каго дзе, возячы па горадзе і прыгарадзе. Каб, на іх думку, было цяжэй даказаць, дзе атрыманы пабоі.
Словам, калі я выйшаў, то вырашыў гэта не пакідаць, а паехаў з апеляцыяй у Брэст. Там першае рашэнне суда адмянілі, убачыўшы відэа з абставінамі затрымання, якое супярэчыць усяму, што напісана ў пратаколе.
Гэтае відэа далучылі да справы, быў пераразгляд з іншым суддзёй у Баранавічах, выступаў той самы лейтэнант Папчэня, які нібыта мяне затрымліваў.
Суддзя Аксана Копач праглядзела відэа. Папчэня знайшоў у сабе мужнасць прызнацца, што ўсё было не так.
Быў прыкладна такі дыялог, суд пытаўся:
– Вы гэтага чалавека ведаеце?
– Я яго ўбачыў у СІЗА.
– Дык гэта вы затрымлівалі? Ваш подпіс стаіць.
– Я напісаў пратакол са словаў невядомых супрацоўнікаў, якія былі ў СІЗА. Я не ведаю, хто яны, бо былі ў балаклавах, імёны назваць не магу.
Канечне, суддзя была ў шоку. Скончылася ўсё тым, што мяне прызналі невінаватым, бо віна не даказаная", – расказаў Дзмітрый.
Гэтае пасяджэнне адбылося 3 лістапада.
"Не сумняюся, што справядлівы суд чакае ўсіх", – так ён каментуе сваю гісторыю.
Арцём Гарбацэвіч, nashaniva.by
Глядзіце па тэме:
- "Не видел, чтобы его били". Брата Домрачевой признали виновным в участии в акции
- "Коллектив находится на очень тонкой грани". Коллеги – о враче, которого подозревают в разглашении медтайны
- Чемпион Беларуси по тайскому боксу отсидел 10 суток. Рассказывает, как это было – видео
- "Наша Ніва" зняла фільм пра забітага дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага